Выбрать главу

Гэта ўсё, канечне, з аднаго боку, а з другога боку Хрысціну Сымонаўну Моргаўку па-свойму можна зразумець, без аніякіх кпінаў пашкадаваць яе, шчыра паспачуваць жанчыне, адзінокай, сярэдняга ўзросту. Бо хто яна такая, Хрысціна Сымонаўна, як не вясковая настаўніца! Гэта ж не старшыня калгаса Андрон Сыцгок, не механізатар Ютка Казубоўскі, хай сабе хворы на дыхавіцу, не даяр Хведар Былінскі, не кажучы ўжо пра тое, што яна - не крамніца Яня Каняўка з таго самага роду Канявак, які праз Зоську Каняўку некалі з доктарам парадніўся і ў якім пароўну цяпер крамнікаў і дактароў... Усе ў гэтым свеце неяк адзін з адным павязаныя, а Хрысціна Сымонаўна ніяк і ні з кім, настаўніца - і ўсё. А колькі зарабляе сельская настаўніца, як да яе ставяцца, на якім яна месцы ў табелі рангаў, яна, той самы сейбіт, што сее разумнае, добрае, вечнае? Ведаеце вы тое? Калі не, то і ведаць не трэба. Хай тады будзе ўсё так, як ёсць, няхай той карэспандэнт, на якога Хрысціна Сымонаўна піша зараз скаргу, забудзецца, як прыехаў ён аднойчы на Палессе, вясною, у самую бездараж, як на аўтобусным прыпынку ніхто яго не сустрэў, як мясіў ён пятнаццаць кіламетраў гразь у красоўках фірмы "Adidas", пакуль не дагнала яго спадарожная падвода з барадатым дзедам на перадку. "Тп-ру-у", - сказаў дзед і больш не прамовіў ні слова, пакуль не ўехалі яны ў вёску і не дагналі першага спадарожніка, што ішоў па вуліцы каля самага плота, ледзь выцягваючы ногі з балота. "Ц-ц, но!" - прыцмокнуў дзед на каня і паехаў далей, не прапанаваўшы таму чалавеку пад'ехаць, і зноў маўчаў, пакуль не дагналі яны другога спадарожніка. "Тп-ру-у", - спыніў дзед каня, пачакаў, пакуль сеў другі спадарожнік на падводу, і давёз яго да праўлення калгаса, дзе павінен быў адбыцца сход, на які і ехаў карэспандэнт. Сход прайшоў так, як мае быць, карэспандэнт запісаў усё тое, што на ім гаварылася, а пасля спытаўся ў дзеда: "Слухай, дзед, скажы ты мне, калі ласка: чаму ты першага чалавека не ўзяў, а другога падвёз?" -. "Дык другі ж доктар", - адказаў дзед. "А першы?" - "Той настаўнік", - абыякава прамовіў дзед, так гэта сказаў, што карэспандэнт вырашыў раз і назаўсёды кінуць сур'ёзныя справы і займацца толькі гумарам, балазе былі ў яго да гэтага здольнасці.

"Я працую настаўніцай трынаццаць гадоў, хоць замест таго даўно ўжо магла быць жонкай афіцэрскага складу, - пісала Хрысціна Сымонаўна. - Калі я была студэнткай, мне прапанаваў пайсці за яго старшы лейтэнант Савецкай Арміі Сяргей Ванарук, але я адмовілася, бо кахала яго і не хацела замінаць яму расці да цяперашняга маёра, таму што мой родзіч па маці, Кірыла Моргаўка, некалі паехаў у Амерыку і стаў там імперыялістычным мільярдэрам. Але зараз ад той амерыканскай радні я не тое што пасылак, а нават паштовак не маю, так што не пра тое гаворка.

Калі я сама вучылася ў школе, дык да настаўніка больш чым да ўсіх астатніх мелі ў вёсцы павагу. Неяк само сабой выходзіла так, што ў таго, хто вучыў дзяцей, шукалі парады і дарослыя. А ў мяне ніхто і ні пра што не пытаецца. Сёння толькі Ціма Сыцюк, сын нашага старшыні, спытаўся: скуль у нас узяліся кракадзілы? Я ведаю, што ў нас кракадзілаў няма, а ён мне паказаў газету, у якой напісана, нібыта яны ёсць. Я разумею, што гэта жарт, я не такая забітая, хоць і не замужам, і за трынаццаць год мне ніхто добрага слова не сказаў, ні разу без чаргі ў краму не прапусцілі, але для чаго так жартаваць і навошта з настаўніцы, калі мяне за тое ніхто не паважае і паважаць не збіраецца. Прашу разабрацца, пакуль яно не позна. Моргаўка Х.С., настаўніца Карунскай сярэдняй школы".

Пад скаргай Хрысціна Сымонаўна паставіла дату і распісалася.

Скаргі ў нас ідуць і разбіраюцца доўга, але ўсё ж не даўжэй, чым будуюцца вежы да неба, таму, каб не вяртацца пасля да гэтай непрыемнай справы, скончым яе адразу, трохі прабегшыся паперадзе падзей.