Выбрать главу
Орская крэпасць 1847

ПАЛЯКАМ

Калі былі мы казакамі, А уніі не чуць было[133], Жыццё ў нас весела ішло! Не ў шкодзе з ляхамі-братамі, У згодзе з вольным стэпам самі Жылі, кахаліся,— цвілі Лілеі-дочкі ў кожнай хаце, Сынамі цешыліся маці, Сынамі вольнымі... Раслі, Раслі сыны і весялілі Бацькоўскі век, што адлятаў... Аж покуль іменем Хрыста Прыйшлі ксяндзы і запалілі Наш ціхі рай. I разлілі Крыві і слёз народных мора, I крыж Хрыстоў ім быў апорай, Як распінаць сыноў вялі... Паніклі казакоў чупрыны, Нібы стаптаная трава. I плача-стогне Украіна! За галавою галава Дадолу падае. Лютуе Бязбожны кат, а ксёндз услед Крычыць: «Te deum! алілуя!..»
Вось гэтак, ляша, дружа, брат мой, Ксяндзы-абжоры і магнаты Нас пасварылі, развялі, А мы б у згодзе век жылі. Падай жа нам руку, дай слова I сэрца чыстае падай! I зноўку іменем Хрыстовым Адновім мы наш ціхі рай.
1847 Орская крэпасць — 1850 Арэнбург

ЧАРНЕЦ

У Кіеве на Падоле Было калісь... I ніколі Не вернуцца тыя дзеі, Не вернецца і надзея, Не вернецца... а я, браце, Усё ж буду спадзявацца, Усё ж буду выглядаці, Сэрцу жалю задаваці.
У Кіеве на Падоле Братэрская наша воля Без халопа і без пана Сама сабой у тумане Развінула плечы смела, Аксамітам шляхі сцеле, А ядвабам насцілае I нікога знаць не знае.
У Кіеве на Падоле Казакі гуляюць. Як ваду, вядром-цабэркам Віно разліваюць. Усе шынкі з шынкаркамі, З вінамі, мядамі Закупілі запарожцы Дый п’юць чарпакамі. А музыка раве, грае, Людзей забаўляе. А гурма бурсацтва з Брацтва[134] Моўчкі пазірае. Няма голай школе волі, А то б дагадзілі... Ды каго ж там з музыкаю Людзі абступілі?
У аксамітных шараварах Дарогу метучы матнёй, Ідзе казак. «Ой, старасць, старасць! Што творыш-робіш ты са мной?» — I ўдарыў раптам у абцасы — Аж закурыўся пыл! Вось так! Яшчэ й запеў стары казак:       Па дарозе рак, рак.       Няхай будзе так, так.       Як бы гэта, маладзіцы,       Дам я дыхту абцасам,       Усім ботам дыхту дам.       Дастанецца й перадам!
А ўжо ж такі мае боты Нагуляюцца з ахвоты! Дам я дыхту абцасам, Усім ботам дыхту дам. Дастанецца й перадам! Аж да Мяжыгірскага Спаса[135] Патанцаваў сівы. А за ім і таварыства I ўвесь святы Кіеў. Датанцаваў аж да брамы, Крыкнуў: — Пугу! Пугу! Прывітайце, чарнарызцы, Таварыша з Лугу! Браму тут жа адчынілі, Казака ўпусцілі. I зноў браму зачынілі, Навек зачынілі За сівым. А хто ж падаўся Жыць у муры ціхім? Сямён Палій, запарожац, Недабіты ліхам.
      Ой высока сонца ўсходзіць,       Нізенька заходзіць.       А па келлі ў доўгай расе       Стары чарнец ходзіць.       Ідзе чарнец у Вышгорад[136]       Паглядзець на Кіеў,       Пасядзець ды пажурыцца       Па тым, што пакінуў.       Ідзе чарнец Дзванковую[137]       У яр ваду піці       Дый згадвае, як жа цяжка       Ідзе чарнец, ідзе ў келлю,       Дзе сцены нямыя,       Дый згадвае свае годы,       Годы маладыя.       Дастае пісьмо святое,       Голасна чытае...       А думкаю чарнец стары       Далёка лятае.
I ціхне мудрасць боскіх слоў, I, нібы ў Сечы, ажывае Братэрства ў келлі той, і зноў Сівы, як лунь, з далёкіх сноў У вочы гетман[138] зазірае. Бярдзічаў, музыка іграе, Масква і бразгат кайданоў, Бары, снягі і Енісей... I пакаціліся з вачэй На расу слёзы... Бі паклоны! I плоць старэчую ўнімай. Пісанне божае чытай. Чытай, чытай ды слухай звоны, А сэрцу больш не патурай. Яно цябе ў Сібір вадзіла, Яно ў цябе ўвесь век блудзіла, Прыспі ж яго і занядбай Сваю Барзну і Фастаўшчыну. Загіне ўсё, ты сам загінеш. I не згадаюць, каб ты знаў... I старац цяжка зарыдаў, Чытаць пісьмо святое кінуў, Хадзіў па келлі ён, хадзіў, А потым сеў і зажурыўся: — Нашто на свет я нарадзіўся, Сваю Ўкраіну я любіў? Завыў да вутрані ў званіцы Вялікі звон. Чарнец устаў, Надзеў клабук, ружанцы ўзяў, Перахрысціўся, кій дастаў... I за Ўкраіну памаліцца Стары чарнец пашкандыбаў.
вернуться

133

А уніі не чуць было... Маецца на ўвазе Брэсцкая унія 1596 г., па якой праваслаўная царква Беларусі і Украіны была аб’яднана з каталіцкай і падпарадкоўвалася Ватыкану.

вернуться

134

Брацтва — праваслаўныя арганізацыі на Украіне ў XVI— XVII стст., асветніцкія і культурныя цэнтры. Пры іх былі школы. Тут маецца на ўвазе Кіева-брацкая школа пры Брацкім Багаяўленскім манастыры.

вернуться

135

Мяжыгірскі Спас — маецца на ўвазе манастыр ў Межгор’і (ля Кіева).

вернуться

136

Вышгорад — сяло на поўнач ад Кіева. Да татарскага нашэсця — горад, адсюль такая назва.

вернуться

137

Дзванковая вада. Непадалёк ад манастыра была студня, якую звалі Дзванковая.

вернуться

138

Сівы... гетман — здраднік Іван Мазепа.