Выбрать главу
      Дзіця маленькае расло, З Івасем удваіх гуляла. Тым часам трохі падрасло. Вось раз яны сабе гулялі Удвух на вуліцы. Знайшлі Дзве палачкі і прыняслі Дадому мацярам на дровы. Дзеткі звычайныя. Ідуць I весяленькі і здаровы, Аж люба глянуць, як ідуць. I вось яно малое ўзяла Другую палачку ў Івася,— Івась гульнёю дзесь заняўся,— Зрабіла крыжык ды нясло Дамоў старэйшым паказаці, Што й ён умее майстраваці. Марыя ў сенічках здалёк Дзяцей заўважыла і ўмлела, Як на той крыжык паглядзела. — Што ты зрабіў? Што, мой сынок? То чалавек ліхі знарок Цябе наўчыў, мой любы сын, Зрабіць вось гэта... Кінь жа, кінь. А ён, маленькі і нявінны, Глядзіць і шыбенічку кінуў[237] Ды зарыдаў, і пацяклі У першы раз святыя слёзы На ўлонне матцы. Ёй, нябозе, Нібы палегчала. Ўзяла, У халадочак завяла, У садзік свой. Пацалавала Ды коржыкам пачаставала, Свяжуткім коржыкам. Яно ж Папесцілася, пагуляла Ды спатанькі сабе лягло У роднай маткі на каленях. I спіць сабе, бы ў райскім цені, Пазбыўшы горачка таго. I на адзінага свайго Глядзіць матуля, глядзіць, плача Ціхутка-ціха: анёл спіць, Хоць бы ж яго не абудзіць, Ды не дагледзела — няйнача Слязы расінка, як агонь, Упала на яго. Яно I абудзілася. I слёзы Марыя выцерла, смяецца, Каб ён не бачыў. Ды, нябозе, Ёй не ўдалося ашукаць Малога сына. Ён зірнуў I заплакаў.                  Зарабіла Ці то пазычыла ўдава Капеек колькі на буквар. Сама б вучыла, ды не знала ж Яна пісьма таго. Ўзяла Ды ў школу хлопца адвяла Да іасеяў[238]. Даглядала ж Яго сама. Сама вучыла Дабру і розуму. Івась Яму пад пару быў якраз, Удвух сабе хадзілі ў школу, Разам вучыліся. Ніколі Не пагуляе ён з дзяцьмі I не пабегае ні-ні. Адзін-аднюсенькі, бывала, Засядзе ён у бур’яне Ды клёпку чэша. Памагала Дзіця бацькам у працы іх. Па сёмым нейк ужо гадочку — Малы ўжо добра майстраваў,— Адпачываючы ў куточку, Стары на сына пазіраў. Які то майстра з яго будзе? Якія выйдуць з яго людзі? Ды, ўзяўшы вёдзер, міс вянок, I бацька з маткай і сынок — Ну, як было расстацца з ім? — На торг пайшлі ў Ерусалім. Хоць і далёка, дык прадаці Дарожай можна. Бацька й маці Сядзяць сабе ды прадаюць Дабро сваё. А дзе ж хлапчына? Прапаў ён дзесь. Шукае сына Ды плача маці — не чуваць Яе сынка. У сінагогу Зайшла маліць добрага бога, Каб сын знайшоўся. Аж глядзіць — Між рабінаў яе хлапчына, Яе дзіцёнак той сядзіць I навучае ён, нявінны, Як трэба жыць, людзей любіць, За праўду стаць, за праўду згінуць — Без праўды гора. Гора вам, Настаўнікі архіерэі! Дзівіліся тут Фарысеі I кніжнікі яго славам. А радасць мацеры Марыі Не скажаш словамі. Месію, Самога бога на зямлі Яна ўжо бачыць.                            Прадалі, Хвалу прынеслі ў храме богу I весяленькія ў дарогу Дадому рушылі ўначы Ды халадочкам.                           Падрасталі, Вучыліся разам, растучы, I гонар матчын падымалі Святыя дзеткі іх. Са школы Цярновым шляхам яны йшлі Абодва. Божыя глаголы, Святую праўду на зямлі Яны сказалі. Распялі За волю іх, святую волю!
      Іван пайшоў у ціш пустыні, А твой між люду. А за ім, За сынам праведным сваім, I ты пайшла. У той хаціне Чужой пакінула яго Святога Ёсіфа свайго. Пайшла ў вандроўку па-пад тынню, Аж покі-покі не дайшла Аж да Галгофы.                          Бо за сынам Святая маці ўслед ішла. I цяжкі крыж яго ўзяла I чула, бачыла ды млела, I моўчкі радасцю гарэла, На сына гледзячы. А ён, Бывала, сядзе на Элеоне[239], Каб адпачыць. Ерусалім Красуе горда перад ім I ззяе ў залатым вісоне[240] Ізраільскі архіерэй! Раманскі залаты плебей[241]! Гадзіна, дзве міне, не ўстане, На матку на сваю не гляне Ды аж заплача, гледзячы На іудзейскую сталіцу. I яна плача, ідучы У яр па воду да крыніцы Ціхусенька, і прынясе Вады чысцюткай, і абмые Стамлёныя ступні святыя, I дасць напіцца, і страсе, Садзьме той прах з яго хітона[242], Зашые дзірачку нанова, Пад смокву пойдзе і сядзіць З трывогаю — о ўсесвятая! Што сын балесным спачывае. Аж вось дзятва сюды бяжыць 3-пад горада — яго любілі Малыя дзетачкі. Слядком За ім па вуліцах хадзілі. А іншы раз на Элеон Да яго бегалі малыя. Вось і прыбеглі.— О святыя, Вы найбязгрэшныя! — сказаў, Як згледзеў дзетак, прывітаў, Цалуе іх, благаслаўляе, Гуляе з імі як маленькі. Надзеў бурнус і, весяленькі, З сваімі дзеткамі пайшоў Ў Ерусалім сказаць сурова Лукавым, грэшным праўды слова. За тыя словы распялі... Як распінаць яго вялі, На скрыжаванні ты стаяла З малымі дзецьмі. Мужыкі, Яго браты, вучанікі Усе ад страху паўцякалі. — Няхай ідзе! Няхай ідзе! Вось так і ён вас павядзе,— Сказала дзецям і упала На землю трупам.                             Распялі Тваю адзіную дзяціну! Ты ж, адпачыўшы дзесь пад тынам, У Назарэт адна пайшла. Тваю сваячку пахавалі Ў чужой пазычанай труне Чужыя людзі. А Іана Яе зарэзалі ў турме. I Ёсіфа твайго не стала, I ты адненькай гаравала, Адна, як палец, бо такі Твой лёс палатаны, нябога. Браты яго, вучанікі Няцвёрдыя, з душой убогай — Яны на мукі не даліся, Схаваліся і распаўзліся. I ты іх мусіла збіраць. I вось яны неяк сышліся З табою ўночы сумаваць. I ты, вялікая ў жэнах, I іх паныласць, і іх страх Развеяла, як пацяруху, Сваім святым натхнёным духам. Той дух святы свой унясла У душы іхнія. Хвала I пахвала табе, Марыя! Мужы узнесліся святыя, Далёка ў свет яны пайшлі З імем святога твайго сына, Твае балеснае дзяціны, Любоў і праўду паняслі Па свеце ўсім. А ты пад тынам, Сумуючы, у бур’яне Памерла з голаду. Амін.
вернуться

237

...I шыбенічку кінуў...— «крыжык» асацыіруецца з «шыбенічкай», бо на крыжах у старадаўнія часы распіналі асуджаных на смерць.

вернуться

238

Асеі, іасеі — іудзейская секта, якая мела некаторыя агульныя рысы з раннім хрысціянствам.

вернуться

239

Элеон — гара непадалёк ад Іерусаліма.

вернуться

240

Вісон — у тагачасных міжземнаморскіх краінах дарагая тканіна белага ці пурпуровага колеру.

вернуться

241

Раманскі залаты плебей — Іерусалім належаў Рымскай (раманскай) імперыі.

вернуться

242

Хітон (грэч.) — адзежа старажытных грэкаў.