Выбрать главу

Навучаныя ўсімі мінулымі адступленьнямі, у нас хаваюць усё: хаты, кладовыя ачышчаюцца. Хаваюць адзеньне, грошы, сала, масла, еўжышчы хаваюць, не чакаючы паведамленьня, што палякі рабуюць. Цяпер і без паведамленьня ведама, што будуць рабаваць без усякае літасьці. Але як жа схаваеш усё ў гаспадарцы? У гумне, на палатках, у хлявах схоў ненадзейны. Захаваўшы раз, ідуць перахоўваць у больш надзейныя месцы. Мама, узяўшы які-небудзь гарнітур, ходзіць з ім з гумна ў манеж, адтуль у сад, усё тоячыся, гледзячы, каб не наляцеў паляк, ламаючы голаў, дзе б было схаваць так, каб не знайшлі, але калі падумаць, то скрозь можна знайці.

Клумкі цягнуць у равок на лужку, у жыта. Жыта, высокае, каласістае, жыта стаіць навокал. У ім знайсьці цяжка, але і класьці небясьпечна. Цэлы дзень, цэлую ноч затым цягаюць, хаваючы ўсё і, ведама, не схаваюць усяго. Тое ж робіцца скрозь.

Ідзе армія, армія, азьвярэўшая ад няўдач. Пакідаючы край, яна хоча, каб у ім не засталося ані нічога на пажыву ворагу. Каб не заставіць нічога ворагу, трэба зьнішчыць усё, што ёсьць на зямлі. Край мусіць стаць пустыняю.

Колькі раз ужо на нашай зямлі было гэта. Хто тут ні хадзіў, хто ні плюндраваў, дзівячыся, што край бедны і не дагадваючыся, што багатым ён ніколі ня будзе, калі час ад часу зьнішчаць усё. Не хадзілі толькі па краю свае абаронцы. Не было толькі людзей, якія б прагналі ўсіх грабежнікаў.

Весьнікі ў нас рыпяць і рыпяць. Маладыя сабакі Абрэк і Кайзер бесьперапыньна брэшуць. Скрозь на Віцкаўшчыне чуваць сабачы брэх. Гэта бегаюць легіянеры, шукаюць коней. Ходзяць па аднаму, кучаю, ходзяць з старастаю Віктарам Шпакоўскім. Адыходзіць, дакладней уцякае, ад бальшавікоў цэлая армія, і ўсім трэба коней. Трэба везьці зброю, адзеньне, жаўнераў. Трэба везьці нарабаванае дабро, бо польская армія адыходзячы рабуе ўсё, што трапіць пад руку. Ды палякі гэта не народ - паны. Пэўно, ня толькі ў нас думалі, гавораць толькі далікатныя людзі - паны. Такога ж погляду пэўно прытрымліваліся большасьць самых палякаў. Пану, ведамо, хадзіць пехатою не выпадае. Пану трэба фурманка, тым больш, што іці як-небудзь не выпадае. Трэба іці скора, амаль бегчы, бо бальшавікі напіраюць з усіх сіл.

“Коней, коней!”, - крычаць ашалелыя жаўнеры.

“Няма коней. Усіх забралі ў абоз”, - адказвае вёска.

“Коней!”, - крычыць паляк, лаючыся і па-польску і па-руску.

“Няма, пане, коней, усе ў абозе”.

Так ад рана і да вечара. Час ад часу тэма мяняецца: у хату ўвальваецца куча легіянераў, у іх такі выгляд, нібы ўвесь сьвет ім падпарадкуецца. Не здымаючы шапак, не вітаючыся з гаспадаром, яны праходзяць у хату, займаюць лепшыя месцы і камандуюць: масла, яек, сыру, слоніны. Бульба, хлеб, крупнік - усё тое, што ядуць у нас сяляне, адкідаецца як нягоднае. Паляк ёсьць пан. Пан бульбы ня есьць. Пан есьць толькі масла і яйкі. Калі гэтага няма, то хоць сам зьнясі яйца, з сябе набі масла, аде дай. Дай, бо паляк, раззлаваўшыся, пачне крышыць усё ў хаце. Ён пасячэ сякераю камору, хоць гаспадыня, ледзьве ня млеючы ад ад жалю, стаіць побач з ключамі і можа адамкнуць. У яе ўсё багацце ўсяго жыцьця ў камодзе. Тут пасаг яе і пасаг, што зьбірае дочкам. Паляк не зьвяртае ўвагі на сьлёзы - ён чалавек высокага палёту і зважаць на сьлёзы лічыць непатрэбным. Ператрасае ў камодзе ці куфры ўсё, адбірае, што падабаецца, на разьвітаньне ж выцягне гаспадыню ці гаспадара бізуном ці грукне прыкладам. Гэта не ад злосьці, а так сабе: поўзаюць нейкія стварэньні, стукну, хай памятаюць польскага ваяку.

Здаецца, йдзе ня армія, а нейкая дзікая навала, якая ўсё крышыць, усё паскудзіць. Усе адступаючыя арміі бралі. Але тое, што паказала польская армія ў ліпені 1920 г., перавышала ўсё раней разам узятае. Ішлі гуны, якія мусілі пакінуць пасьля сябе нянавісьць і пустыню.

Ніхто ня можа ў нас сказаць, што палякаў ненавідзелі дарма. Яны зрабілі ўсё для гэтае нянавісьці.

Наш дом крайні ад гасьцінца, да нас даходзяць меньш. Хто ўбаку ад дарогі, за ляском, як на Востраве, там яшчэ лепш. Жаўнеры ня надта ахвотна адыходзяць у бок ад дарогі, бо за першым кустом могуць забіць. Нам, як крайнім, меньш і дастаецца. Увесь час ходзяць па дварэ, па хаце, па хлявах жаўнеры. Яны цягнуць усё, што пападзе пад руку. Ратунку няма. У Станішэўскага яны вывелі з хлява жаробку-пярэзімка, запраглі яе ў брычку і паехалі. Гаспадар быў непатрэбен. Выцягвалі з кублоў сала, шынкі, крышылі пасуду, распараджаліся, не зважаючы на сьлёзы гаспадара ці гаспадыні. Уночы гвалцілі дзяўчат. Мужчыны ўсе разьбегліся і пахаваліся ў кустах, лесе, у жыце, бо, спаткаўшы мужчыну, адразу пачыналі біць яго бізунамі, вымагаючы коней ці проста завучы яго бальшавіком.