Выбрать главу
      Дый заплакаў бедачына, Стэпам ідучы, Ой, застагнаў сівы пугач Ў стэпу на магіле; А ў дарозе чумачэнькаў Журба атуліла. «Дазволь ты, наш атамане, Каля сяла стаці, Панясём мы таварыша Ў сяло прычашчаці».
      Спавядалі, прычашчалі, Знахароў пыталі — Не паможа!.. З незлячымым Паехалі далей. Ці то праца загубіла Маладую сілу? Ці ў разлуцы нуда-гора Яго з ног зваліла? Ці наслалі людзі ліха Яму, маладому, Што прывезлі яго з Дону На возе дадому? Прасіў бога, каб дзяўчыну... Хоць сяло пабачыць, Ды не ўпрасіў... Пахавалі, Ніхто й не заплача!
      Паставілі грамадою Крыж над сіратою Й разышліся... Як былінка, Як ліст над вадою, Свет пакінуў казачэнька, Ўсё забраў з сабою. А дзе ж мая расшытая Шоўкамі хусціна? А дзе ж мая вясёлая, Любая дзяўчына?! Унь на новым крыжы хустку Вецер развявае, А дзяўчына у манашках Касу расплятае.
1844 С.-Пецярбург

***

      Чаго мне так цяжка, чаго мне так нудна, Чаго сэрца плача, рыдае, крычыць, Як дзіця галоднае? Чаго ж табе трудна? Чаго ты жадаеш? Што ў цябе баліць? Ці піці, ці есці, ці спатанькі хочаш? Засні, маё сэрца, засні ты навек! Разбітае сэрца... Няхай чыніць здзек Звар’яцелы люд... Закрый, сэрца, вочы...
1844 С.П.Б.

ГОГАЛЮ

      За думаю дума роем вылятае: Адна цісне сэрца, тая раздзірае, А трэцяя ціха, ціхусенька плача У саменькім сэрцы — можа, й бог не бачыць.       Каму ж яе пакажу я I хто тую мову Прывітае, угадае Вялікае слова? Усе глухі. У кайданы Закованы ў сцюжу!.. Ты смяешся, а я плачу, Вялікі мой дружа. А што ўродзіць з таго плачу? Дурнап’ян пракляты... Не заравуць на Ўкраіне Вольныя гарматы. Не зарэжа бацька сына, Роднае дзяціны, За чэсць, славу, за братэрства, За волю Ўкраіны. Не зарэжа: выкахае Дый прадасць з кахання Маскалю ўраздроб. То, бачыш, Ўдовіна даянне Цару-бацьку, і айчыне, I нямчуры плата. Няхай, браце! А мы будзем Смяяцца ды плакаць.
1844 С.-Пецярбург

***

Не завідуй багатаму: Багаты не знае Ні прыязні, ні любові — Бо ён іх наймае. Не завідуй магутнаму, Бо той прымушае. Не завідуй і слаўнаму: Слаўны добра знае, Што не яго людзі любяць — Любяць тую славу, Што ён цяжкімі слязамі Выліў на забаву. Маладыя ж як сыдуцца — Дык люба ды ціха, Як у раю. А паглядзіш — Варушыцца ліха.
      Не завідуй жа нікому, А зірні наўкола; Няма раю на ўсёй зямлі, Як і ў небе гола.
1845 Міргарад

ЕРЭТЫК

Шафарыку[80]

      Падпалілі ў суседа Новую хаціну Злыя людзі, нагрэліся, Пайшлі на спачынак, Ды забылі шэры попел Па ветры развеяць. Ляжыць попел на ростані, А ў попеле тлее Іскра агню вялікага.       Тлее, не згасае,       Жджэ падпалу, як той помснік,       Часу дажыдае,       Злога часу. Тлела іскра,       Тлела, ўсё чакала       На ростані, на шырокай       Ды ўжо гаснуць стала.
      Вось так нямчура запаліла Вялікі дом наш. I сям’ю, Сям’ю славянаў падзяліла I ціха, ціхенька ўпусціла Нязгоды лютую змяю.
      Паліліся крыві рэкі, Пажар загасілі. А нямчуры пажарышча Й сірат падзялілі. Вырасталі ды ў кайданах Славянскія дзеці I забыліся ў няволі, Што яны на свеце! А на даўнім пажарышчы Іскра брацтва тлела — Датлявала і чакала Цвёрдых рук ды смелых. I прыждала... Стала бачыць У тым тле глыбока Агонь добры смелым сэрцам, Смелым орлім вокам! I засвяціў любамудры, Светач праўды, волі... I славянскія народы У цьме і няволі Пералічыў да аднаго, Пералічыў трупы, А не славян. I ты стаўся На вялікіх купах — На ростані усясветнай — Іезекіілем[81]. I — о дзіва! Трупы ўсталі I вочы раскрылі, I брат з братам абняліся, I прагаварылі Слова ціхае любові Навекі і векі! I паплылі ў адно мора Славянскія рэкі!
вернуться

80

Шафарык П. Й. (1795—1861) — чэшскі і славацкі вучоны, прафесар Пражскага універсітэта. Яго працы прысвечаны этнаграфіі, археалогіі, гісторыі, філалогіі славян. Яны садзейнічалі культурнаму збліжэнню і яднанню славянскіх народаў.

вернуться

81

Іезекііль — біблейскі прарок.