Выбрать главу

Тым часам і ў нас на дварэ зьявіўся польскі жаўнер, які залямантаваў па- польску, каб хутчэй запрагалі каня. Па жаўнеру было відаць, што ён трапіў на віцкаўскі фэст не без карысьці для сябе: вочы былі вясёлыя, ногі хадзілі не зусім удала. У нас трымаліся палітычна: каня? Зараз! Але ці ня хоча наш ваяка крыху выпіць? Гарэлка ўсё роўна, як падпанскі сьпірытус.

Наш ваяка выпіць хацеў, але ня крыху, а добра. Калі яму пачалі наліваць добрую чарку, то ён адхіліў і загадаў частаваць сябе са шклянкі. Для такога пана, ведама, было не шкада і шклянкі.

Калі дзьве шклянкі загінулі, то ўсім стала відавочна, што гэтага даволі: паляк лёг на сталах спаць, паклаўшы каля сябе карабін. У гэты час пад’ехалі фурманкі, сабраныя для работы, на адну з якіх быў паложаны дашчэнту п’яны жаўнер.

Ад нас фурманкі не пашло, але фэст раскідаўся. Устрывожаныя, разыходзіліся дадому.

Так пачалося ў Віцкаўшчыне ліпеньскае адступленьне польскай арміі.

VIII

Пачалася трывожная пара, якая цягнулася праз увесь 1920 г. Але трывога адно, а работа другое. Назаўтра раніцаю, як і заўсёды, паехалі ў поле. Паўлік пачаў баранаваць поле, я паехаў абганяць бульбу пад Дубовіна. Дзень быў прыгожы, ясны. Сонца паднялося і раса высыхала. Быў мірны дзень, як учора на Яна, як пазаўчора, як іншыя папярэднія дні.

Абганяючы, я глянуў на сьцежку і зацікавіўся: там бегла Ніна. Па Ніне было відаць, што трывога. Трывога гэта датычылася і да мяне. Я спыніўся. Ніна дабегшы перадала мне, каб я кідаў работу і хаваўся ў лес. Палякі адступаюць, ідуць бальшавікі. Палякі зараз шукаюць коней і забіраюць усіх, каго ўбачаць. Адзін жаўнер прыходзіў забраць коні ў Паўліка, але Паўлік уцёк пад абстрэлам паляка. Мне трэба хавацца ў вомшар і чакаць загаду.

Я кідаю плуг у полі, саджуся коньна і лагчынаю еду ў лес. Лес - вомшар, але ў ім ёсьць асобныя густыя купкі бярэзьніку, зараз зялёнага, кучаравага. Тут наша ягаднае месца. Як памятаю сябе, мы заўсюды хадзілі ў вомшар па ягады. Зараз тут трэба хавацца ад вайны. Што творыцца дома - невядома, але трывога скрозь. У вомшары я не адзін. Праехаўшы крыху ў лес, бачу пару коней, прывязаных да хвойкі, а побач сядзіць гаспадар. За кустамі яшчэ коні, далей коні дзядзькі. Дома з хутароў пазіраюць на дарогу і ў поле - ці няма нечаканых гасьцей. На выпадак трывогі будуць уцякаць адсюль у далейшыя большыя лясы.

Сядзець у лесе аднаму з канём нудна. Увесь час сядзіш напружаны. Трывожна. Нуда проста заядае. Там у полі на сонцы, дзе відаць што-небудзь - лепш. Тут бачыш вакол сябе бярозкі, хвойкі. Крычыць варона. Можа вось зараз падыдзе паляк, дасьць прыкладам і забярэ каня.

Як цяжко жыць на сьвеце: вайна і вайна. Калі-то пачалася яна, як быў яшчэ зусім дзіця і з таго часу як памятаю ўсё ваююць і ваююць, і няведамо, калі яна скончыцца. А мы павінны працаваць - араць поле, жаць, малаціць, архаваць, а калі зерне пападае ў сьвіран ці яшчэ ляжыць у тарпах, яго трэба здаць.

Мы гадуем коней, даглядаем за жарабём з дня нараджэньня - кормім, чысьцім, любуемся, а як вырастае конь, прыходзіць чалавек з вінтоўкаю, якога мы ніколі ня бачылі і якога пэўно ня ўбачым, забірае каня, а пры гэтым яшчэ сьмяецца ці грозіць.

Мы робім упарта, цэлаю сям’ёю цэлымі днямі, мало адчуваючы сьвята, сеем і жнём ізноў жыта, гадуем новых жарабят, але прыходзяць новыя людзі з вінтоўкамі, гранатамі і забіраюць ізноў. Вайна!

Вайна, калі яна пачыналася, здавалася нечым далёкім, прыгожым і геройскім. Міліёны маладых, вясёлых, прыгожых салдат ішлі на захад, а зараз вайна вось тут, у нас дома. Нічога ў вайне прыгожага няма. Ёсьць грабежніцтва, страх, бізуны. Людзі ходзяць баючыся, аглядаючыся, чакаючы толькі бяды. Я ўзьненавідзеў вайну і ніколі не было такое вострае нянавісьці да яе, як улетку 1920 г.

У лесе я праседзеў нядоўга. Нехта з старэйшых забраў у мяне каня, я пайшоў дадому. Палякі насіліся, як ашалелыя. З Марыполя праз Віцкаўшчыну гналі панскае быдла. За быдлам паціху ехала брычка, у якой на фэст прывозілі з Менску архіерэя. Паны адусюль перад войскам уцякалі ў Польшчу. Вось чаму так танна прадавалася панская зямля ды і з жытам.

Па гасьцінцы яшчэ мала руху. Наш гасьцінец ідзе з Менску на Негарэлае, Стоўбцы і па ім заўсюды ішлі асноўныя сілы арміі, але зараз яшчэ відаць яны не дакаціліся.