Выбрать главу
Орская крэпасць 1848

ВАРНАК[146]

      Блукаючы ў чужым краі, Над Елекам[147], сустрэў я дзеда Старога вельмі. Наш зямляк I недамучаны варнак Стары той быў. Нейк мы ў нядзелю Адзін другога ў полі стрэлі I сталі гутарыць. Стары Згадаў сваю Валынь святую I волю-долю маладую, Сваю бывалынчыну. I мы За валам у траве прыселі I гаварылі, што хацелі, Адзін другому. «Доўгі век! — Стары сказаў: усё ад бога! Ад бога ўсё! А сам нічога Дурны не зробіць чалавек! Я марна сам, як ты пачуеш, Я сам свой пакалечыў век. I ні на кога не сярдую, I ні ў каго вось не прашу я, Нічога не прашу. Вось так, Мой сыне, дружа мой адзіны, Так і загіну на чужыне Ў няволі». I стары варнак Заплакаў ціха. Сівы браце! Пакуль жыве надзея ў хаце,— Няхай жыве, не выганяй!             Няхай зрэдку хоць сагрэе             Пустку жар у печы             I пальюцца маладыя             Слёзы з воч старэчых;             I, умытае слязамі,             Сэрца адпачыне,             Паляціць яно з чужыны             У сваю краіну! — Багата шмат чаго не стала,— Сказаў стары.— Вады нямала У мора з Іквы уцякло... Над Ікваю[148] было сяло. У тым сяле на гараванне Ды на пагібель вырас я. Ліхая долечка мая!.. У нашае старое пані Малыя панічы былі, Якраз равеснікі са мною. Яна й бярэ мяне ў пакоі Сынкам на забаўку. Раслі, Раслі паняты, вырасталі, Нібы шчаняты. Пакусалі Не аднаго мяне былі. Вось і вучыць іх пачалі Чытаць, пісаць. На безгалоўе, Вучуся й я. Слязамі! Кроўю! Пісьмо лілося тое... Нас, За панскіх тых сабак таннейшых Вучыць чытаць?!             Маліцца богу,             За сахою спатыкацца,             А болей нічога             Не павінен знаць нявольнік —             Гэта яго доля! Вось і выўчыўся я, вырас, Прашу сабе волі: Не дае і ў маскалі, Клятая, не голіць. Што на свеце тут рабіці? Зноў пайшоў да нівы... А панічоў у гвардыю Аддала шчаслівых... Часіна цяжкая настала, Насталі цяжкія гады! Я за сахой працую дбала, Я сірата быў малады, Як у суседа падрастала У наймах дзеўчына. I я... О доля! Долечка мая! О божа мой! О мой адзіны! Тады малой была дзяўчына, Амаль зусім дзіцём была... Не нам цябе судзіць, магутны. Дык вось яна мне на пакуты Ды на пагібель падрасла. Не давялося й наўглядацца... А я ўжо думаў з ёй пабрацца, У весялосці й згодзе жыць, Людзей і госпада хваліць... А давялося...                      Накупілі Крамніны, піва наварылі, Не давялося толькі піць. Бахур старое пані сівы Украў крамніну, выліў піва, Пусціў пакрыткаю... Дарма. Мінула... непатрэбна!.. Годзе Цяпер і ўспамінаць. Няма, Няма, мінулася жахліва... Пакінуў я саху і ніву, Пакінуў хату і гарод, Усё пакінуў. Чорт назводзіў Стаць мне за пісара ў народзе. То сяк то так мінае год. Пішу сабе, з людзьмі бываю Ды хлопцаў добрых падбіраю. Мінуў другі... I па вясне Паны дамоў папрыязджалі, Ужо засватаныя. Шмат Пілі яны ў двары, гулялі, Свайго вяселлейка чакалі Ды нашых маладых дзяўчат, Як бугаі, перабіралі,— Вядома, панічы. I вось I мы чакаем іх вяселля... I нейк на Сёмуху ў нядзелю Іх і звянчалі разам двох, У іх дваровым жа касцёле. Яны, бач,— ляхі. I ніколі Нічога лепшага сам бог Не бачыў на зямлі вялікай, Як маладыя іх былі... Зайгралі весела музыкі,— Іх ад касцёла павялі Ў нанова ўбраныя пакоі... А мы і стрэлі іх і ўсіх — Княжат, панят і маладых,— Усіх парэзалі. Крывёю Вяселле ўмылася! Не ўнік Нажа ніводзін каталік: Усе зляглі, як парасяты, Ў смуродным багнішчы. А мы, Управіўшыся, новай хаты Пайшлі шукаці і знайшлі Сабе зялёны дах багаты У цёмным лесе. У лугах, У вольных стэпах, у ярах Крутых, глыбокіх — скрозь нам хата! Было дзе пагуляць заўзята I адпачыці дзе было. Мяне гаспадаром абралі, Сям’я мая штодзень расла I ўжо да сотні дарастала. Як з парасятаў кроў цякла, Я ўсё знішчаў, што панам звалі, Без літасцівасці і зла,— А нішчыў так. I сам не знаю, Чаго хацеў у тыя дні? Я тры гады хадзіў з нажамі, Нібыта п’яны той разнік. Да слёз, да смерці, да пажару — Я да ўсяго тады прывык. Было, як жабу на жыгале, Дзіцёнка спражыш на агні Ці возьмеш голую паненку, Распяўшы, пусціш на кані Ў шырокі стэп. Усё, усё тады бывала — I ўсё не цешыла ані...             Адурэў я, цяжка стала             Ў нетрах жыць, бадзяцца,             Думаў сам сябе зарэзаць,             З светам развязацца.             I зарэзаў бы... Ды дзіва,             Цуд нябачны стаўся             Нада мною, недалюдкам... Досвітак займаўся, Выйшаў я з нажом аднойчы З Броварскага лесу[149], Каб зарэзацца. Гляджу я, Як хто з неба звесіў Святы Кіеў наш вялікі! Святым цудам ззяюць Храмы божыя, нібыта З богам размаўляюць. Пазіраю, а сам млею. Ціха зазванілі У Кіеве, як на небе, О божа мой мілы! Які дзіўны ты!.. Я плакаў, Да полудню плакаў... І мне гэтак добра стала: Нават ані знаку Той нуды не засталося,— Як перарадзіўся... Паглядзеў на свет навокал I перахрысціўся, Ды пайшоў паволі ў Кіеў Госпада маліці, Ды суда, суда людскога У людзей прасіці.
вернуться

146

Варнак — кляймованы катаржнік.

вернуться

147

Елек — рэчка, левы прыток ракі Урала.

вернуться

148

Іква — рэчка на Валыні.

вернуться

149

Броварскі лес — лес каля сяла Бравары, недалёка ад Кіева, на левым беразе Дняпра.