Выбрать главу

Дзед мой не схадзіў на каляды да царквы — двайнёй якраз жарабілася кабыла. Але стараста ўзяў яго на ўлік і вясною не дазволіў бабе Палосі выслаць перад працэсіяй з Габрусём звоец палатна.

Яе ганьбу вясковыя кабеты напаміналі бабе Палосі да самай смерці. Гэтак жа да смерці пакараная жанчына ўсё апраўдвалася, што пацярпела праз антыхрыста мужа, бо сама яна — чыстая перад госпадам богам і дзевай Марыяй, як расінка.

Бацька на вялікі пост выпіў у Гарадку з кампаніяй ды закусіў каўбасой. Не паспеў ён дайсці дадому, а вестка аб крамоле Палосінага сына ўжо ўскалыхнула Страшава. Мужчыны выйшлі гулякам насустрач ды не ўпусцілі іх у вёску. Перапалоханыя не на жарты хлопцы пабрылі на балота, зашыліся ў абарогі і сталі чакаць, покуль ачысцяцца ад скаромнага і выйдзе хмель.

Цяпер ужо наступнае пакаленне страшаўскіх юнакоў, з імі і мой бацька, спускалі ў Студзянскім лесе выносныя сосны ды гэтаксама хадзілі на вечарынкі, затыкалі саломай каміны, прывязвалі да галля чые-чебудзь сані ды лавілі дзявок. Толькі ўжо сталаваліся нашы хлопцы ў другой вёсцы. У Грыбоўшчыну цяпер было небяспечна і заходзіць.

6.

Сын дурніцы з немцам Вілем з Саколкі сабралі рэ-цыдывістаў, якія ўцяклі з гродзенскай турмы, і стварылі бандыцкую шайку. Пранырліваму, крыважаднаму і зусім дурному, калі нап'ецца, бандыту аднолькава было — рабаваць папа з працэсіі з мошчамі ці сцягнуць з галавы ў цёткі хустку, а таму, хто сказаў слова супроць,— паламаць рукі і ногі.

Паўтараку нехта ўвёў у вушы, што ён павінен помсціць за сваю маці. Асілак перапыняў чыю-небудзь дзяўчыну на дарозе і валок да магілы на выган гвалціць.

Іншы раз яго бандыты блакіравалі паліцэйскі ўчастак. Паўтарак з галаварэзамі ўрываўся ў крынкаўскі рэстаран, браў за ножкі стол, паднімаў яго над галавой і пытаўся:

— Ну, гаварыце, хто тут з вас мой татко?! Прызнавайцеса, хутчэй!.. А-а, пазатыкало вам гагаўкі?!. Цурык! — кідаў ён, бы праклён, завучанае ад Вілі нямецкае слова і са страшнай сілай апускаў цяжкі стол на каго папала.

Ні жывыя ні мёртвыя госці забіваліся ў куток ды крадком мацалі сінякі, а бандыты выкладвалі перад сабой браўнінгі, кінжалы ды займалі месцы.

Да таго часу Паўтарак аброс мясам, адруз, яго твар знявечыла хвароба, што перадалася ад маці. Зубы ён меў рэдкія, вялізныя, тоўстыя вусны — нерухомыя, ад чаго гаварыў неразборліва.

I вось гэтая амаль бязносая двуногая пачвара шчапала кінжалам дошку стала, а з яе грудзей, бы са склепа, вывяргалася страшаае бубненне:

— Хайкель, запускай шафу, што іграе!.. «Барыню» давай!.. Не, спружыну, жыдзе, круці сам, маці мая ў цябе круціла яе, мэнчыласа!.. Вы, мае татачкі, марш танцаваць усе!.. Каму кажу — марш, бягом!.. Краля, раздзявайса!.. Вілі, пагуляй з ёю, дзетка! Цурык!..

На дзіва, людзі ў далёкіх вёсках хацелі бачыць у Паўтараку рыцара.

— Чулі, што ў Крынках Паўтарак зноў нарабіў?! — прыехаўшы з мльша, прывозіў дзядзька навіну.—Уварваўсо да багача Хайкеля і кажа: «Аддавай усенько, недавярак, што нажыўсо на гарэлцы, што табе людзі назносілі!..»

— Ну,— пацвярджаў скваплівы іншы, бытта пра гэта ведаў даўно і толькі маўчаў.— Тады сабраў крынкаўскіх удоў, сірот і давай раздаваць ім рублі і багацтво!.. Шчэ дабраўсо да воласці. «Хіба цар-бацюшка вучыць: вас так здзіраць налогі?» —прыстаў да чыноўнікаў і выбраў там усенькія грошы. Вярнуўся ў вёску ды аддаў мужыкам, у каго няма каровы ці каня! Паліцыя цяпер ездзіць па хатах, хоча адабраць тое багацтво, але — дзе ты бачыў!'..

— Не вырваць ім го-одзе ўжэ!..

Апавядаючы ўсё гэта потым дома за вячэрай, не адзін бацька з педагагічным прыцэлам кідаў:

— От усыпаў багацеям, от выкінуў штуку крывасмокам!.. Геройскі хлопец удаўсо, чуеце, дзеці?.. Як дзесьці файно тым бацькам маючы такого сына!

А царскаму ўраду было не да бандыта.

7.

У Прынёманшчыне якая мела ўжо традыцыі класавай барацьбы (першая забастоўка ў Гродне зарэгістравана ў аналах гісторыі пад 1879 годам!), набліжаліся падзеі 1905 года.

Рэвалюцыянер Голуб на Саборнай плошчы ў Гродне застрэліў начальніка губернскай жандармерыі, дзяржыморду і садыста, палкоўніка Зубава.

Неўзабаве на тую самую плошчу помсіць за брата адправіўся малодшы Голуб. У час цезаімянінства «яго імператарскай вялікаеці» ён выскачыў з натоўпу, прарваўся праз сонм папоў і чыноўнікаў, адштурхнуў разгубленага губернатара і пачаў гаварыць пра рэвалюцыю, пакуль не засеклі яго казакі шаблямі.

У бліжэйшых ад Грыбоўшчыны мястэчках к таму часу нешматлікі пралетарыят перажываў якраз момант прабуджэння. Прасмярдзелыя быдлячымі скурамі, са з'едзенымі вапнай і дубільным экстрактам рукамі гарбары ў Крынках устанавілі ўладу рабочых ды абвясцілі рэспубліку.