За багамі — панства ў срэбры,
У золаце без меры!
Як раскормленыя свінні —
Мардатыя, пузатыя!..
Аж пацеюць, а тоўпяцца,
Каб то бліжай стаці
Каля самых: можа, ўдараць
Або хвігу даці
Благаволяць, хоць маленьку,
Хоць паўхвігі, абы толькі
Пад самыя пыскі.
I у рад усе пасталі,
Нібы без’языкі —
Ані бзынкнуць!.. Цар балбоча;
А дзіва-царыца,
Быццам чапля паміж птушак,
Скача, бадзярыцца.
Доўга ўдваіх пахаджалі,
Як сычы надуты,
Ды цішком штось размаўлялі —
Здалёку нячутна —
Аб ацечастве, здаецца,
Ды новых пятліцах,
Ды аб муштрах шчэ навейшых...
А потым царыца
Села моўчачы на зэдлік.
Бачу: цар падходзіць
Да найстаршага... ды ў морду
Яму як закоціць!..
Аблізаўся небарака
Ды меншага ў пуза —
Загуло аж!.. А той сабе
Йшчэ меншага туза —
Паміж плечаў; той — меншага,
А меншы — малога,
А той — дробных, а драбнота
Ужо за парогам
Як кінецца па вуліцах
Дый давай мясіці
Недабіткаў праваслаўных,
Тыя ж — галасіці
Ды прагчыся... Ды як раўнуць:
«Цар наш бацюшка гуляе,
Ура!.. Ура!.. У-р-а-а-а!»
Зарагатаўся я, дый годзе;
А й мяне даўнулі —
Такі добра. На світанні
Сцішыліся гулі;
Толькі там-сям хрысціяны
Па вуглах стагналі
Ды стогнучы за бацюшку,
Госпада благалі.
Смех і слёзы! Вось пайшоў я
Горад азіраці.
Ноч як дзень там. Паглядаю:
Палацы, палацы
Па-над ціхаю ракою;
А бераг абшыты
Ўвесь каменнем. Дзівуюся,
Быццам з тропу збіты!
Як зрабілася яно во
З лужыны такое
Гэта дзіва!.. Бо крыві тут
Выліта людское —
Без нажа нат. А па той бок
Цвярдыня й званіца,
Як завостраная швайка[75],—
Аж не надзівіцца.
I дзілінгае гадзіннік.
Далей пазіраю —
Аж ляціць конь, капытамі
Скалу разбівае!
На кані сядзіць ахлапам
Ў свіце — ці без світы,
I без шапкі. Нейкім лістам
Галава павіта.
Конь на дыбах — вось-вось рэчку,
Вось-вось пераскоча.
А ён руку прасцірае,
Бы свет увесь хоча
Заграбці. Хто ж такі гэта?
Вось сабе й чытаю,
Што на скале накавана:
«Первому вторая»[76]
Гэта выставіла дзіва.
Цяпер жа я знаю:
Во той первый, распінаў што
Нашу Украіну.
А вторая даканала
Ўдаву-сіраціну.
Каты! Каты! Людаеды!
Наелісь абое,
Накраліся. А што ўзялі
На той свет з сабою?
Цяжка, цяжанька мне стала.
Так, нібы чытаю
Гісторыю Украіны!
Стаю, заміраю...
А тым часам — ціха, ціха
Ды сумна спявае
Штось нябачана такое:
«А з горада, а з Глухова
Палкі выступалі
З рыдлёўкамі на лінію.
А мяне паслалі
На сталіцу з казакамі
Наказным гетманам![77]
О божа наш міласэрны!
0 цару паганы!
Цар пракляты, подла-хітры,
Аспід прагавіты!
Што зрабіў ты з казакамі?
Балота засыпаў
Благароднымі касцямі,
Паставіў сталіцу
На іх трупах катаваных!
І ў цёмнай цямніцы
Мяне, вольнага гетмана,
Голадам замучыў
У кайданах... Цару! Цару!
I бог не разлуча
Нас з табою. Кайданамі
Скованы са мною
На век-векі. Не лёгка мне
Лунаць над Нявою!
Можа, Ўкраіны далёкай
Ўжо няма — не знаю...
Паляцеў бы, паглядзеў бы,
Дык бог не пускае.
Масква выпаліла, можа,
I Дняпро спусціла
Ў сіне мора? Раскапала
Курганы-магілы —
Нашу славу. Божа мілы!
Зжалься, божа мілы!»
Дый замоўкла. Пазіраю:
Бела хмара крые
Неба шэрае, а ў хмары —
Бы ў гаі звер вые.
То не хмара — бела птушка
Хмараю зляцела
Над царом тым масянжовым[78],
Галасіла, пела:
«I мы скованы з табою,
Людаед з бярлогі!
На судзілішчы на страшным
Мы закрыем бога
Ад вачэй тваіх пражорных.
Ты нас з Украіны
Загнаў голых і галодных
У снег на чужыну
Дый парэзаў, а з скур нашых
Сабе баграніцу[79]
Пашыў жыламі тугімі
I заклаў сталіцу
Ў новай рызе. Падзівіся:
Цэрквы ды палацы!
Весяліся, кат пракляты,
З крывавае працы!»
вернуться
75
Цвярдыня й званіца, як завостраная швайка... — Петрапаўлаўская крэпасць (яна ж турма для ворагаў самадзяржаўя). На царкве ў крэпасці высокая званіца.
вернуться
76
Первому вторая — надпіс на пастаменце помніка Пятру I: «Петру Первому — Екатерина Вторая». Помнік пастаўлены ў Пецярбургу па загаду Екацярыны II у 1782 г.
вернуться
77
Наказны гетман — чарнігаўскі палкоўнік, прызначаны гетманам Паўла Палуботак. Выступаў супраць палітыкі Пятра I у дачыненні да Украіны. Памёр у Петрапаўлаўскай крэпасці ў 1724 г.