Выбрать главу

А мудра спявае! Калі не паслухаеш, усё іншую. Падкрадземся, браткі, ды паслухаем, а тым часам зазвоняць.

Старшына першы і другі

А што ж? То й хадзема!

Старшына трэці

Добра, пойдзем!

(Старшыны цішком сталі за дубам, а пад дубам сядзіць сляпы кабзар; кругом яго запарожцы і гайдамакі. Кабзар спявае з павагай і няголасна.)

«Ой, волахі, волахі! Вас засталося трохі, I вы, малдаваны, Цяпер вы не паны: Вашы гаспадары — Найміты ў татараў, У турэцкіх султанаў. У кайданах, ў кайданах! Годзе ж, не журыцца! Шчыра памаліцца, Братайцеся з намі, З намі, казакамі; Успомніце Багдана, Старога гетмана; Будзеце панамі, Ды, як мы, з нажамі, З нажамі святымі, Ды з бацькам Максімам Ночку пагуляем, Ляхаў пагайдаем, Ды так пагуляем, Што аж пекла засмяецца, Зямля затрасецца, Неба запалае... Добра пагуляем!»

Запарожац

Добра пагуляем! Праўду стары спявае, калі не брэша. А што з яго за кабзар быў бы, каб ды не волах!

Кабзар

Ды я й не волах — так толькі: быў калісьці на Валошчыне[49], а людзі і завуць Волахам — сам не знаю, за што.

Запарожац

Ну і надарэмна. Іграні яшчэ якую-небудзь! Ану пра бацьку Максіма зажар.

Гайдамака

Ды не голасна, каб не пачуў старшына.

Запарожац

А што нам ваш старшына? Пачуе, дык паслухае, калі мае чым слухаць, дый годзе! У нас адзін старшы — бацька Максім; а ён як пачуе, то ішчэ карбаванца дасць. Спявай, старча божы, не слухай яго.

Гайдамака

Ды яно так, чалавеча. Я гэта й сам знаю, ды вось што: не так паны, як падпанкі, або — пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць.

Запарожац

Брахня! Спявай, старча божы, якую знаеш, а то й звона не дачакаемся — паснем.

Разам

Папраўдзе, паснем. Спявай якую-небудзь!

Кабзар (спявае)

      «Ой, лётае арол сізы Аж пад аблакамі. Ой, гуляе Максім-бацька Стэпамі, лясамі. Арол сізы, з ім арляты Высака лятаюць. Ой, гуляе Максім-бацька, З ім хлопцы гуляюць. Запарожцы тыя хлопцы, Сыны яго, дзеці. Памяркуе, загадае, Біць ці піць і пеці Ці скакаці, ды і ўжараць, Аж зямля трасецца. Заспявае — заспяваюць, Аж ліха смяецца; Мёд, гарэліцу не чаркай — А збанком сцябае, А ворага, заплюшчыўшысь, Лупіць, не мінае. Вось які той атаман наш, Арол сізакрылы! I ваюе, і гарцуе З усёй сваёй сілы — Няма ў яго ні хаціны, Ні саду, ні ставу... Стэп і мора — скрозь шлях біты, Скрозь золата, слава. Шануйцеся ж, ўражы ляхі, Лютыя сабакі: Йдзе Залязняк Чорным шляхам[50], За ім гайдамакі».

Запарожац

Вось гэта так! Шмаргануў, нечага сказаць: і да ладу, і праўда. Добра, далібо, добра! Што хоча, то так і ўтне. Дзякуй, дзякуй!

Гайдамака

Я штось не ўцяміў, што ён спяваў пра гайдамакаў?

Запарожац

Які ж ты бязглузднік, сапраўды! Бачыш, вось што ён спяваў: калі ляхі паганыя, шалёныя сабакі, каяліся, бо йдзе Залязняк Чорным шляхам з гайдамакамі, каб ляхаў, бачыш, рэзаць...

Гайдамака

I вешаць і катаваць! Добра, яй-богу, добра! Ну, гэта так! Далібо, даў бы карбаванца, каб быў не прапіў учора! ІНкада! Ну, няхай старая вязне, больш мяса будзе. Пачакай, будзь ласкаў, заўтра аддам. Утні яшчэ што-небудзь пра гайдамакаў.

Кабзар

На грошы я не вельмі ласы. Абы была ласка слухаць,— пакуль не ахрып, спяваць буду; а ахрыпну — чарачку-другую таей лядашніцы-жывіцы, дый зноў. Слухайце ж, панове, грамада!

      «Начавалі гайдамакі Ў зялёнай дуброве, На прывязі паслі коні, Ў сёдлах, нагатове. Начавалі ляшкі-панкі У хатах з жыдамі, Напіліся, разлягліся, Дый...»

Грамада

Сцішцеся! Здаецца, звоняць? Чуеш? Яшчэ раз... О!..

«Зазванілі, зазванілі!» — Пайшло рэха гаем. «Ідзіце вы маліцеся, А я даспяваю».
      Павалілі гайдамакі, Аж стогне дуброва; Не павезлі, а на плечах Вазы чумаковы Нясуць яны. А за імі Сляпы Волах знову: «Начавалі гайдамакі Ў зялёнай дуброве...» Услед пляцецца, ў нос мармоча, I ўсё недарэчы. «Дай нам іншай, старча божы!» — З вазамі на плечах Крычаць яму гайдамакі. «Добра, наце, хлопцы! Вось так! Вось так! Добра, добра! Ану-це, малойцы, Заіграем!»                Зямля гнецца, А яны з вазамі Так і рэжуць. Кабзар грае, Дадае славамі:
вернуться

49

Валошчына — гістарычная назва тэрыторыі на поўдні Румыніі, на той час была захоплена Турцыяй.

вернуться

50

Йдзе Залязняк Чорным шляхам... У заўвагах Т. Шаўчэнкі сказана: «Чорны шлях ішоў ад Дняпра паміж рэчак Сакораўкі і Насачоўкі і бег цераз стэпы запарожскія, цераз ваяводствы Кіеўскае, Падольскае і Валынскае — на Чырвоную Русь да Львова. Чорным названы таму, што па ім татары хадзілі ў Польшчу і сваімі табунамі выбівалі траву».