Выбрать главу
      Будзем бачыць, а пакуль што — Адпачыну троху, Ды тым часам распытаю На Маскву дарогу. Ой, далёкі шлях, браточкі! Знаю яго, знаю! Ажно сэрца ледзянее, Як успамінаю. I я калісь папамераў,— Каб яго не мераць!.. Расказаў бы я пра гэта, Але ці ж павераць? «Хлусіць,— скажуць,— такі-гэткі! (Ведама, не ў вочы), А так толькі псуе мову Ды людзей мароча». Праўда ваша, праўда, людзі! Нашто ж тое знаці, Што слязамі перад вамі Буду выліваці? Нашто яно? У кожнага Ці ж свайго не хваце?.. Ану яго!.. А тым часам Крэсіва лепш дайце Ды табакі, каб, як кажуць, З гора не журыцца. А то гаварыць аб ліху — Бяда йшчэ прысніцца! Няхай яе ліха возьме! Лепей памяркую, Дзе мая ўжо Кацярына З Іванкам вандруе.
      За Кіевам ды за Днепрам, Па-над цёмным гаем, Чумачэнькі ідуць шляхам, Пугача спяваюць[7]. Ідзе шляхам маладзіца, Неіначай з прошчы. Чаго ж смутная такая, Заплаканы вочы? На плячах звісае клумак, Латана апратка, У руцэ кій, на другой жа — Заснула дзіцятка. Сустрэлася з чумакамі, Дзіцё закрывае. «Ці ў Маскоўшчыну шлях гэты?» — Чумакоў пытае. «У Маскоўшчыну? Гэты самы. Далёка, нябога?» «У Маскву аж! Майце літасць, Дайце на дарогу!» Бярэ грош і аж трасецца: Цяжка яго браці!.. Дый нашто ёй?.. А дзіцятка? Яна ж яго маці!.. Заплакала, пайшла шляхам, У Броварах спачыла, Ды сыночку за мядзяк той Перніка купіла. Доўга, доўга сіраціна Ішла ды пытала; Было й гэтак, што пад тынам З сынам начавала...
      Бач, нашто здаліся кары вачаняты: Каб пад чужым тынам слёзы выліваць! Вось жа пазважайце й кайцеся, дзяўчаты, Каб не давялося маскаля шукаць, Каб не давялося, як Кася шукае... Тады не пытайце, за што людзі лаюць, За што не пускаюць ў хату начаваць.
      Не пытайце, чарнабрыўкі, Бо людзі не знаюць; Каго бог караць захоча, То й яны караюць... Людзі гнуцца, нібы лозы, Куды вецер вее; Сіраціне сонца свеціць (Свеціць, ды не грэе) — Людзі сонца б заступілі, Калі б мелі сілу, Сіраце каб не свяціла I слёз не сушыла. А завошта, божа мілы? За што светам нудзіць? Што яна людзям зрабіла, Чаго хочуць людзі? Каб плакала!.. Маё сэрца! Не плач, Кацярына, Не паказвай людзям слёзы, Цярпі да загіну! А каб твар не марнаваўся З чорнымі брывамі,— Да ўсход сонца ў цёмным лесе Умыйся слязамі. Умыешся — не пабачаць I не засмяюцца; А сэрцайка адпачыне, Пакуль слёзы льюцца.
      Вось жа як пагана, бачыце, дзяўчаты! Жартуючы кінуў Катрусю маскаль. Нядоля не бачыць, з кім ёй строіць жарты, А людзі хоць бачаць, ды людзям не жаль. «Няхай,— кажуць,— гіне лядача дзяўчына, Калі ўжо не ўмела сябе шанаваць!» Шануйцеся ж, любкі! У благую часіну Каб не давялося маскаля шукаць!
      Дзе ж Катруся блудзіць? Пад тынамі начавала, Раненька ўставала, У Маскоўшчыну паспяшала; Аж бух — зіма стала. Свішча полем завіруха; Ідзе Кацярына У лапцях — цяжкое гора! — Вецер рве хусціну. Кацярына йдзе, дыбае; Глядзіць — штось віднее... Маскалікі йдуць, здаецца... Ой жа! Сэрца млее... Паглядзела, іх сустрэла: «Ці няма,— пытае,— Чарнявага майго Йвана?» Тыя ж: «Мы не знаем». I, як маскалі звычайна, Смяюцца, жартуюць: «Ай да баба! Ай да наши! Кого не надуют!» Паглядзела Кацярына: «I вы, бачу, людзі! Не плач, сынку, маё гора! Што будзе, то й будзе. Пайду далей — больш хадзіла... А можа, й спаткаю; Аддам цябе, мой галубе, А згіну сама я».
      Раве, стогне завіруха, Коціць, верне полем; Стаіць Кася сярод поля, Дала слёзам волю. Утамілася завея, Там-сям пазяхае; Яшчэ б плакала Катруся, Ды слёз больш не мае. Паўзіралася на дзіця: Ўмытае слязою, Чырванее, нібы кветка Ўранку пад расою. Ўсміхнулася Кацярына, А ва ўсмешцы — мукі: Каля сэрца скрабянула Чорная гадзюка. Вокал моўчкі паглядзела; Бачыць — лес чарнее, А пад лесам, край дарогі, Як бы дом віднее. «Хадзем, сыне! Змяркаецца... Ў хату пусцяць, можа, А не пусцяць, то і ў полі Начаваці зможам. Пад хатаю заначуем, Сыне мой Іване! Дзе ж ты будзеш начаваці, Як мяне не стане? З сабакамі, мой сыночку, Дзялі сваё гора! Сабакі хоць пакусаюць, Ды не загавораць, Не раскажуць, смеючыся... З сабакамі жыці... Бедна ж мая галовачка! Ой, што мне рабіці?»
вернуться

7

Пугача спяваюць...— Народная чумацкая песня.