Пагас агонь, дзьмухнуў вецер
І попел развеяў.
I бачылі на ціары
Чырвонага змея
Людзі простыя. Манахі
Te deum[95] спявалі.
Разышліся па хаўтурах
I хаўтуравалі
I дзень і ноч, аж папухлі.
Малою сям’ёю
Прыйшлі чэхі, зямлі ўзялі
З таго кастра, з ёю
Пайшлі ў Прагу. Гэтак Гуса
Ксяндзы асудзілі,
Запалілі... Ды божага
Слова не спалілі,
Не згадалі, што вылеціць
Арол з па-над хмары —
Замест гуся — і расклюе
Папскую ціару.
Дык няхай ім! Разбрыліся,
Як тыя вароны,
З крывавага таго свята
Манахі, бароны,
Парасселіся ў будынках,
Клопату не маюць,
Банкетуюць, час ад часу
Te deum спяваюць.
Ўсё зрабілі... Ды чакайце!
Унь над галавою
Стары Жыжка з Табарова[96]
Махнуў булавою.
1845
с. Мар’інскае
НАЙМІЧКА
Пралог
У нядзелю раным-рана
Поле крылася туманам,
На кургане сярод поля,
Як пахілая таполя,
Маладзіца маладая
Нешта к сэрцу прытуляе
Ды з туманам размаўляе:
«Ой, тумане, тумане,
Мой ты лёс-гараванне!
Чаму мяне не схаваеш
У гэтым кургане?
Чаму ты мяне не ўгоніш
У гэту зямельку,
Маёй долі не засыплеш,
Не ўбавіш мне веку?
Не душы мяне, тумане,
Схавай толькі ў полі,
Каб ніхто не знаў, не бачыў
Маёй цяжкай долі...
Я не адна: у мяне ёсць
I бацька і маці...
У мяне ёсць... Туманочку!!.
Тумане, мой браце!..
Нехрышчоны мой сыночак,
Мой любы саколе!
Не я цябе хрысціць буду
На марную долю,
Перахрысцяць цябе людзі,
Я ж не буду знаці,
Як завешся... Дзіця маё!
Жыла я ў багацці...
Не лай мяне! Я выпрашу
I вымалю ў бога
Долю, выплачу слязамі
Для сына малога!»
Пайшла полем праз туманы,
Ішла і рыдала,
Ды праз слёзы ціха-ціха
Пра ўдаву спявала,
Як яна ў рацэ Дунаі
Сыноў пахавала.
«Ой, у полі магіла,
Удава там хадзіла,
Ой, хадзіла, гуляла,
Зводу-зелля шукала.
Зводу-зелля не знайшла,
Ды сыноў двух прывяла,
У кітайку спавіла
I Дунаю аддала,
Ціхі-ціхі Дунай!
Маіх дзетак забаўляй,
А ты, жоўценькі пясок,
Даглядай сыноў, браток,—
Іх купай, спавівай
I сабой накрывай!»
I
Быў сабе дзед ды баба.
Ля сажалкі ў гаі з даўных-даўна
Вось так сабе жылі,
Як дзетачак двое,—
Усюды абое.
Пасвілі ягнят, як малыя былі,
А потым пабраліся,
Набытку даждаліся,
Прыдбалі хутар і млынок,
Развялі сабе садок
I пчальнік да яго —
Надбалі ўсяго.
Ды вось няма дзяцей у бабы з дзедам,
А смерць з касою ходзіць следам.
Хто ж іх старасць прывітае,
Дзіцем родным стане?
Хто заплача, пахавае,
Зробіць памінанне?
Хто, дабро спажыўшы, чэсна
Пражыве на свеце?
Хто з падзякай іх успомніць,
Як родныя дзеці?
Цяжка дзетак гадаваці
У бязверхай хаце,
А яшчэ цяжэй старэцца
У белым палацы
I па смерці ўсё пакінуць —
I дабро і хату —
Чужым людзям, чужым дзецям
На здзек, на растрату.
вернуться
96
Стары Жыжка з Табарова — Ян Жыжка. Пасля смерці Яна Гуса ўзначальваў вызваленчую барацьбу народных мас Чэхіі супраць каталіцкай царквы, феадальнага прыгнёту і нямецкага засілля. Гэтая барацьба вылілася ў гусіцкія войны. Табароў — адзін з цэнтраў гусітаў.