ТРЭЦІЯ ПЕЎНІ
Штодзень Украйну катавалі
Крывава ляхі; йшчэ адзін,
Адзін астатні сумавалі
I Украіна, і Чыгрын.
I той мінуў, дзень макавея,
Украйны свята і надзея.
Мінуў... I лях, і жыдавін
З крывёй гарэлку выпівалі,
Клялі схізмата, распіналі,
Клялі, што нечага ўжо ўзяць.
А гайдамакі моўчкі ждалі,
Пакуль паганцы лягуць спаць.
Ляглі — і ў голавы не клалі,
Што ўжо ім заўтра не ўставаць.
Заснулі ляхі ўжо, а Юды
Йшчэ лічаць грошы уначы,
Ўпацёмку лічаць барышы,
Каб не пабачылі, бач, людзі.
На золата й яны ляглі
I сном нячыстым задрамалі.
Дрэмлюць... Каб навекі яны задрамалі!
А тым часам месяц плыве аглядаць
I неба, і зоры, і зямлю, і мора,
Ды на людзей глянуць, на іх долю, гора,
Каб раніцай богу гэта расказаць.
Свеціць белаліцы на ўсю Украіну,
Свеціць, а ці бачыць маю сіраціну,
Аксану з Вільшаны, сірату маю?
Дзе яе катуюць, дзе яна варкуе?
Ці знае Ярэма? Ці знае, ці чуе?
Пабачыма потым... А цяпер спяю,
Не тую — другую, іншую зайграю;
Ліха — не дзяўчаты — будзе танцаваць.
Нядолю спяваю казацкага краю!
Слухайце ж, каб дзецям потым расказаць,
Каб і дзеці зналі,— ўнукам расказалі,
Як казакі шляхту цяжка пакаралі
За то, што не ўмела ў дабры панаваць.
Гаманіла Украіна,
Доўга гаманіла,
Доўга кроў цякла стэпамі,
Поле чырваніла.
Цякла, цякла дый высахла.
Стэпы зелянеюць;
Дзяды ляжаць, а над імі
Магілы сінеюць.
Што з таго, што высокія?
Ніхто іх не знае,
Ніхто шчыра не заплача
I не ўспамінае.
Толькі вецер ціхусенька
Павее часамі,
Толькі росы ранюсенька
Дробнымі слязамі
Іх умыюць. Сонца ўзыдзе,
Асушыць, прыгрэе...
Ну, а ўнукі? Ім хоць бы што —
Жыта сабе сеюць!
Багата іх, а хто скажа,
Дзе Гонты магіла?
Дзе мучаніка схавала
Варожая сіла?
Залязняк дзе з душой шчырай,
Дзе адпачывае?
Цяжка-цяжка! Кат пануе,
Іх жа як не знаюць.
Гаманіла Украіна,
Доўга гаманіла,
Доўга кроў цякла стэпамі,
Поле чырваніла.
Дзень і ноч гвалт і гарматы,
Зямля стогне, гнецца,
Сумна, страшна, а успомніш —
Сэрца усміхнецца.
Месячык мой ясны! З высокага неба
За гару схавайся, бо святла не трэба,
Страшна табе будзе, хоць гуляў на Росе,
На Альце, на Сене[58], і там разлілося
Крыві, не знай за што, шырокае мора.
А цяпер што будзе? Схавайся ж за горы:
Схавайся, мой дружа, каб не давялося
На старасць заплакаць...
Сумна, сумна сярод неба
Ззяе белаліцы.
Паўздоўж Дняпра ідзе казак,
Можа, з вечарніцы.
Ідзе смутны, невясёлы,
Ледзьве цягне ногі.
Мо за тое ўжо не любіць
Дзяўчына, што ўбогі?
I дзяўчына яго любіць,
Хоць лата ля латы.
Чарнабрывы, ён не згіне,
Будзе і багаты.
Чаго ж смутны, невясёлы
Ідзе, чуць не плача?
Якусь цяжкую нядолю
Адчуў той казача.
Хоць варожыць, ды не скажа,
Што за ліха будзе.
Міне ліха... Вокал яго —
Бы вымерлі людзі.
Ані пеўня, ні сабакі,
I толькі з-за гаю
Дзесь далёка небаракі
Ваўкі завываюць.
Хай выюць! Ідзе Ярэма,
Ды не да Аксаны,
Не ў Вільшану на досвіткі,—
Да ляхаў паганых
У Чаркасы. А там трэці
Певень заспявае.
А там... там... Ідзе Ярэма,
Дняпро аглядае.
«Ой, Дняпро, Дняпро мой, шырокі ды дужы!
Багата ты, бацька, у мора насіў
Той крыві казацкай — йшчэ панясеш, дружа!
Чырваніў ты мора, ды не напаіў,—
А ў ноч гэту ўп’ешся. Пякельнае свята
Па ўсёй Украіне сёння зараве;
Пацячэ багата, багата, багата
Шляхоцкае крыві. Казак ажыве,
Ажывуць гетманы ў залатых жупанах,
Прабудзіцца доля; казак запяе:
«Ні жыда, ні ляха!» А ў стэпах Украйны —
О божа мой мілы — булава блісне!»
Так думаў, ідучы ў латанай свіціне,
З свянцоным гаротны Ярэма ў руках.
Дняпро ж бы падслухаў: шырокі ды сіні
Падняў горы-хвалі; грозна ў чаратах —
Раве, стогне, завывае,
Лозы нагінае;
Гром грукоча... А маланка
Хмару раздзірае.
Ідзе сабе наш Ярэмча,
Нічога не бача;
Адна думка усміхнецца,
Другая заплача.
«Там Аксана, там вясёла
I ў шэрай свіціне;
А тут... а тут... што йшчэ будзе?
Можа, йшчэ загіну!»
А тым часам з-пад байраку
Певень — кукарэку!
«А Чаркасы!.. божа мілы,
Не ўкараці веку!»
вернуться
58
...Хоць гуляў на Росе, на Альце, на Сене... Называючы Сену, рэчку, на якой стаіць Парыж, Шаўчэнка мае на ўвазе Варфаламееўскую ноч (пад святога Варфаламея 24.VIII.1572 г.), калі французскія католікі, падбухтораныя рымскай царквой, нішчылі гугенотаў.