Пайшла ж бы я ўтапіцца —
Жаль душу згубіці...
Калі не жыве мой любы,—
Зрабі, калі ласка,
Каб дадому не вярнуцца...
Цяжанька мне, цяжка!
Там стары жджэ са сватамі...
Скажы ж маю долю!»
«Добра, дзетка! Спачынь трошкі...
Чыні ж маю волю.
Я сама была дзяўчынай —
Гэта ліха знаю;
Мінулася — наўчылася:
Людзям памагаю.
Тваю долю, мая дзетка,
Я залетась знала
I залетась траўкі-зелля
Для таго прыдбала».
Пайшла баба і дастала
Пляшачку з паліцы.
«Вось на табе гэта дзіва!
Пайдзі да крыніцы;
Пакуль пеўні не спявалі,
Умыйся вадою,
Выпі трошкі гэтых зёлак —
Гора ўсё загояць.
Бяжы, выпіўшы, як змога;
Што б там ні крычала,
Не аглянься, пакуль станеш
Там, дзе развіталась.
Адпачынеш; а як стане
Месяц сярод неба,
Выпі йшчэ раз, а не прыйдзе —
Ў трэць раз выпіць трэба.
За раз першы, як і летась,
Будзеш ты такою;
За другі раз — сярод стэпу
Тупне конь нагою.
Калі жыў твой казачэнька,
То зараз прыбудзе...
А за трэці, мая дзетка!
Не пытай, што будзе...
Ды йшчэ, чуеш, не хрысціся,
Бо ўсё пойдзе ў воду...
Цяпер жа йдзі, палюбуйся
На леташню ўроду».
Ўзяла зелле, пакланілась:
«Дзякую, бабуся!»
Выйшла з хаты: «Ці йсці, ці не?..
Не, ужо не вярнуся!»
Прыйшла яна, напілася,
Ціха мірганула,
Двойчы, тройчы напілася,
Назад не зірнула.
Паляцела, як на крыллях,
Сярод стэпу пала...
Пала, стала, заплакала
I... і заспявала.
«Плавай, плавай, лебядзінка,
Па сіняму мору!
Расці, расці, тапалінка,
Ўсё ўгору ды ўгору!
Расці гнуткай ды высокай
Да самае хмары,—
Спытай бога, ці дажду я,
Ці не дажду пары?
Расці, расці, прыглядзіся
За сіняе мора:
Па тым боку — мая доля,
А па гэтым — гора.
Там дзесь мілы, чарнабрывы
Спявае, гуляе,
А я плачу, леты трачу,
Яго выглядаю.
Скажы яму, маё сэрца,
Што смяюцца людзі;
Скажы яму, што загіну,
Як яго не будзе!
Сама хоча мяне маці
Ў зямлю пахаваці...
А хто ж яе галовачку
Будзе даглядаці?
Хто дагледзіць, запытае,
На старасць паможа?
Мая ж мама!.. мая ж доля!..
Божа мілы, божа!..
Зірні, гляні, тапалінка!
Як няма — заплачаш
Да ўсход сонца, ранюсенька,
Каб ніхто не бачыў...
Расці ж, сэрца-тапалінка,
Усё ўгору, ўгору!
Плавай, плавай, лебядзінка,
Па сіняму мору!»
Гэтак тая чарнабрыўка
Плакала, спявала...
I надзіва сярод поля
Таполяю стала.
Па дуброве вецер вее,
Гуляе па полі,
Край дарогі гне таполю
Да самага долу.
С.-Пецярбург
1839
ДА АСНАВЯНЕНКІ[11]
Б’юць парогі; ўсходзіць месяц,
Як і перш усходзіў...
Няма Сечы[12], прапаў і той,
Хто ўсім верхаводзіў.
Няма Сечы! А чароты
У Дняпра пытаюць:
«Дзе дзеліся нашы дзеці?
Дзе яны гуляюць?»
Лятаючы, скігліць чайка,
Бы па дзецях плача;
Сонца грэе, вецер вее
На стэпу казачым.
На тым стэпу скрозь магілы
Стаяць ды сумуюць;
Ветра буйнага пытаюць:
«Дзе нашы пануюць?
Дзе пануюць, банкетуюць?
Дзе вы загасцілі?..
Вярнецеся! Во, пшаніцы
Колас пахілілі,
Дзе пасліся вашы коні,
Дзе трава шумела,
Дзе кроў ляхаў і татараў
Морам чырванела.
Вярнецеся!..»
«Не вернуцца! —
Загулі, сказалі
Хвалі мора.— Не вернуцца,
Навекі прапалі!»
Праўда, праўда, сіне мора:
Такая іх доля!
Не вернуцца чаканыя,
Не вернецца воля,
Не вернуцца запарожцы,
Не ўстануць гетманы,
Не пакрыюць Украіну
Чырвоны жупаны.
Абадрана сіратою
Па-над Днепрам плача;
Цяжка-цяжка сіраціне,
А ніхто не бача,
Толькі вораг, што смяецца...
Смейся, люты ўража!
Дый не дужа, бо ўсё гіне,—
Слава не паляжа;
Не паляжа, а раскажа,
Што было на свеце,
Чыя праўда, чыя крыўда
I чые мы дзеці,
Наша дума, наша песня
Не ўмрэ, не загіне...
Вось дзе, людзі, наша слава,
Слава Украіны!
Без золата, без камення,
Без хітрае мовы,
Галасіста ды праўдзіва,
Як божае слова...
Ці так, бацька-атамане?
Ці праўду спяваю?
Эх, каб тое!.. Ды казаць што! —
Таленту не маю.
Маскоўшчына йшчэ пры гэтым,
Скрозь чужыя людзі.
«Не патурай!» — можа, скажаш;
Ды што з таго будзе?
Насмяюцца з таго псалму,
Што вылью слязамі; Насмяюцца!..
Цяжка, бацька, Жыці з варагамі!
Пабароўся б і я, можа,
Каб сілы прыклікаў;
Заспяваў бы — галасок быў,
Ды з’елі пазыкі.
Вось яна, бяда якая,
Бацька мой, ліхая!
Блуджу ў снезе ды сабе сам:
«Ой, не шумі, гаю!»
Не зайграю больш. Ты ж, бацька,
Як сам здароў, знаеш,
Цябе людзі паважаюць,
Добры голас маеш.
Спявай жа ім, мой галубе!
Пра Сеч, пра магілы,
Дзе насыпалі якую,
Каго палажылі;
Пра былое й тыя дзівы,
Што былі, мінулі...
Зайграй, бацька! Каб нехаця
На ўвесь свет пачулі,
Што тварылася на Ўкрайне,
За што памірала,
За што слава казацкая
На ўсім свеце стала!
вернуться
11
Квітка-Аснавяненка Грыгорый Фёдаравіч (1778—1843) — вядомы ўкраінскі пісьменнік, пісаў на рускай і ўкраінскай мовах.
вернуться
12
Няма Сечы... Запарожская Сеч — арганізацыя ўкраінскага казацтва, якая ўзнікла з беглых прыгонных і беднаты ў 1-й пал. XVI ст. на цяжкадаступных астравах за Дняпроўскімі парогамі. Канчаткова была зруйнавана Екацярынай II у 1775 г.