Выбрать главу

Уздыхалі вечныя дубы на ўзгорку – быццам хвалі, а Лель слухаў шэпты лісця і плыў на хвалях дрымоты, далей і далей. Чоўнікам боўтаўся між Калісь і Цяпер.

– Яна атручана, – нараспеў гаварыў Йурай, і лютня тут жа паставіла на ягоных словах палымяны рабінавы росчырк. – Прошча атручана. Некалі тут грымела зброя, і кроў лілася на пясок, змешвалася з азёрнай вадой. Чалавечыя сыны біліся з народам курганоў, раз’юшана рыпела халоднае жалеза, рассякаючы ніці чараў, разбіваючы жывое срэбра.

Уздыхала сталь на дубовых пагорках, і рассыпаліся баявыя поклічы, і воі падалі, быццам каласы пад сярпом, і сыходзілі ў зямлю, і трава прарастала на іхніх костках.

– Срэбра чараў, – распавядаў Йурай, нанізваючы словы на ніць музыкі, – гэта наша кроў, што струменіць у каменных жылах. І адзін з чалавечых сыноў, зразумеўшы гэта, вырашыў ударыць у самае сэрца.

Чайкі ўскрыквалі над вадой – белыя, быццам карагод стаячых камянёў. Шэсць у коле, а адзін, меншы, з ямінкай, запоўненай дажджавою вадой, з наліплым сухім дубовым лістком, укленчыў пасярэдзіне. І Лель быў тым самым каменем і мог толькі глядзець. І бачыў: ішоў, кульгаючы, да яго чалавек. Ішоў, абапіраючыся на страшны чорны меч, пакідаючы за сабою барвовы след на скалах і травах. Чары цесна звіваліся тут, выпешчаныя доўгімі вякамі і песнямі, тут білася іх жывое сэрца, і тое сэрца было ўнутры Леля. А страшны чалавек, замахнуўшыся, з высілкам, апошнім, адчайным, поўным скрухі і помсты, поўным болю і нянавісці, ударыў белы камень мячом.

Лель задыхнуўся і прахапіўся са слязьмі ўваччу, падскочыў, схапіўшыся за грудзі. Бо халоднае жалеза прайшло скрозь яго, і пякло агнём, рассякаючы жывую плоць, і сеяла атруту і немач. Колькі імгненняў яшчэ падавалася: жалезнае церне ўсё яшчэ ўнутры, а сам ён можа толькі нема крычаць, захлынаючыся чужою скрухай, горкаю, як палын, як попел.

Дубраву вакол патроху паглынаў змрок, дрыжала полымя, крэслячы кола святла вакол іх дваіх. Йурай з лютняю на каленях сядзеў побач, і вочы ў яго цьмяна свяціліся зялёным агнём.

– Там… меч, – глуха выгукнуў Лель, усё яшчэ трымаючыся за грудзі, усё яшчэ адчуваючы водгаласы нясцерпнага болю. – У сэрцы… у камені!

Лютніст згодна нахіліў галаву.

– Зараз ты разумееш, чалавечае дзіця.

Пасля азірнуўся на цёмныя зараснікі ляшчыны, што туліліся да схілу ўзгорка, і дадаў гучней і трохі раздражнёна:

– А ты – выходзь. Зараз жа, ну.

Дзівячыся, Лель таксама глянуў на арэшнікі – і пабачыў, як на святло выбіраецца, пакрэхтваючы, тое ўпартае дзяўчо, што сустрэлася ім па дарозе на поўнач. Звузіла вочы, падазрона прыглядаючыся да зялёнага агню, скрывіла вусны – маўляў, ведаю-ведаю я вашыя нелюдскія штучкі. Рагавы лук спачываў у яе за спінаю, а на русай макаўцы замёр зжоўклы лісток ляшчыны.

– Хіба я не казаў табе ісці сваёй дарогай? – спытаў Йурай, хмурачыся. – Справы народу курганоў, – дадаў лютніст павучальна, – чалавечых дзяцей не тычацца.

– Можа, гэта і вашыя кургановыя справы, – адказала дзяўчо, падбачыніўшыся. – Але тут наша зямля. Наш дом. То – тычацца, нябось!

– «Ваша зямля», – абурана прагаварыў Йурай, варухнуўшы бровамі, але дзяўчо яго не слухала. Загаварыла горача, быццам даўно выношвала словы ўнутры сябе.

Гаварыла так:

– Яшчэ не так даўно ля возера жылі людзі. І прадзед, і дзед яе тут нарадзіліся і выраслі. А пасля з гэтым самым возерам нешта здарылася – упрост жудаснае насланнё. Кашмары душылі па начах і дарослых, і дзяцей, драпежнікі рэзалі скот, збожжа гніла ў палях, а немаўляты нараджаліся мёртвымі. Ліхаманкі папаўзлі ад вады, а ў ваколіцы сталі знікаць падарожныя, і на скрыжаваннях знаходзілі адно абгрызеныя косткі. І мясцовыя не вытрымалі, сталі збягаць, шукаць іншага прытулку, сяліцца падалей. І казалі між сабою, бяссільна разводзячы рукамі: напэўна, праклён.

– …або чары нелюдзяў, – заключыла дзяўчо, і голас у яе задрыжаў абвінаваўча.

– О, калі ў нас такія моцныя чары, – адказаў яўна задзеты за жывое Йурай, – дык чаму тады мы саступілі вам нашу зямлю і наш дом? Мы жылі тут раней за вас, дасюль жылі б, каб не… каб не чалавечыя сыны.

– Ён… – Лель кашлянуў і выправіўся: – Мы, то бок… хочам дапамагчы. Выправіць тое, што сталася з возерам, з краем. Праўда.

Дзяўчо заўважна задумалася, зноў з сумневам зірнула на зялёны агонь, на лютніста, пасля, ацэньваючы, на Леля і зноў на Йурая – з недаверам. Лютніст варухнуў цёмнымі бровамі.

– Выправіць тое, што здзейснілі тут чалавечыя сыны, – удакладніў ён, паставіўшы на струнах лютні пералівісты росчырк. – Што твае прадзеды здзейснілі тут. Так.