Выбрать главу

Хутка за бліжняй дубровай паказалася ўмацаванае селішча, і на драўляных вежах за ўтравелымі равамі танчылі пад ветрам барвовыя сцягі. Стуль несліся чалавечыя галасы, пах дыму і голас металу пад кавальскім молатам. Туды, да дыму і металу, паўзло некалькі цяжка нагружаных вазоў, грукаталі коламі па пад’ёмным мосце. Лель пытальна зірнуў на Йурая, але той адмоўна пахітаў галавой: іх дарога ішла далей на поўнач.

І чым далей яна ішла, тым больш занядбанымі, здзічэлымі станавіліся мясціны. За наступным жа раздарожжам пазнікалі дымы раскіданых па дубовых узгорках селішчаў. Не бялелі на схілах авечыя чароды, не падавала голасу жалейка. Хутка стала відавочна, што шлях сюды быў закінуты: каляіны зарасталі травою. Вакол раптоўна раскінулася бязлюддзе – зусім як на верасовых пустках, – і расцякалася цішыня, даўкая, цяжкая, як бы пераднавальнічная. Зыкі каменных колаў, што ўпляталіся ў вецер, тут не гучалі, і нават птушыная драбяза ў прыдарожных зарасніках не ўсчынала вясёлага перазвону.

Край быў безгалосы. Мёртвы.

– Адчуваеш, пэўна? – мовіў Йурай нягучна, і Лель часта паківаў. Ён сам не здолеў бы ўцямна патлумачыў, што іменна расцякалася вакол, але гэтае нядобрае адчуванне было самым рэчыўным і толькі мацнела, аблягаючы дваіх вершнікаў шчыльней.

– Мы блізка, – сказаў лютніст. – Будзь напагатове.

Верасовыя скакуны пафырквалі, трывожна стрыглі вушамі. Падобна, нядобрая ціша, якая затапіла ўсё вакол, ім таксама была не пад густ. Лель, шкадуючы, пагладзіў свайго каня па шаўковай шыі – і са здзіўленнем зразумеў, што нястомны звер, створаны чарамі, успуджана дрыжыць.

Можа, трывога ад каня перадалася і Лелю, бо праз пэўны час страх быў паўсюль, у самым паветры. Страх пранізваў і дубовае вецце, што спляталася над дарогай, і трапяткія галіны зараснікаў. Страх гучаў у голасе ракі, амаль цалкам укрытай, быццам схаванай за альхоўнікам. Страх варушыўся ў ценях ад вершнікаў, што клаліся на сухую траву, на багун і дурнап’ян. Між звівастых каранёў і зблытаных сцяблін варушыліся, быццам клубок, іншыя цені, якія слізгалі, сачыліся і сачылі пільнымі позіркамі. Лель заўважаў ламаныя рухі краем вока, паварочваў галаву – ды бачыў толькі старыя дубы і шапаткія травы. Але неспакой рос у ім, і пальцы мацней сціскаліся на аброці.

Напэўна, з той прычыны, знянацку згледзеўшы на ўзбочыне цёмную постаць, Лель ледзьве не ўскрыкнуў. А тая вусцішная постаць махнула рукою, просячы іх прыпыніцца, і адразу ж ступіла на дарогу, ледзь не пад капыты верасовых скакуноў.

Зрэшты, цёмнаю ды вусцішнай яна была толькі таму, што насіла плашч. Цяпер, калі Йурай і Лель спынілі коней, капюшон упаў, адкрываючы растрапаную русую касу і жывы твар з яснымі шэрымі вачыма пад упартымі бровамі, з белаю паласою шрама ля пульхных вуснаў. Твар быў жаночы, ці, дакладней, дзявочы, досыць юны, і Лель падумаў быў, што беднае дзяўчо згубілася і шукае дапамогі.

Адно толькі ў руках у яе быў рагавы лук, а на сцягне калчан са стрэламі. Таму ані згубленай, ані безабароннай дзяўчына не выглядала, ды і загаварыла зусім без боязі, упэўнена, нават строга:

– Вы на поўнач едзеце? Дарма. За дубровай дарога зусім дзічэе, а далей заклятае возера з нелюдскімі камянямі. То лепей паварочвайце.

«З нелюдскімі камянямі», – паўтарыў Лель шэптам, і яго ажно перасмыкнула. Занадта ярка прыгадаўся човен, што вёз іх з маленькай сястрою цераз начную раку, ікол маладзіка ў цёмным небе, і шлях па мокрым пяску, і ў грозным каменным коле – вычварная здань, хіжая да дзіцячай крыві.

– …а калі, – адказваў тым часам дзяўчыне Йурай. – Калі менавіта тое заклятае возера ды нелюдскія камяні нам і патрэбныя, чалавечае дзіця?

Яна звузіла вочы, разглядаючы лютніста і верасовага скакуна пад ім, пасля кінула ўважлівы пагляд на Леля, які міжволі ўнутрана сцяўся. Апошнім часам яму падавалася, быццам, гледзячы на яго, людзі лёгка могуць заўважыць заключанага ўнутры звера – і, як звера, пагоняць ад сябе.

– …то вы нелюдзі? – працягнула дзяўчо трохі расчаравана. – А і ўсё роўна: кажу, на возеры нядобра. Здані там. Паварочвайце, кургановыя, да душы. Нават і вас – шкада.

Йурай насмешліва чмыхнуў.

– О, гэтае чалавечае спачуванне, – сказаў, пахітаўшы галавою.

– А сама? – не стрываў Лель. – Сама нашто тут цягаешся, калі побач здані і страхі?