Выбрать главу

Творчасць Т. Шаўчэнкі набывала ў тых умовах асаблівае значэнне, само імя паэта станавілася своеасаблівым сімвалам пратэсту і барацьбы супраць царскага самаўладства, а яго рэвалюцыйная паэзія — узорам мастацтва дзейснага, грамадска-актыўнага. «Наша ніва» (яна ўвогуле шмат увагі аддавала ўкраінскай літаратуры) вельмі часта звярталася да Т. Шаўчэнкі, змяшчала на сваіх старонках самыя розныя матэрыялы пра ўкраінскага паэта. Так, цэлы шэраг публікацый пра Шаўчэнку з’явіўся ў сакавіку 1909 года да 48-й гадавіны з дня смерці Кабзара, затым у лютым 1911 года да 50-годдзя з дня яго смерці: артыкулы А. Бульбы «Памяці Тараса Шаўчэнкі», Р. Зямкевіча «Тарас Шаўчэнка і беларусы» і інш.

Шырока адзначалася беларусамі 100-годдзе з дня нараджэння вялікага сына Украіны, нягледзячы на забарону святкавання юбілею рускім царызмам. «Наша ніва» надрукавала тады артыкул Л. Гмырака «Тарас Шаўчэнка».

Беларускаму крытыку найбольш імпанавалі патрыятычныя заклікі Шаўчэнкі не цурацца роднай мовы, змагацца за яе, глыбей пазнаваць гісторыю свайго народа, не забываць, хто мы такія, «чые сыны, якіх бацькоў». Сваім землякам, якія жывуць у варунках, «дужа падобных да ўкраінскіх», аўтар раіць жыва цікавіцца ўкраінствам, шырэй знаёміцца з украінскім пісьменствам, якое прызнае за «найболей дэмакратычнае ў свеце». «Шаўчэнкавага «Кабзара», кнігу, даўно ўжо стаўшую каранам украінства, кожны свядомы беларус павінен прачытаць; трэба, каб вялікі ўкраінскі паэт папраўдзе стаў і нам бацькам мілым,— як гэтага жадае ў сваім вершы Янук Купала».

Аж два артыкулы прысвяціў украінскаму Кабзару ў яго стогадовы юбілей Максім Багдановіч. Гэта — «Памяти Т. Г. Шевченко (1814 — 25 февраля 1914)», змешчаны ў яраслаўскай газеце «Голос», і «Краса и сила. Опыт исследования стиха Т. Г. Шевченко», апублікаваны ў часопісе «Украінская жизнь» № 2. У першым беларускі паэт выразна акрэсліў месца і значэнне Шаўчэнкі для Украіны, для ўсяго культурнага славянства, падкрэсліў агульначалавечую сутнасць яго паэзіі, у якой пад своеасаблівай чаканкай украінскіх нацыянальных форм крыецца сапраўдны «паўнацэнны метал духоўнай культуры, агульнай для ўсіх цывілізаваных людзей».

Другі артыкул М. Багдановіча быў, па яго прызнанні, спробай падысці да творчасці ўкраінскага Кабзара з пункту гледжання метаду, які дагэтуль «заўсёды знаходзіўся ў цені»,— метаду эстэтычнага. «Краса и сила» — фактычна першае грунтоўнае і надзвычай дасканалае даследаванне творчасці Т. Шаўчэнкі з боку яе формы, паэтычнага майстэрства. Прааналізаваўшы рытміку, метрычную структуру, асаблівасці рыфмоўкі шаўчэнкаўскай паэзіі, паказаўшы надзвычайную разнастайнасць і рухомасць паэтычных прыёмаў і сродкаў, арганічнае спалучэнне ў ёй класічна літаратурных і песенна-народных форм, Багдановіч робіць абагульняючую выснову, што ў асобе Шаўчэнкі «сусветная літаратура мае паэта з вершам меладычным і вытанчаным, паэта, які хараства сваіх твораў дасягаў не знешне відавочнымі сродкамі паэтычнага ўздзеяння, а, наадварот, сродкамі найбольш тонкімі — асанансамі, алітэрацыямі, унутранымі рыфмамі; паэта, які да гэтага хараства ўказаных элементаў верша далучаў яшчэ незвычайную сілу сваіх рытмаў, а таксама арыгінальнасць, жывасць і грацыёзнасць разнастайных метраў» і такім чынам стварыў асобны паэтычны свет, своеасаблівы мастацкі стыль нацыянальна-ўкраінскі, які сведчыў аб арганічным зліцці яго паэзіі з украінскай народнай паэзіяй.

Творчасць выдатнага ўкраінскага паэта судакраналася з тагачаснай беларускай рэчаіснасцю самымі рознымі сваімі гранямі.

У Шаўчэнкі вучыліся беларускія пісьменнікі бязмежнай любові да свайго беднага краю і зняволенага народа, вучыліся служыць ідэалам дабра і справядлівасці, ненавідзець грамадскае зло, спапяляць яго гнеўным паэтычным словам. I навуку гэтую спасцігнуў у той або іншай меры амаль кожны з беларускіх літаратараў.

Янку Купалу, напрыклад, творчасць Шаўчэнкі была настолькі роднаснай, што ён не палічыў патрэбным у адказе Л. Клейнбарту ў 1929 г. растлумачваць, у чым канкрэтна сказаўся ўплыў на яго ўкраінскага паэта. Не асобныя ідэі, тэмы, матывы, а ўся творчасць Кабзара разам з паэзіяй Пушкіна, Някрасава, Міцкевіча ўздейнічала на беларускага песняра, стварала тое сілавое поле, у якім паспяхова развіваўся яго яркі і самабытны талент.

На больш канкрэтнай аснове можна гаварыць пра шаўчэнкаўскія традыцыі ў творчасці Я. Коласа, Цёткі, П. Труса. Алеся Гаруна, у прыватнасці, прыцягваў Т. Шаўчэнка як паэт-выгнаннік, які «за тысячу вёрст ад радзімага краю» сумуе «па маці-Украіне цуднай». Думкі Кабзара, народжаныя «ласкай і каханнем», вобразы-ўспаміны пра родную старонку, гісторыю свайго народа былі сугучны настрою аўтара, палітычнага ссыльнага, які таксама пакутаваў за свой край і народ у далёкай Сібіры, жывучы надзеяй на лепшае будучае.