Выбрать главу
      Ну, не плач жа, на мяне глянь: Заўтра не пабачыш. Заўтра буду я далёка, Далёка, Аксана... Заўтра ўночы ў Чыгірыне[39]. Свянцоны дастану; Срэбра-золата ён дасць мне, Дасць ён мне і славу; Адзену цябе, абую, Пасаджу, як паву,— На пасадзе, як гетманку, Буду любавацца...
      Пакуль не ўмру — любавацца». «А можа й так стацца: Разбагацееш, у Кіеў Паедзеш з панамі, Шляхцяначку сабе знойдзеш, Забудзеш Аксану!» «Няўжо ёсць дзе прыгажэйша?» «Стрэнешся мо й з лепшай». «Гневіш бога, маё сэрца: Няма прыгажэйшай! Ні на небе, ні за небам, Ні за сінім морам — Няма больш, як ты, прыгожай!» «Што гэта гаворыш? Апомніся!»                 «Праўду, рыбка!» Дый знову, дый знову. Як бачыце, яны доўга Паміж чулых словаў Цалаваліся ўсім сэрцам, Колькі сілы мелі; Плакалі ды бажыліся, Туліліся, млелі. Ёй расказываў Ярэма, Як ім жыцца будзе Удваёчку, як золата I долю здабудзе. Як выражуць гайдамакі Ляхаў на Ўкраіне, Як ён будзе панаваці, Калі не загіне. Аж абрыдала ўсё слухаць, Далібог, дзяўчаткі! «Вось які! Як бы й сапраўды Абрыдла!..»                    А матка Або бацька як пабачаць, Што вы, мае любы, Чытаеце гэта дзіва,— Грэха на ўсё губу! Тады, тады... Ды ну яго, А яно цікава! А каб жа вам расказаць бы, Як казак чарнявы Пад вярбою, над вадою, Абняўшысь сумуе; А Аксана, як галубка, Варкуе, цалуе. То заплача, то замлее, То галоўку склоне: «Маё сэрца, мая доля! Мілы мой саколе! Мой!..» Аж вербы нагнуліся Слухаць тую мову. Вось так мова! Не скажу вам, Мае чарнабровы, Не раскажу проці ночы, Прысніцца наліха. Хай разыдуцца ціхенька, Як зышліся ціха — Ціхусенька, мілюсенька, Каб ніхто не бачыў Ні дзявочых дробных слёзак, Ні шчырых казачых. Няхай сабе... Можа, йшчэ раз На гэтым на свеце Яны стрэнуцца... пабачым...
      А тым часам свеціць З усіх акон у ктытара. Што магло там стацца? Трэба глянуць, расказаці... Бадай не ўглядацца... Бадай не ўглядацца, бо якое ж свята! Бо за людзей сорам, бо сэрца баліць. Гляньце, паглядзеце: то канфедэраты, Людзі, што меліся волю бараніць. Бараніць, загубцы!.. Будзь праклята маці, I дзень, і гадзіна, калі панясла, Калі спарадзіла, на свет прывяла! Глядзеце, што робяць у ктытара ў хаце Пякельныя дзеці!                            У печы палае Агонь і свеціць на ўсю хату. Сабакай у кутку дрыжыць Пракляты жыд. Канфедэраты Крычаць ктытару: «Хочаш жыць? Скажы, дзе грошы?»                                Той маўчыць. Пастронкамі скруцілі рукі, Аб землю ўдарылі... Няма, Няма ні слова. «Мала мукі! Давайце прыску! Дзе смала? Крапі яго! Так! Халадзее? Хутчэй жа прыскам пасыпай! Што? Скажаш, шэльма?.. I не стогне! Заўзяты, бестыя! Чакай!..» Насыпалі ў халяву жару... «Цвічок у цемя забівай!» Не выцерпеў святое кары, Упаў няшчасны — прападай Душа без споведзі святое! «Аксана... дочка!» — дый сканаў. Зірнулі ляхі з неспакоем, Хоць заядлыя. «Якую ж нам Цяпер даць раду? Памяркуем. Цяпер з ім нечага рабіць. Запалім цэркву!»                          «Гвалт! Ратуйце! Хто ў бога веруе!» — крычыць На дварэ голас у бяссіллі. Уздрыгнулі ляхі: «Хто такі?» Аксана ў дзверы: «Ах, забілі!» Дый пала крыжом. Старшы з іх Махнуў рукою на грамаду. Панура шляхта, бы харты, За дзверы выйшла. Сам жа ззаду Бярэ самлелую...                        Дзе ж ты, Ярэма, дзе ты? Падзівіся. А ён, вандруючы, спявае, Як Налівайка[40] з ляхам біўся.
вернуться

39

Чыгірын, Чыгрын — горад на Чаркашчыне. Быў сталіцай украінскіх гетманаў пачынаючы з Багдана Хмяльніцкага.

вернуться

40

Налівайка — кіраўнік антыфеадальнага сялянскага паўстання, дзейнічаў і на Беларусі. У заўвагах Т. Шаўчэнкі да «Гайдамакаў» чытаем: «Паўла Налівайку жывога спалілі ў Варшаве... (Георгі Каніскі)».