Выбрать главу

дыктаркі стомлены голас,

чэргі імкнуцца да крамаў,

гукі рынгтонаў і мату,

варта праходзіць ля брамы

у камуфляжных бушлатах,

дробненька сыплецца дожджык

па навакольных кварталах…

З вежы на мокрую плошчу

знічкаю ўпаў недапалак.

2009

Горад вёсак

Па завулках і бульварах

вецер скінуў долу лісце —

дагарае горад мараў,

дзе прайшло маё дзяцінства.

Паразвее вецер прысак

па закураных руінах,

і з пакінутых калысак

заўсміхаюцца ўспаміны —

гэтак цёпла і балюча,

неабачліва і шчыра.

І, падобныя да птушак,

зазбіраюцца у вырай.

А калі астыне восень,

палячу я з імі разам

і пакіну горад вёсак,

светлых сноў і добрых казак.

2010

Пінгвінам

Калі пінгвіны з выраю вяртаюцца,

скідаючы з паддашкаў ледзяшы,

па каляінах сноў на брукаванцы

праводзяць пальцам першыя дажджы,

каб пасля працы віцца дымам з комінаў,

нараніцу вяртаючыся зноў,

і падглядаць у прыцемках, як стомлена

міргаюць вочы сонныя дамоў.

2010

Завакзалле

Абмінаючы шэры дом, недарэчны, цяжкі, грувасткі,

сонца звесілася ліхтаром са званіцы пажарнай часткі

і спынілася на мяжы недарэчных каменных джунгляў,

дзе хацінкі, як міражы, прытуліліся ўздоўж чыгункі,

дзе ўспамінаў і мараў схоў, дзе маўклівая яблынь варта,

дзе адбіткі дзіцячых сноў, не нанесеныя на карту,

дзе ў калодзежах спяць вякі, не раздушаныя бетонам,

дзе завулкі і тупікі захавалі свае імёны,

дзе надзеі на лепшы збег не разбураныя дашчэнту,

дзе вяртаюцца да сябе дзеці горада без легендаў…

Дзень да вечара ціха мкне, сонца ў небе даўно паснула.

Вецер песні спявае мне між панішчаных часам вулак.

2010

гарадское

мы пахаваліся без навігатараў

безвынікова шукаць нас на картах

не варта там белыя плямы на тварах

не змыеш слязамі і непадпісаныя

вуліцы льюцца насустрач з экранаў

глядзяць віртуальныя вокны вачыма

іх зрэнкі напальвання колер фіранак

і белыя лініі промняў за імі

ужо немагчыма спыніць гэты момант

калі да свабоды ўсяго пару крокаў

але мы заўжды прачынаемся ўдома

няхай сабе позна і надта далёка

і нават аблокі паснулі па комінах

ціха навокал і ў гэтым спакоі

шэраму воку нічога новага

неба без колеру

гарадское

2011

Зубная карта горада

Малочныя гараджане ўсмоктваюць у кроў з малаком

бяссонне, якое цурком павольна цячэ па венах,

і не разагнаць іх ні Ігаравым, ні нейкім іншым палком —

нават палком міліцыі адмысловага прызначэння.

Карэнныя гараджане бароняць сваіх двароў

ад недапалкаў, варонаў і неўладкаваных парковак —

іх дзеці ніколі не ўведаюць, чаму ў іх бяссонная кроў,

з радзільні адразу трапляючы ў панэльны шматпавярховік.

І горад не спіць уночы — гуляе, пакуль малады,

міргаючы ў цемры гарэзліва ілюмінацыяй вуліцаў,

але ён таксама хоча, як іншыя гарады,

каб урэшце ў яго прарэзаліся свае гараджане мудрасці.

2010

Элвіс ідзе па праспекце

Ранак спявае над Менскам,

танчыць на вуліцах квецень,

горадам коціцца вестка —

Элвіс ідзе па праспекце.

Не па ТВ, не ў газеце —

баба адна расказала:

Элвіс ідзе па праспекце —

проста, куды ні папала.

Песня ліецца праз вокны,

словы кладуцца на вецер,

Элвіс смяецца ў натоўпе,

Элвіс ідзе па праспекце.

Маці ўсміхаецца дзецям,

муж усміхаецца жонцы,

Элвіс ідзе па праспекце

і пасміхаецца сонцу.

Хто павядзе мільёны?

Хто вынаходзіць тэтрыс?

Хто ганаровы донар?

Хто разлівае «Бэйліз»?

Хто разгружаў вагоны?

Хто падымае ветразь?

Дзеці, скажыце, хто ён?

— Элвіс!

Вядома, Элвіс.

2010