Выбрать главу

Прагаварыў гэта і стрэліў паглядам, як стралою па-над вогнішчам, зірнуў агністымі зялёнымі вачыма. Прадзіраючыся скрозь насланую немату, скрозь ледзяныя іглы, скрозь знясіленасць, чорныя словы і злавеснае карканне.

Ніці памяці пацягнуліся да гэтага пагляду, апякаючы, успыхваючы балюча і страшна. І зноў была мешаніна з твараў ды постацей, і маленькія сёстры плакалі, і маці працягвала рукі, а бацькаў нож, бліснуўшы, абразаў Лелевы валасы, і тыя гарэлі ў агні разам з таемнымі травамі. І цягнулася зморшчаная рука з доўгімі кіпцямі, і запалы рот пагрозліва шамкаў, заклікаючы, заклінаючы, праклінаючы. І вочы глядзелі адусюль, шэпты разыходзіліся за спінаю. Сорам. Ганьба. Выгнанне.

І балючым апошнім ударам, як нажом пад лапатку, дабіваючы:

– Пачвара!..

– Я бачу, – бязгучна гаварыў лютніст, ценем крочачы за Лелем па няпэўнай сцяжыне памяці. – Я – бачу.

І Лель, застылы, расколаты, пабачыў таксама, як бы адбітак у чужых вачах. Бачыў самога сябе і россып панурых хацін – дробную вёску ў засені гор. Пад саламянымі стрэхамі жылі людзі, земляробы. Усе амаль – рэшткі горнага племені, якое збегла ад вайны і спусцілася ў даліну, шукаючы лепшай долі і ўрадлівых палеткаў. Адваёўвалі зямлю ў векавечнай пушчы, сеялі збожжа. Жылі, як маглі, на беразе халоднай лясной ракі.

Край быў суровы, зімы доўгія, ураджаі няпэўныя – і прыйшла нястача, голад. Таму да разных слупоў на бліжнім раздарожжы, да слупоў, упрыгожаных знакамі, вышыванымі ручнікамі ды бразготкамі, неслі дарункі. Ахвяравалі апошняе, пяклі хлеб, замяшаны на мёдзе і крыві, кленчылі, маліліся пад выцвілымі стужкамі і знямелымі званочкамі.

Ды старыя, горныя яшчэ багі маўчалі. А можа, проста не мелі сілы па гэты бок сіняга хрыбта. А можа, ніколі не мелі сілы.

Тады знекуль з’явілася старая ведзьма, рагана, голас Вялікай Усёмаці. Тая доўга стаяла пад слупамі горных бостваў, углядаючыся ў выразаныя твары і знакі. Трэсла сівымі валасамі, ажно падавалі галасы ўплеценыя ў косы бразготкі, прасцірала рукі, па якіх пляліся выведзеныя на скуры змяіныя знакі. А пасля запэўніла:

– Усёмаці дапаможа, але запатрабуе адплаты, цаны крывёю. Не курынай, не цялячай, але чалавечай.

І спакойна рушыла па сухой траве, цягнучы за сабою, як хвост, цёмны плашч.

– Я бачу, – шапнуў вецер над вухам у Леля.

А той ізноў, агаломшаны, як і ўсе іншыя, стаяў пад разнымі слупамі на раздарожжы. Горы дыхалі бязлітасным холадам, і бліскала нясцерпнаю беллю ледзяная шапка на магутным піку Буй-тура. Такою ж нясцерпнаю беллю ззялі камяні на дзікім беразе лясной ракі. Пясчаны бераг, зарослы альхоўнікам, што калыхаўся на хвалях туманоў, – і рака, жывое срэбра, якое гучала. Ціхі спеў блытаўся ў аеры, плыў над вадою, раствораны ў тумане, падступаў да саламяных стрэхаў па той бок.

– Чары там, – казала бабуля, сплёўваючы цераз плячо. На дзікі бераг не хадзілі – ды і, зрэшты, патрэбы не было ў вусцішных камянях ды лапіку шорсткай травы між імі.

– Я бачу, – напявала рачная вада.

Горныя боствы, дзікія, абымшэлыя, дрымучыя, не дапамагалі, адступіліся, кінулі былое апякунства. А вось рагана дапамагала – вылівала дзіцячы спалох, выганяла ліхаманку, здымала з жывёлы сурокі, а з жыта – заломы. І таму рагане верылі, таму прынялі яе Ўсёмаці і названую цану, якой б высокаю ні была.

А цана была: чалавечае дзіця. Дачка, народжаная пад маладзіком, не старэйшая за шэсць год. Усяго адно дзіця дзеля выжывання ўсіх, хіба гэта многа? І земляробы ў вёсцы на беразе ракі, параіўшыся, ахвотна пагадзіліся: сапраўды, нямнога.

Але дзіцем тым была Лелева пяцігадовая сястра, самая меншая.

Таму горка плакала маці, і плакалі сёстры, і бацька, хворы, душачы кашаль, стаяў на парозе, бяссільна апусціўшы спрацаваныя рукі. Замест бацькі Лель мусіў у чоўніку перавезці малую праз лясную раку – і там пакінуць у траве між белых камянёў, пакінуць дзіця са старою раганай.

І Лель адвёз. Сцяўшы зубы, вынес з хісткага чоўніка сонную малую, загорнутую ў бацькаў плашч, паклаў на траву, крануўшыся русай галавы дрогкімі вуснамі. Пасля пайшоў, не абарочваючыся, назад, туды, дзе на мокрым пяску адпачываў човен. І кожны крок быў цяжкі, і кулакі сціскаліся бяссільна. Хіба з усёмагутнай Усёмаці варагаваць? З той, што дае сваёй рагане сілу лекаваць і людзей, і жывёлу, і саму зямлю?

Сястра, мусіць, прачнуўшыся там, у цемры, між вусцішных каменных слупоў, спужалася і заплакала, паклікала яго па імені. І Лель не стрываў – вярнуўся.

Пабачыў над дзіцем рагану, скурчаную, страшную, з пачарнелым тварам. Пабачыў вузлаватыя рукі, спярэшчаныя змяінымі ўзорамі, рукі, якія драпежна цягнуліся да русай галавы. Сястра плакала і клікала на дапамогу, а таму Лель, не вагаючыся, схапіўся за бацькаў жалезны нож на поясе. І, засланіўшы сястру сабой, ударыў пачвару па адной кіпцюрыстай руцэ – ажно лінула цёмная кроў на белае цела каменя. А рагана закрычала, запрарочыла, праклінаючы, і нешта цяжкое і касматае абрынулася зверху, прыціснула да роснай травы, так што не варухнуцца было.