Вось, ідучы так каля тыну
З банкету п’яны уначы,
Я меркаваў сабе, йдучы,
Пакуль даплёўся да хаціны.
А ў мяне дзеці не крычаць
I жонка не лае,—
Ціха, як у раі.
Усюды божжа благадаць:
I ў сэрцы, і ў хаце.
Вось жа лёг я спаці.
А падпілы ўжо як засне,
Дык хоць з гармат страляць і —
I вусам не маргне.
Дый сон жа, сон, надзіва дзіўны,
Сон мне прысніўся:
Найцверазейшы бы упіўся,
Скупы скарэда даў бы грыўню,
Каб паглядзець на тое дзіва.
Ды чорта з два!
Гляджу: так быццам бы сава
Ляціць лугамі, берагамі, ды нетрамі,
Ды глыбокімі ярамі,
Ды шырокімі стэпамі,
Ды байракамі.
А я за ёю, ды за ёю,
Ляту й прашчаюся з зямлёю.
«Бывай, свет! Бывай, зямліца,
Непрыязны краю!
Мае жудасныя мукі
Ў хмарах пахаваю.
А ты, мая Украіна,
Гаротная ўдоўка!
Я ляцець да цябе буду
З хмары на гамонку.
На гамонку ціхасумну,
На раду з табою;
Апоўначы падаць буду
Густою расою.
Параімся, пасумуем,
Пакуль сонца ўстане,
Пакуль твае краскі-дзеці
На ворага стануць.
Бывай, родная мая ты,
Удава-нябога!
Гадуй дзетак; жыве праўда
У госпада бога!»
Ляцім... гляну — ўжо світае,
Край неба палае;
Салавейка ў цёмным гаі
Сонца сустракае,
Ціхусенька вецер вее,
Стэпы, нівы дрэмлюць,
Між ярамі над стэпамі
Вербы зелянеюць.
Пахіліліся сады ў дол;
Таполі паволі
Стаяць сабе, нібы варта,
Ды гамоняць з полем.
I ўсё гэта, ўся краіна,
Спавіта красою,
Зелянее, ўмываецца
Дробнаю расою.
Спакон веку ўмываецца,
Сонца сустракае...
I няма таму пачатку,
Няма яму краю!
Ніхто яго не дагледзіць
I не разруйнуе...
I ўсё так... Душа мая ты!
Чаго ты сумуеш?
Душа мая убогая!
Чаго марна плачаш?
Чаго табе шкода? Хіба ты не бачыш,
Як людзей катуюць, крыўдзяць сірату?
Дык глянь, падзівіся! А я паляту
Высока, высока за сінія хмары;
Няма там улады, няма там і кары,
Там смеху людскога і плачу не чуць.
Вунь глянь — у тым раі, што ты пакідаеш,
Латаную світку з калекі знімаюць,
Са скурай знімаюць,— бо нечым абуць
Княжат недарослых. А вунь распінаюць
За падаткі ўдоўку: а сына куюць,
Удоўкі няшчаснай ядынага сына,—
Ядыну надзею! — ў войска аддаюць!
Бо войска, бач, мала! А вунь дзе пад тынам
Апухлае дзіце галоднае мрэ,
А маці пшаніцу на паншчыне жне.
А вунь — бачыш? Вочы! вочы!
На што вы здаліся?
Чаму змалку не высахлі,
Слязьмі не зліліся?
Гэта ля тыноў пакрытка
З байструком вандруе —
Бацька й маці адракліся,
Чужыя ганьбуюць!..
Старцы нават цураюцца!..
А паніч не знае:
З дваццатаю, недалетак,
Душы прапівае!
Ці бог бачыць з па-за хмараў
Нашы слёзы, гора?
Можа, й бачыць, ды падмогі —
Як і з гэтых гораў
Векавечных, што паліты
Крывёю людскою!..
Душа мая убогая,
Горанька з табою!
Уп’ямося атрутаю,
Ў лёдзе ляжам спаці[72],
Пашлём думу аж да бога,
Яго распытаці:
Доўга йшчэ на гэтым свеце
Катам панаваці??
Ляці ж, мая дума, крывавая мука!
Забяры з сабою ліхі ўсе да тла —
Сваё таварыства! Ты з імі расла,
Кахалася з імі; іх цяжкія рукі
Цябе спавівалі. Бяры ж іх, ляці
Ды па ўсім па небе орду распусці!
вернуться
72
У лёдзе ляжам спаці — на поўначы, куды царскі ўрад высылаў на катаргу палітычных зняволеных.