Хай чарнее, чырванее,
Полымем павее,
Няхай рыгаюць зноў змеі,
Трупам зямлю грэе.
А без цябе я дзе-небудзь
Сэрца пахаваю
Ды тым часам пашукаю
На край свету раю.
Ізноў ляту па-над зямлёю,
Ізноў прашчаюся я з ёю,
Цяжка маці пакідаці
Ў непакрытай хаце,
А йшчэ горш на слёзы, латы
Яе зазіраці.
Ляту, ляту, а вецер вее,
Перада мною снег бялее;
Бары, балоты, дзе ні глянь,
I ўсюды пустата, туман.
Людзей не чуць,— не знаць і следу
Людское страшнае нагі.
I вораг мой, і друг блізкі,
Бывайце! У госці не прыеду!
Упівайцеся, балюйце!
Я ўжо не пачую,—
Адзін сабе на век векі
Ў снезе заначую.
I пакуль вы дазнаеце,
Што йшчэ ёсць краіна
Крывёй, слязьмі не паліта,
То я адпачыну...
Адпачыну...
Ажно чую —
Загулі кайданы
Пад зямлёю... Пагляджу я...
0 народ паганы!
Скуль ты ўзяўся? Што ты робіш?
Чаго ты шукаеш?
Пад зямлёю? Не! Ужо, мабыць,
Сябе не схаваю
I на небе!.. За што ж кара?
I за што мне мукі?
Каму што зрабіў калі я?
Чые злыя рукі
Душу ў целе закавалі,
Сэрца запалілі
I сілаю гругановай
Думы распусцілі??
За што пакутую — не знаю,
Сябе сам караю!
Калі кончыцца пакута?
Канца дачакаю? —
Не бачу й не знаю!!
Заварушылася пустыня...
Як бы там з цеснай дамавіны
На той астатні страшны суд
За праўдай мерцвякі ўстаюць.
То не трупы, то не суду
Прасіць ад пакуты!
Не, жывыя гэта людзі,
Ў кайданы закуты,
З нораў золата выносяць,
Каб горла, як скрутам,
Ненасытнаму заткнуці!..
Катаржане гэта!..
А завошта? Хіба знае
Ўсемагутны... Дзе там!
Вунь дзе злодзей штампаваны
Кайданы валоча;
Ён, разбойнік катаваны,
Зубамі скрыгоча —
Таварыша, недабітку
Зарэзаці хоча!
Паміж імі, зацятымі,
Ў кайданы убраны,
Цар сусветны. Цар волі, цар,
Штампам увянчаны![73]
Ў муцы, ў катарзе — не просіць,
Не стогне, не плача!
Раз дабром нагрэта сэрца —
Будзе век гарачым!
А дзе ж твае думы, ружовыя кветкі?
Гэтак дагляданы, выкаханы дзеткі?
Каму ты іх, дружа, каму перадаў?
Ці, можа, навекі ў сэрцы пахаваў?
О, не хавай, браце! Рассып іх, раскідай!
Ўзыдуць, расці будуць і у людзі выйдуць!
Ці йшчэ пакута, ці ўжо будзе?
Будзе, будзе, бо холадна,—
Мароз розум будзіць.
Ізноў ляту. Зямля чарнее.
I дрэмле розум, сэрца млее.
Гляджу я: хаты над шляхамі,
То гарады са ста царквамі;
А ў гарадах, бы жураўлі,
Замуштравалі маскалі:
I адзеты, і абуты,
I кайданамі акуты
Муштруюцца... Далей гляну;
У даліне, як бы ў яме,
На багне горад віднее[74];
Над ім хмараю чарнее
Туман цяжкі... Далятаю —
То горад без краю.
Ці то турэцкі,
Ці то нямецкі?
А можа, гэта і маскоўскі!
Цэрквы ды палаты,
Ды паны пузаты.
I не аднюсенькае хаты!
Змяркалася... Агонь — агні
Кругом запалалі —
Аж спужаўся... «Ура! Ура!
Ура!» — закрычалі.
«Цю-цю, дурні! Агледзьцеся!
Чаго вы так рады?
Што, гарыце?» — «Экой хохол!
Не знает параду!
У нас парад! Сам изволит
Сегодни гуляти!»
«Ды дзе ж яна, тая цаца?»
«Вон видишь — палаты».
Пхнуся я, аж землячок, бач,
Дзякую, прызнаўся,
З бляшанымі гузікамі:
«Дзе ты здзесь узялся?»
«З Украіны».— «Так як жа ты
Й говорить не ўмееш
По-здешнему?» — «Ну не, кажу,
Гаварыць умею,
Ды не хочу».— «Экой чудак!
Я все входы знаю
Я служу тут... Калі хочаш,
В дворец попытаюсь
Цябе ўвесці. Толькі, знаешь,
Мы, брат, просвешчэнны,—
Не поскупись полтинкою...»
«Цур табе, нікчэмны
Каламару!..» Невідомым
Стаў ізноў, як быў я,
Дый прапхнуўся у палацы.
Божа мой! Святыя!!
Дык во рай дзе! А як густа
Золатам абліты
Блюдалізы! Аж і сам вось:
Высокі, сярдзіты,
Выступае. А з ім побач
Царыца-нябога,
Бы засушаны апенек,
Тонка, даўганога,
Ды наліха йшчэ ківае
Тупа галавою.
Дык вось жа тая багіня?!
Ліханька з табою!
А я, дурны, не бачыўшы
Цябе, ляля, й разу,
Ды паверыў тупарылым
Тваім вершамазам.
Вось жа дурны! А йшчэ й біты!
На квіток паверыў
Маскалю. Ну, і чытай тут,
I дай ты ім веры!
вернуться
73
...Цар сусветны, цар волі, цар, штампам увянчаны! — сімвалічны вобраз рэвалюцыянера, барца за свабоду, прыгавораны царом да катаргі.