Сонца пякло яму ў галаву. Лель прыўзняўся на локці – і пабачыў знаёмае каменнае кола на вяршыні пагорка і чорныя прысак, у якім яшчэ варочаліся дробныя пробліскі былога агню. Пахла мёдам, ніжэй па схіле гулі пчолы, і хвалі верасовага мора ленавата варушыліся пад ветрам. Неба за ноч паспела ачысціцца, і цяпер ззяла радаснай сінню, і сонца прыпякала амаль па-летняму.
– Прачнуўся? – голасна спытаў лютніст, і Лель, здрыгануўшыся, павярнуў галаву на ягоны голас. Йурай, накінуўшы кароткі дарожны плашч, стаяў побач з адным з камянёў, і лютня ў скураным чахле прытулілася ў яго на плячы, гатовая да падарожжа.
– Дык гэта быў сон? – расчаравана спытаў Лель, калі яны, адзін за адным, спускаліся з пагорка па вузкай сцежцы. Йурай засмяяўся.
– Сон, – адказаў, паціснуўшы плячыма. – Або ява. Выбірай, чалавечае дзіця.
– Я хацеў сказаць, гэта была… няпраўда? – Лель з лёгкай дрыготкай прыгадаў галасы рагоў у начным лесе. – Усяго толькі мроя?
– А чаму сон абавязкова мусіць быць няпраўдай? – адгукнуўся Йурай, бліснуўшы на суразмоўцу ўсмешкай, і Лель змрочна засоп. У лютніста была дзівосная манера адказваць на пытанні, не даючы, уласна, адказаў. Зрэшты, вытрымаўшы нядоўгае маўчанне, Йурай злітаваўся.
– Так, – мовіў. – Ты цяпер звязаны зарокам. Так, ты цяпер мусіш выканаць тое, што паабяцаў Усёмаці. І так, яна, у сваю чаргу, абяцала забыць пра праклён і помсту.
– А што, – насмеліўся спытаць Лель. – Што яна казала пра… спаборніцтва паэтаў?
Йурай варухнуў бровамі.
– Хіба ёсць табе да гэтага справа? – спытаў лютніст. – Так або іначай, але я пакуль побач, а ў цябе дамоўленасць з Усёмаці. Толькі гэта і важна, не?
– Але… усё гэта быў сон? – азадачана нахмурыўся Лель. Зараз, удзень, ад успамінаў пра начное падарожжа накатвала вусціш, і дрыжыкі караскаліся па спіне. Бо калі гэта ўсё праўда – значыць, сіла той, што з’явілася ў Лелевым сне, не прыснёная, а самая сапраўдная. Значыць, святыні яе сапраўдныя. Значыць, тая старая ведзьма, адбіраючы ў вяскоўцаў дзяцей, аддаючы Лелеву малую сястру камяням, таксама была ў сваім праве.
З гэтым было цяжкавата змірыцца, і на душы, ад усведамлення ўласнага бяссілля, разліваўся холад. У свеце не-людзей, якія выпявалі закляцці ды ўмела знітоўвалі сон з яваю, так што і не адрозніш, чалавеку проста не было месца.
– Можа, і так, чалавечае дзіця, – паціснуўшы плячыма, адгукнуўся Йурай, калі Лель з горыччу вымавіў перадуманае ўслых. – Але часы нашых чараў патроху мінаюць, і хутка мы ўсе будзем жыць у свеце людзей.
Лель прыснуў недаверлівым смяшком, але лютніст нават не ўсміхнуўся.
– Я бачу, – адказаў толькі, калі Лель пацікавіўся, адкуль такая ўпэўненасць.
Яны плячом да пляча крочылі між верасоў побач з дарогай, і лютніст уважліва паглядаў па баках, быццам шукаў нешта. Нахіліўся, нарэшце, сарваўшы пару вялікіх суквеццяў ліловага верасу, пакруціў у пальцах, з сумневам узважыў кожнае на руцэ. Лель, чухаючы патыліцу, падумаў быў, што лютніст вышуквае травы для якогась зелля.
Адно Йурай, выбраўшыся на зарослыя каляіны, шпульнуў верасовую квецень на дарогу. А пасля, нахмурыўшыся, упусціў з вуснаў у дарожны пыл кароткае слова. Слова гэтае Лель не пачуў – толькі пабачыў у руху Йураевых вуснаў, у рабізне, што прабегла па паветры, у клубах пылу, што рэзка ўзняліся над каляінамі. За покрывам пылу варочаліся на дарозе дзве цёмныя плямы з ліловым адлівам, і кожная паступова выцягвалася, падымалася, набывала форму. І раптам над верасамі прагучала тоненькае конскае ржанне, і капыты гарачых коней ударылі па дарожным пыле.
Лель захоплена глядзеў, як двое коней – вараных, з нябачанымі ліловымі пробліскамі ў поўсці, – патрэсваюць шаўковымі грывамі і хвастамі, гарачацца, раздуваюць ноздры, прадчуваючы дарогу. Йурай патрапаў абодвух верасовых скакуноў па галовах – і яны азваліся прыязным фырканнем. Лель, усё яшчэ зачараваны, пакрочыў бліжэй, і коні нікуды не зніклі, а паўдзённае сонца лілося на іх крутыя бакі і точаныя шыі.
– Рушма, чалавечае дзіця, – прыспешыў Йурай, спрытна сядаючы верхам. – На двух нагах далекавата давялося б ісці, а паспяшацца нам варта. Хіба што, – дадаў лютніст насмешліва, – Лель пажадае ісці на чатырох уласных нагах, а не трэсціся ў сядле. Ён, Йурай, зусім не супраць, калі на тое.
– У сядле, – таропка пагадзіўся Лель. Асцярожна пагладзіў скакуна па льсняным баку – і конь павярнуў галаву, дабрадушна косячы цёмным вільготным вокам. Жывая, рэчыўная істота, з плоці і крыві, быццам і не было ніякіх чараў, быццам не вырас толькі што з верасовага суквецця.