Дзіўлюся, смяюся, слёзы ўжо ўціраю...
Я не адзінокі, ёсць з кім век дажыць!
У маёй хаціне, бы ў стэпу без краю,
Казацтва гуляе, байрак[22] гаманіць;
У маёй хаціне сіне мора грае,
Магіла сумуе, таполя шуміць,
Ціхусенька Грыца дзяўчына спявае —
Я не адзінокі, маю з кім я жыць!
Во маё дзе дабро, грошы,
Слава і парада!
А за вашу раду — дзякуй,
Здрадніцкую раду!
Пакуль жыў я, з мяне хопіць
I мёртвага слова,
Выліваць каб журбу, слёзы...
Бывайце здаровы!
Пайду сыноў праважаці
Ў дальнюю дарогу.
Хай сабе йдуць! Можа, знойдуць
Казака старога,
Што прыгорне маіх дзетак
Старымі слязамі.
Хопіць з мяне. Скажу йшчэ раз:
Пан я над панамі!
Вось так, седзячы на лаве,
Ў думках разважаю:
Каго прасіць? Павядзе хто?
На дварэ світае,
Пагас месяц, гарыць сонца,
Гайдамакі ўсталі,
Памаліліся, паелі,
Вокал мяне сталі.
Сумна гэтая грамада
Голавы схіліла:
«Багаславі,— кажуць,— бацька,
Пакуль маем сілу!
Багаславі шукаць долю
На шырокім свеце».
«Пачакайце!.. Свет — не хата,
Вы ж малыя дзеці,
Куды йсці вам? Хто важатым
Пойдзе перад вамі?
Павядзе хто? Гора, дзеці,
Горанька мне з вамі!
Выпесціў вас, выгадаваў,
Выраслі нямала,
Ў людзі йдзеце, бо цяпер там
Ўсё пісьменным стала.
Выбачайце, што не выўчыў,
Бо й мяне хоць білі,
Добра білі, а багата
Чаму навучылі!
Тма, мна — знаю, а оксію[23]
Не ўцямлю і досюль.
Што ж вам скажуць? Хадзем, сыны,
Хадзема папросім!
Ёсць у мяне шчыры бацька[24]
(Роднага не маю) —
Ён жа дасць мне раду з вамі,
Бо сам добра знае,
Як цяжка блукаць па свеце
Сіраце без роду;
Душа шчырая на тое,
Казацкага роду!..
Не адрокся таго слова,
Што маці спявала,
Як малога спавівала,
З малым размаўляла;
Не адрокся таго слова,
Што пра Украіну,
Сумуючы, сляпы старац
Спявае пад тынам.
Любіць яе, думу праўды,
Казацкую славу,
Любіць яе! Хадзем, сыны,
За радай ласкавай!
Каб не ён спаткаў мяне так
Пры ліхой часіне,
Даўно б дасюль пахавалі
Ў снезе на чужыне;
Пахавалі б дый сказалі:
«Так... нешта пустое...—
Цяжка тужыць, як не знаеш
За што, за якое.
Мінулася, хай не сніцца!..
Пойдзема гуляці!
Калі мне ён на чужыне
Не даў прападаці,
То й вас прыме, прывітае
Як роднага сына.
Памаліўшыся ўсе разам
Гайда на Ўкраіну!»
Добры дзень жа, тата, ў хату!
Ля свайго парогу
Багаславі маіх дзетак
У свет, у дарогу!
С.-Пецярбург
1841
ІНТРАДУКЦЫЯ[25]
Была калісь шляхетчына
Вяльможная пані,
Мералася з маскалямі,
З ордай, з султанамі,
З немчурою. Было колісь...
Ды што не мінае?
Было, шляхта ганарыцца,
Дзень і ноч гуляе
Ды муштруе каралямі...
Не кажу Сцяпанам[26]
Ці Янам Сабескім[27]:
Яны з незвычайных,—
А іншымі... Небаракі
Моўчкі панавалі.
Соймы, соймікі равелі,
Суседзі маўчалі,
Дзівіліся, як там з Польшчы
Каралі ўцякаюць,
Ды слухалі, як шляхецтва
Збэшчана гуляе:
«Nie pozwalam![28] Nie pozwalam!»
I шляхта гвалтуе,
А магнаты паляць хаты,
Шабелькі гартуюць...
Доўга гэтак тварылася,
Пакуль у Варшаве
Панаваць стаў над ляхамі
Панятоўскі[29] жвавы.
вернуться
23
Тма, мна — знаю, а оксію... «Тма», «мна» — склады з царкоўнаславянскага буквара, «оксія» — знак націску над складам у царкоўных кнігах.
вернуться
28
«Nie pozwalam!» — «Не дазваляю», права вета, забароны, якое меў кожны член сейма і мог сарваць любую яго пастанову, бо яны прымаліся толькі аднагалосна.