Зайграй, бацька, арол сізы!
Няхай я заплачу,
Няхай сваю Украіну
Я йшчэ раз пабачу;
Хай паслухаю яшчэ раз,
Як мора іграе.
Як дзяўчына пад вярбою
Грыца заспявае;
Хай яшчэ раз усміхнецца
Сэрца на чужыне,
Пакуль ляжа ў чужу землю,
Ў чужой дамавіне!
С.-Пецярбург
1839
ІВАН ПАДКОВА[13]
В. I. Штэрнбергу
І
Было калісь на Ўкраіне —
Гарматы равелі;
Было калісь — запарожцы
Панаваць умелі!
Панавалі, здабывалі
I славу і волю,—
Мінулася: засталіся
Магілы на полі.
Ой, высокія магілы
Ля долаў-байракаў,
Дзе казацкае спіць цела,
Спавіта кітайкай.
Ой, высокія магілы
Чарнеюць, як горы,
Ды пра волю ціха ў полі
З ветрамі гавораць.
Сведка прадзедавай славы
З ветрам размаўляе,
А касу ў расу нясе ўнук,
За імі спявае.
Было калісь на Ўкраіне —
Гора танцавала,
Журба ў шынку мёд-гарэлку,
Як ваду, смактала.
Было калісь добра жыці
На той Украіне...
Дык успомнім, можа, сэрца
Хоць трохі спачыне.
II
Чорна хмара з-за Ліману
Неба, сонца крые;
Сіне мора дзікім зверам
То стогне, то вые.
Дняпра вусце затапіла...
«Нуце, хлопцы-брацці,
На байдакі! Мора грае —
Хадзем пагуляці!»
Высыпалі запарожцы —
Ліман чоўны ўслалі.
«Грай жа, мора!» — заспявалі,
Пайшлі пенай хвалі;
Кругом хвалі, нібы горы,—
Ні зямлі, ні неба.
Сэрца млее, казакам жа
Таго толькі й трэба —
Плывуць сабе ды спяваюць;
Рыбалка лятае;
Атаман стаў на сам-перад,
Вядзе, куды знае.
Пахаджае ўздоўж байдака,
Гасне люлька ў роце;
Пазірае сюды-туды —
Дзе та быць рабоце?
Закруціўшы чорны вусы,
За вуха чупрыну,
Падняў шапку — чоўны сталі.
«Няхай вораг гіне!
Не ў Сінопу[14], атаманы,
Панове-малойцы!
А у Царград[15] да султана
Паедзем у госці!»
«Добра, бацька-атамане!» —
Кругом заравела.
«Дзякуй жа вам!» Надзеў шапку,—
Ізноў закіпела
Сіне мора. Ўздоўж байдака
Ізноў пахаджае
Пан атаман ды на хвалю
Моўчкі паглядае.
С.-Пецярбург
1839
ГАЙДАМАКІ[16]
Паэма
Васілю Іванавічу Грыгаровічу[17]
вернуться
13
Падкова Іван — гістарычная асоба, важак запарожскіх казакаў у 2-й пал. XVI ст. Вядомы паходамі супраць турак. Пакараны смерцю ў Львове ў 1578 г. Звесткі пра яго ўдзел у марскіх паходах гістарычнымі дакументамі не пацверджаны.
вернуться
16
Гайдамакі — удзельнікі народнага паўстання на Украіне супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту польскай шляхты. У паэме Шаўчэнкі адлюстраваны адзін з самых драматычных момантаў гэтай барацьбы, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай Калііўшчыны (1768 г.).
вернуться
17
Грыгаровіч Васіль Іванавіч (1786—1865) — канферэнц-сакратар Акадэміі мастацтваў, прымаў удзел у выкупе Шаўчэнкі з прыгону.