Выбрать главу

Яна апусціла павекі, быццам прыслухоўваючыся да нечага.

– А яшчэ, – прапела яна ціха. – Барву і золата на захадзе, ці не так, мой залаты?

І зноў, прыкрыўшы вочы, прыслухоўвалася да чагось далёкага, няпэўнага. А пасля глянула на лютніста – на гэты раз без усмешкі, заклапочана і пахмурна. Коратка зірнула на растрапаную макаўку Леля, і гэтым разам той задыхнуўся ад жаху і прыкрыў далонямі твар. Абы не глядзець ёй у вочы, абы не падаць у дзве чорныя бездані ў яе зрэнках.

– Песня і праклён, – прамармытала яна, ні да кога асабліва не звяртаючыся. – Часам і не адрозніш адно ад другога.

– Я бачу, ясная пані, – прагаварыў Йурай, настойваючы. – Добра бачу, што нам усім патрэбна гэтае чалавечае дзіця. Ніхто з нас не здолее вырваць з каменя жалезнае церне, а ты ведаеш лепш за мяне, што бывае, калі прошчы нямеюць, і…

– Я ведаю многае, мой залаты, – насмешліва звузіўшы вочы, адказала яна, і чароўныя агеньчыкі, што абселі яе цёмны плашч, і посах, і травы вакол, згодна зазвінелі на розныя галасы. Йурай паважліва нахіліў светлую галаву, дзынкнуўшы завушніцаю.

– Я таксама ведаю, мой залаты, – яна ўсё яшчэ глядзела на лютніста, і ямінка-паўмесяц не знікала з яе шчакі. – Пра спаборніцтва паэтаў і бітвы на песнях. У цябе, здаецца, несправядліва адабралі магчымасць паказаць сябе?

– О, ёсць многа спосабаў паказаць сябе і сваё майстэрства, ясная пані, – прагаварыў Йурай, звузіўшы вочы. – На мой густ, лепш, калі майстэрства кажа за сябе само.

Тон быў дзёрзкі, ды яна засмяялася, і ў Леля ад яе смеху мурашкі прабеглі па спіне.

– А цяпер ты, канечне, захочаш, каб я загадала аднаму з маладых прыдворных паэтаў стаць памагатым гэтаму чалавечаму сыну.

– Гэта было б мудра, ясная пані, – пачціва азваўся Йурай. – Вядома.

– Вядома, – насмешліва паўтарыла за ім яна, быццам разумела нешта яшчэ, што лютніст да пары прыхаваў за паважлівым тонам ды пачцівымі словамі. І павярнулася да Леля, і наблізілася на крок-два, трохі кульгаючы ды абапіраючыся на посах.

– Падыміся, – загадала ўладна. – Дай жа на цябе паглядзець, дзіця.

Лель сутаргавата выпрастаўся, пазбягаючы яе пагляду. Стаяў, пераступаючы з нагі на нагу, адчуваючы на сабе цяжкі ўважлівы позірк і згінаючыся пад гэтым цяжарам.

– Зірні ж на мяне, – засмяяўшыся, мовіла яна, і чароўныя агеньчыкі задрыжалі, кожны на свой лад паўтараючы яе словы.

– Зірні, – шапнуў у Леля над вухам напружаны Йураеў голас. – Не бойся.

Ён падняў вочы – і на імгненне аслеп, бо прапаў цёмны росны луг, бо расцяклася ва ўсе бакі нястрымнае залатое святло. Травы сталі падлогай, выкладзенай узорыстымі каменнымі плітамі, і ўзвысіліся, на вачах вырастаючы, стромкія калоны, і купал, з нанізанымі на яго жывымі зорамі, раскінуўся зверху.

Яна ж стаяла пасярод велічнай залы, поўнай ззяння, і стары дарожны плашч спаўзаў з яе, як шалупінне. А з-пад яго мякка бліскалі перліны на ўрачыстым уборы, і востры шлейф цёк за ёю, быццам жывыя хвалі, пераліваючыся ад пяшчотнага блакіту да сталёвага шэрага. У валасах цьмяным срэбрам бліснуў зубчаты венчык, а на рудых косах, схаваных пад сеткаю, рассыпаліся, быццам росы, дробныя дыяменты.

А гожы твар быў той самы, і выгін вуснаў такі ж уладны, і вочы такія ж вусцішна даўнія, такія ж зялёныя – быццам травы на курганах.

– Ведаеш, хто я, дзіця? – спытала яна, і на белай шчацэ паўмесяцам абазначылася смяшлівая ямінка. Лель, агаломшаны, знямелы, прырослы да каменных плітаў, знайшоў у сабе сілы адно кіўнуць. «Ведаю. Канечне, ведаю. Цяпер – ведаю».

Імя не давалася, выслізгвала з вуснаў, вылузвалася з пальцаў.

– Ведай яшчэ вось што, – яна рушыла да яго, і шлейф паплыў следам, і паплылі ў паветры чароўныя агні. – Я справядлівая. Ты праліў кроў маёй раганы, прынёс халоднае жалеза да святых камянёў. То цяпер пралі сваю кроў, вызвалі мае камяні ад жалезнай атруты. Зробіш так – і я забуду пра помсту табе, пакуль тыя камяні будуць пець.

Яна працягнула Лелю руку ў белай пене карункаў, і вышыўка на яе вострым рукаве жыла, кацілася рачнымі хвалямі па пералівістым шоўку. Лель дрогкімі пальцамі крануўся белай далоні з чорным следам апёку. А яна ўсміхнулася драпежна і сціснула ягоныя пальцы сваімі, сталёвымі, халоднымі, з нечалавечаю сілай.

– Зарок ёсць зарок, – мовіла сурова. – І клятва ёсць клятва. Адгэтуль і давеку, дзіця.

Зялёныя агні, што мірна плылі ў паветры побач з ёю, зазвінелі нясцерпна гучна, амаль раз’юшана, і зала вакол раптам паблякла, рассыпалася на аскепкі, на іскры. Лель, усё яшчэ адчуваючы дотык яе рукі на сваёй, падаў у бездань, у цемру, бясконца і безнадзейна падаў, і сам патроху згасаў, як іскра ад вогнішча.