Выбрать главу
      Цераз тыдзень ў Лебядзіне У царкве спявалі: «Ісаія, лікуй!» Ранкам Ярэму вянчалі; А вечарам мой Ярэма (От хлопец звычайны!), Не злаваць каб атамана, Пакінуў Аксану: Ляхаў кончыць; з Залязнякам Вяселле спраўляе На Уманшчыне[68], ў пажарах. Яна выглядае,— Выглядае, ці не едзе З баярамі ў госці — Перавезці яе з келлі Ў хату на памосце.
      Не журыся, спадзявайся Ды маліся богу. А цяпер жа мне на Умань Сцелецца дарога.

ГОНТА Ў УМАНІ

Хваліліся гайдамакі,

На Умань ідучы:

«Будзем драці, пане-браце,

З кітайкі анучы!»

Мінаюць дні, мінае лета, А Украіна, знай, гарыць; Галосяць дзеці неадзеты: Бацькоў няма ўжо. Шалясціць Лісцё пажоўклае ў дуброве; Гуляюць хмары, сонца спіць; Нідзе не чуць людское мовы; Звер толькі вые за сялом, Трупы грызучы. Не хавалі,— Ваўкоў ляхамі гадавалі, Аж пакуль снегам занясло Агрызкі воўчыя.
      Не спыніла завіруха Пякельнае кары: Ляхі мерзлі, а казакі Грэліся ў пажары. Вясна ўстала і зямельку Сонную збудзіла, Уквяціла ў зелень кветкі, Барвінкам пакрыла; I на полі жаваронак, Салавейка ў гаі Зямлю ўбраную вясною Ўранні сустракаюць... Рай, ды годзе! Для каго ж ён? Для людзей... А людзі? На яго й зірнуць не хочуць, А зірнуць — асудзяць. Крывёй трэба змаляваці, Асвяціць пажарам; I багата хмараў. Пекла мала!.. Людзі, людзі! Калі ўжо з вас будзе Дабра таго, што маеце? Дзіўныя вы людзі!
      I вясна кроў не спыніла, Ні злосці людское. Цяжка глянуць; а прыпомніш — Так было і ў Троі. Так і будзе.                    Гайдамакі Гуляюць, караюць; Дзе праедуць — зямля ў прыску, Крывёю сплывае. Максім прыдбаў сабе сына На ўсю Украіну; Хоць не родны сын Ярэма, А шчыры хлапчына. Максім рэжа, а Ярэма Не рэжа — лютуе: З нажом вострым на пажарах Днюе і начуе. Не мілуе, не мінае Нідзе анікога, За ктытара ляхам плаціць, За бацьку святога, За Аксану... Дый замлее, Ўспомніўшы Аксану. А Залязняк: «Гуляй, сыну, Покуль доля ўстане! Пагуляем!» Пагулялі: Купаю на купе Ад Кіева да Умані Леглі ляхі трупам.
      Нібы хмара, гайдамакі Умань абступілі Апоўначы; да ўсход сонца Умань затапілі, Затапілі, закрычалі: «Бі ляха, панове!» Пакацілася па рынку Jazda narodowa[69]; Пакаціліся і дзеці I калека хворы. Гвалт і галас... На базары, Як пасярод мора Крывавага, стаіць Гонта З Максімам заўзятым. Крычаць удвух: «Добра, дзеці! Вось так іх, праклятых!» Аж вядуць во гайдамакі Ксяндза езуіта I двух хлопцаў: «Гонта! Гэта Твае дзеці ўмыты! Ты нас рэжаш — рэж і іх ты: Яны каталікі. Чаго ж стаў? Чаму не рэжаш? Покуль невялікі. Зарэж і іх, бо вырастуць, Дык цябе зарэжуць!..» «Забіце пса! А псянятаў Сваёю зарэжу. Кліч грамаду. Прызнавайцесь, Што католікі вы!» «Католікі... бо нас маці...» «Божа міласцівы! Маўчаць! Маўчаць! Знаю, знаю!» Збеглася грамада. Католікі — мае дзеці... Каб не было здрады, Каб не было перасудаў, Панове грамада! Прысягаў, як браў свянцоны, Католіка рэзаць. Ой, сыны, сыны мае вы! Малыя гарэзы! Што не рэжаце вы ляха?» «Будзем рэзаць, татка!» «О, не будзеце вы рэзаць! Будзь праклятай матка, Праклятая каталічка, Што вас спарадзіла! Чаму вас да ўсходу сонца Была не ўтапіла? Менш бы грэху: вы памерлі б Не каталікамі! А сягоння, сыны мае, Горачка мне з вамі! Пацалуйце мяне, дзеці, Не я забіваю, А прысяга!..» Махнуў нажом — I дзяцей не мае! Парэзаныя палеглі. «Тата...— булькаталі.— Тата, тата!.. Мы не ляхі! Мы...» — дый замаўчалі. «Пахаваць, можа?» — «Не трэба Дзяцей каталічкі. Ой, сыны, сыны мае вы! Чаму невялічкі? Чаму ворага і матку Не гналі ў магілу? Тую матку-каталічку, Што вас спарадзіла?.. Хадзем, браце!»       Ўзяў Максіма, Пайшлі ўздоўж базару. I абодва закрычалі: «Кары ляхам, кары!» I каралі... Страшна, страшна Умань запалала. Ні ў харомах, ні ў касцёле Нікога не стала.— Паляглі ўсе. Разні гэткай Не было паганай, Што ў Умані бушавала. Школу базылянаў, Дзе вучылі дзяцей Гонты, Сам Гонта руйнуе: «Ты паіла маіх дзетак! — Гукае, лютуе.— Тут паілі невялікіх, Дабру не наўчылі — Бурыць сцены!»                        Гайдамакі Сцены развалілі. Развалілі, аб каменне Ксяндзоў разбівалі, А школьнікаў у крыніцы Жыўцом пахавалі!
вернуться

68

Умань — горад Кіеўскай губерні.

вернуться

69

Jazda narodowa — «Kawaleria narodowa» — так зваліся польскія драгуны; іх было ў Умані 3000, і ўсе былі пабіты гайдамакамі (заўвага Шаўчэнкі).