Выбрать главу

Лель зноў неспакойна пакруціўся на месцы. Йурай, падобна, не бачыў асаблівай розніцы паміж прашчурамі і нашчадкамі. Можа быць, у вачах насельнікаў Курганова Поля, жыцці якіх доўжацца стагоддзямі, гэтая розніца і незаўважная, і многія пакаленні чалавечых сыноў для іх, праз доўгажыхарства, зліваюцца ў адно.

Але ўсё-такі не дужа справядліва вінаваціць дзяцей за ўчынкі іх бацькоў. А тым больш асуджаць праўнукаў за правіны прадзедаў.

– Смелыя словы, – сказаў Йурай, насмешліва зірнуўшы на Леля, які паспрабаваў гэтую думку выказаць услых, прычым, як звычайна, няўклюдна. – Але цябе, прынамсі, асуджаюць за твае ўласныя ўчынкі.

«Зараза ты», – змрочна падумаў Лель, патаемна спадзеючыся, што з’едлівы лютніст зможа лёгка прачытаць ягоныя думкі. Але Йурай толькі трасянуў валасамі, дзынкнуўшы завушніцай, і твар у яго быў непранікальны.

– Я… чула, як ты спяваў, – гаварыла, між тым, дзяўчо, сціскаючы кулакі. – Пра меч з халоднага жалеза там, на востраве. Быццам бы праз гэта, праз нас усё пачалося. Але… тут жа не было бітваў, можа, век. То як жа…

– Прошчы паміраюць павольна, – нехаця патлумачыў Йурай. – Атрута ў іх збіраецца доўга, перш чым прарвацца, як гной у ранцы. І чары нашы адразу не згасаюць. Чапляюцца за аскепкі, за водгаласы. Пакуль не знямеюць канчаткова.

– Але… – дзяўчо зрабіла пару асцярожных крокаў да агню. – Ты можаш яе… ну, гэтую вашу прошчу, ажывіць? Каб усё было як раней?..

Яна з такім шчырым спадзяваннем углядалася ў лютніста яснымі шэрымі вачыма, нават, здаецца, дыханне затрымала, быццам чакала, што зараз, вось-вось чарадзей узмахне вострым рукавом – і адбудзецца цуд. Йурай толькі пакруціў галавою.

– Ніколі так не бывае, дзіця, – адказаў спакойна. – Каб стала ўсё, як было.

Адказ яе не дужа суцешыў: дзяўчо расчаравана ўздыхнула і апусціла пагляд.

– Я хачу памагчы, – мовіла яна і спадылба глянула на зялёны агонь. – Чуеце вы, нелюдзі? Я змалку ў ваколіцы палюю, сцежкі ведаю. Ну і страляю няблага, як што.

– Ну? І ў пачвару пацэліш? – спытаў, звузіўшы вочы, Йурай і скоса зірнуў на Леля, так што апошняму стала трохі ніякавата.

– А што, – дзяўчо паціснула плячыма. – І пацэлю. Як трэба будзе.

І дадала, прыпячатваючы адразу і навечна:

– Гэта – мой дом.

Яе звалі Ружанай – яна назвалася, асцярожна ўссеўшы побач з зялёным агнём, якога заўважна пабойвалася. Умацаванае селішча па дарозе на поўнач якраз-такі і пабудавалі людзі, што збеглі некалі ад заклятага возера, і бацька яе быў там князем. Як прадзед і дзед да яго, гаспадарыў у гэтым краі – адно навала злых чараў распаўзалася ад возера ўсё далей і далей, прымушаючы людзей адступаць, пакідаючы абжытыя мясціны.

– …але калі вы ўсё-такі здымеце праклён, – горача казала Ружана, звёўшы ўпартыя бровы. – То мы ўсе, значыць, зможам вярнуцца сюды. Дамоў.

І таропка патлумачыла:

– Людзей тут жыве многа, і з кожным годам толькі большае, а вось зямлі, прыдатнай для будоўлі або ворыва, нестае. Суседзі з поўдня, з Парэчча, ціснуць штогод усё мацней ды мацней, ураджаі меншаюць, бо глеба стамляецца, і прыходзіць нястача. Калі так далей пойдзе – дык, раней ці пазней, здарыцца вялікі голад, людзі будуць пакутаваць.

Йурай, пакуль яна гаварыла, асцярожна перабіраў струны. Пад ціхі голас лютні Лель глядзеў на русую касу, у якой варушыліся водбліскі ад чароўнага полымя, на белы шрам ля пульхных вуснаў, на тое, як Ружана нецярпліва адкідвала з твару неслухмяныя русыя пасмы. Чамусьці вярэдзіла сэрца жывая гарачнасць, з якой яна гаварыла пра гэтую зямлю. Як бы адгукаючыся, быццам абуджаная палкімі словамі, гарачыня ажывала і варушылася ўнутры. Можа быць, таму ад кожнай новай рысы, што заўважалася ў Ружане, таксама рабілася цяплей на сэрцы.

А ўсе заўважаныя драбочкі, спавітыя ціхай музыкай, – і нахіл галавы, і завіткі валасоў на скронях, і многае іншае, дзівоснае па-свойму – у надзвычайнай суладнасці збіраліся ў адзін – адзіны – вобраз. І Лель, забыўшы пра ўсё на свеце, нават пра нястачы і голад у ваколіцы, нават пра блізкіх пачвар, нават пра ўласны праклён і зарок-абяцанне, глядзеў на яе. І не мог не ўсміхацца, бо тая гарачыня ўнутры сама па сабе была – шчасце.

Прынамсі, да таго моманту глядзеў, пакуль Ружана не зірнула на Леля здзіўлена і трохі нават грэбліва і не пацікавілася, чаго гэта ён так па-дурному тарашчыцца.

– …і рот унь яшчэ разявіў.

Лель, сцяміўшы, што і сапраўды тарашчыцца, зніякавеў і ўтаропіўся ў агонь, дзівячыся самому сабе. Абуджаная гарачыня так і не сціхала, хвалямі праходзілася за рэбрамі, сарамліва праступала на шчоках чырванню.