Выбрать главу

Я шчыра засмяяўся. Сарторык, як заўсёды, быў дасціпны...

4. Покліч незнаёмца

Адванаццатай гадзіне, удала выканаўшы паваротны манеўр, наш зоркалёт лёг на новы курс. Пасля адбою трывогі ўсе ўдзельнікі нашай навуковай экспедыцыі, за выключэннем Сарторыка, які застаўся ў вахтавай рубцы назіраць за навігацыйнымі прыборамі, сабраліся ў кают-кампаніі. Часу мы мелі не вельмі шмат — хутка наш карабель павінен быў дасягнуць Сакста. Таму трэба было тэрмінова выпрацаваць план вывучэння планеты. Спачатку мы ўважліва азнаёміліся з тымі дадзенымі аб планетнай сістэме «Аэрон», што ў нас меліся. Потым абмеркавалі пытанне пра магчымага аўтара радыеімпульсаў, якія былі зафіксаваны навуковай станцыяй.

Трэба сказаць, вось цяпер, вяртаючыся ў думкахда таго першага нашага разгляду задання, я зноў і зноў пытаюся ў сябе — ці маглі мы тады западозрыць нешта нядобрае ў ім? Але, на жаль, адказу не знаходжу. Бо мы былі занадта ўсхваляваныя і ўзрушаныя ў той момант. Ды і дадзеныя, якімі мы тады валодалі... Не, па іх цяжка было нешта западозрыць. Уласна, мяркуйце самі.

Радыекрыніца была адшукана «Аэронам-1» на спадарожніку галоўнай планеты — Саксце. Гэта была невялікая сферычная планета, якая ўступала Аэсце сваімі асноўнымі параметрамі — памерам і масай — амаль у восемдзесят разоў. Круцілася яна вакол сваёй зоркі па элептычнай арбіце і належала да разраду спакойных, гэта значыць, да касмічных целаў, на якіх не выяўлены якія-небудзь значныя прыродныя і атмасферныя анамаліі. Уласна, экспедыцыя «Аэрона-1» да гэтай планеты мела на мэце рэкагнасцыроўку. Аўтаматычныя спадарожнікі-парасоны, што былі выведзены на экватарыяльныя арбіты, зрабілі замер гравітацыйнага патэнцыялу і аналіз атмасферы планеты. Акрамя таго, была здзейснена фотаздымка паверхні, якая амаль цалкам складалася з цвёрдага покрыва. Ва ўсякім разе ні акіянаў, ні рэчак, ні якіх-небудзь іншых вадкіх утварэнняў на ёй не было знойдзена. Планета проста на дзіва была падобная да нашага суровага бязводнага Меркурыя — такога, якім ён з'яўляўся на працягу доўгага геалагічнага часу да яго штучнага ўпарадкавання.

Радыеімпульсы станцыя засякла пасля пасадкі на планету, калі бралі пробы грунту. Тут, відаць, трэба прывесці тэксты пасланняў што дасылаў «Аэрон-1» на Зямлю. Вось яны:

«Аэрон — Зямлі. Сеанс першы. Падляцеў да аб'екта. Прыступаю да абмеру ягонага гравітацыйнага патэнцыялу...

Аэрон Зямлі. Сеанс другі. Зрабіў фотаздымкі аб'екта. Характэрныя асаблівасці яго паверхні: а) цёмныя гладкія ўчасткі — 65 %; б) гарыстыя паясы — 21 %; в) зоны хаатычнага рэльефу — 10 %. Выявіў таксама светлую пляму, якая перыядычна змяняе сваю афарбоўку. Дыяметр — 5 км. Дасылаю зробленыя здымкі ў банк дадзеных...

Аэрон — Зямлі. Сеанс трэці. Ажыццявіў пасадку на аб'ект. Бяру пробы грунту...

Аэрон — Зямлі. Тэрміновы сеанс. Выявіў магутную крыніцу радыевыпраменьвання... Каардынаты — аб'ект Ц-15. Перадаю запіс яго імпульсаў...»

На жаль, дакладнае месцазнаходжанне радыекрыніцы станцыя вызначыць не здолела. Таму ўзнікалі дзве гіпотэзы пра яе магчымага гаспадара. Альбо ім з'яўляўся так званы залётны гастралёр — касмічны карабель адной з іншаземных цывілізацый. Ці ўсё ж на планеце існавала сваё жыццё, якое і падало нам свой голас. Гіпотэза пра касмічнага прышэльца ўсё ж здавалася нам больш верагоднай, паколькі яна не пярэчыла тым навуковым дадзеным, якія мы ўжо мелі аб планеце. Лёгка тлумачыла яна тую акалічнасць, чаму «Аэрон» не змог вызначыць дакладныя каардынаты радыекрыніцы на Саксце, бо тая проста знаходзілася ў руху.

Куды больш складана было адгадаць, што ўяўлялі сабою запісаныя станцыяй імпульсы. На вялікі жаль, расшыфраваць іх на Зямлі не здолелі. Можа, гэта быў проста сігнал «прыцягнення ўвагі», бо наўрад ці хто нешта паведаміў бы пра сябе першаму сустрэчнаму чужынцу. Але гэта магла быць і просьба аб дапамозе ці нейкая перасцярога...

Зыходзячы з гэтага, мы і склалі план дзеянняў. Гэтая праца забрала ў нас шмат часу. Потым мы перайшлі да разгляду дэталей пасадкі на планету. I паколькі мая дапамога тут была непатрэбная, я, каб неяк бавіць час, заняўся складаннем псіхалагічных партрэтаў маіх новых сяброў — гэта магло спатрэбіцца ў будучым. А яны атрымліваліся даволі цікавыя.