Паехалі... а Чаркасы
Палаюць, палаюць.
Палайце! Ніхто й не гляне.
Смяюцца, ды лаюць
Панкоў-шляхту, і гамоняць,
Кабзара марочаць.
Залязняк жа насам перад
Пільна вухам сочыць;
Едзе сабе, люльку курыць,
Нікому ні слова.
А за ім нямы Ярэма...
Зялёна дуброва,
I гай цёмны, і Днепр дужы,
Высокія горы,
Неба, зоры, дабро, людзі
I лютае гора —
Ўсё прапала, ўсё! Нічога
Не знае, не бача,—
Як забіты. Яму цяжка,
Цяжка, а не плача.
Крыважадная гадзюка
Смагла выпівае
Яго слёзы, душу давіць,
Сэрца раздзірае.
«Ой вы, слёзы, дробны слёзы,
Вы змыеце гора,
Змыйце яго... Цяжка, нудна!
I сіняга мора,
I Дняпра, каб гора выліць,—
I Дняпра не стане!
Загубіці хіба душу?
Аксана! Аксана!
Дзе ты? Дзе ты? Адгукніся,
Мая ты ядына!
Паглядзі ты на Ярэму!
Дзе ты? Можа, гіне;
Можа, цяжка кляне долю,
Кляне, умірае
Або ў пана у кайданах
У склепе канае!
Мо Ярэму ўспамінае,
Родную Вільшану,
Кліча яго: «Маё сэрца,
Абымі Аксану!
Абымемся, мой саколе!
Навекі замлеем.
Няхай здзекуюцца ляхі,
Не пачуем!..» Вее,
Вее вецер з-за Ліману,
Гне таполю ў полі —
I дзяўчына пахінецца,
Куды гне нядоля,
Пасумуе, пажурыцца,
Забудзе... і можа...
У жупане — сама пані.
А лях... божа, божа!
Карай пеклам маю душу,
Вылі мукі мора,
Разбі кару нада мною,
Ды не такім горам
Карай сэрца! Разарвецца,
Хоць было б як камень!
Доля мая, маё сэрца!
Аксана! Аксана!
Дзе ты дзелася, прапала?»
I хлынулі слёзы —
Драбнюткія паліліся.
Скуль яны ўзяліся?
А Залязняк гайдамакам
Кажа запыніцца:
«У лес, хлопцы! Бо світае
I коні прысталі:
Папасём іх!» I ціхенька
На папаску сталі.
ГУПАЛАЎШЧЫНА
Зайшло сонца, Украіна —
Дзе палала, тлела,
А дзе шляхта, запёршыся,
У будынках млела.
Скрозь па сёлах шыбельніцы;
Навешана трупаў —
Толькі старшых, а так шляхта —
Валяецца гуртам.
На вуліцах, на расстанях
Сабакі, вароны
Грызуць шляхту, клююць вочы —
Ніхто не бароніць...
Дый некаму: засталіся
Дзеці ды сабакі —
Жанкі нават з качаргамі
Пайшлі ў гайдамакі.
Вось было якое ліха
Па ўсёй Украіне!
Горш ад пекла... А завошта,
За што людзі гінуць?
Таго ж бацькі, тыя ж дзеці —
Жыць бы ды братацца.
Не, не ўмелі, не хацелі —
Трэба раз’яднацца!
Крыві трэба, крыві братняй,
Бо зайздрасць, што ў брата
Ё ў каморы і на полі,
I поўная хата.
«Заб’ём брата! Спалім хату!» —
Сказалі, зрабілі.
Ўсё б, здаецца!.. Не, на кару
Сіротаў пусцілі.
Раслі ў слёзах, дый выраслі;
Замучаны рукі
Развязаліся — й кроў за кроў,
I мукі за мукі!
Баліць сэрца, як успомніш:
У крыві заліты
Славян дзеці. А хто вінен?
Ксяндзы, езуіты!..
Вандравалі гайдамакі
Ярамі, лясамі,
А за імі і Галайда
З дробнымі слязамі.
Ўжо мінулі Вараноўку,
Вярбоўку, ў Вільшану
Прыехалі. «Спытаць хіба,
Спытаць пра Аксану?
Не спытаю, каб не зналі,
За што прападаю...»
А тым часам гайдамакі
Й Вільшану мінаюць.
Пытаецца у хлопчыка:
«Ктытара забілі?»
«Ды не, дзядзька, казаў бацька,
Што яго спалілі
Тыя ляхі, што ляжаць там,
I Аксану ўкралі.
А ктытара на цвінтары
Ўчора пахавалі».
Не даслухаў... «Нясі, косю!»
I паводдзе кінуў.
«Чаму ўчора, як не ведаў,
Чаму не загінуў!
А калі і ўмру сягоння,
З дамавіны ўстану
Ляхаў мучыць. Сэрца маё!
Аксана! Аксана!
Дзе ты?»
Змоўкнуў, зажурыўся,
Паехаў ступою.
Цяжка-цяжка бедачыне
Змагацца з тугою.
Дагнаў сваіх. Баравіцкім
Полем ужо едуць.
Са стадолай карчма тлее,
А Лейбы ні следу.
Усміхнуўся мой Ярэма,
Цяжка усміхнуўся:
«Вось тут, вось тут пазаўчора
Перад жыдам гнуўся,
А сягоння!..» Дый жаль стала,
Што беды мінулі.
Гайдамакі каля яру
З шляху павярнулі.
Наганяюць парабчонка.
Хлопец у зрабнінах
Палатняных, у пастолах,
На плячах тарбіна.
«Гэй, старчэня! Пачакай, брат!»
«Я не старац, пане!
Я, як бачыш, гайдамака».
«Які ж абарванец!
Адкуль жа ты ?»
«З Кірылаўкі[64]».
«А Будзішча[65] знаеш?
I возера каля Будзішч?»
«I возера знаю —
Вось яно там, гэтым ярам
Да яго даедзеш».
«Што, сягоння ляхаў бачыў?»
«Прапалі ўсе недзе!
А ўчора было багата,
Вянкоў не свянцілі:
Не далі паганцы-ляхі.
Ва то ж іх і білі!
Я нажом святым і бацька,
А маці нядужа,
А то й яна б...»
«Добра, хлопча!
Вось на табе, дружа,
Дукат[66] гэты, не згубі, бач!»
Узяў залатога.
Паўзіраўся: «Шчыра дзякуй!»
«Ну, хлопцы, ў дарогу!
Ды чуеце? Без гамонкі.
Галайда, за мною!
Возера ё ў гэтым яру
I лес пад гарою,
А ў лесе скарб. Як прыедзем,
Дык каб вокал сталі,
Скажы хлопцам. Можа, ў лёхах
Варту пастаўлялі
Там паганцы».
Прыехалі,
Сталі кругом лесу,
Паглядаюць — анікога...
«Цю іх да ста бесаў!
Што за грушы урадзілі!
Збівайце, хлапчаты!
Жыва! жыва! Гэтак! гэтак!»
I канфедэраты
Пасыпаліся дадолу,
Грушы гнілабокі.
Пазбівалі, падабралі,
Не маргнуўшы вокам:
Знайшлі лёхі, скарб забралі,
У ляхаў кішэні
Ператрэслі дый рушылі
Чыніць кару дрэні
У Лісянку.
вернуться
65
Будзішча — сяло Будзішча недалёка ад Кірылаўкі; у яры возера і над возерам лес невялікі, завецца Гупалаўшчынай за тое, што там Залязняк збіваў ляхаў з дрэва (заўвага Шаўчэнкі).
вернуться
66
Дукат — даўняя назва венецыянскай залатой манеты ў Еўропе. Шаўчэнка ў заўвагах адзначае: «Чырвонец, які даў Залязняк хлопцу, да гэтага часу захаваўся ў сына таго хлопца, якому быў дадзены, я сам яго бачыў».