Выбрать главу

Кароў раней ужо ўсіх загналі ў дуброву, але сьвіньні, куры былі дома. Кормных сьвіней хто мог пахаваў у жыце, дзе яны маглі загінуць ад жары.

На гасьцінцы дзень і ноч рух. Польская армія коціцца на захад - да сябе ў Польшчу.

Гэта было ў нас, крыху ўжо з тылу ад гасьцінца, дзе народ ніколі не спрабаваў выступіць проці палякаў, а што ж было ў вёсках, на самым гасьцінцы, за чатыры дні адступленьня польскае арміі, там народ ледзьве цалкам не звар’яцеў.

З усяе польскае арміі бачыў толькі двух маладых хлопцаў, якія былі падобныя да людзей. Яны зайшлі ў хату і па-чалавечы папрасілі есьці. Дома былі Саша з Нінаю. Мама, хворая, баязьлівая, начавала недзе ў рове сярод поля. Саша, узрадаваная, што ўбачыла жаўнера, які гаворыць, як нармальны чалавек, пабегла ў лазу па масла. Ніна з адрынкі несла яйкі. Выцягнулі малако. Пажаліліся палякам на іх таварышаў. Тыя сядзелі, жартавалі, зьелі яечню і праганялі ўсіх іншых легіянераў, што прыходзілі пазьней іх.

VIII

Уночы другога дня адступленьня я панёс есьці Паўліку, які сядзеў з коньмі ў дуброве. Нязвычайна жыла тады дуброва. Маленькі лясок быў туга застаўлены коньмі. Вараны лысы суседзкі жарабец рваўся і час ад часу ржаў. Морда яго была падвязана да алешыны так высока, як толькі наогул можна было падвязаць, але жарабец усё ж і так умудраўся ржаць. Тады Косьцік, які даглядаў жарабца, біў яго па назе тоўстаю арэшынаю. Гэта крыху сьцішала тэмпераментнага каня, але калі боль праходзіў, жарабец ізноў пачынаў іржаць.

Пад кожным кустом ляжаў вясковец, даглядаючы сваіх коней, былі і з другіх засьценкаў ці хутароў. У кустох стаялі каровы. Іх даглядалі дарослыя. Каровы ляжалі, людзі сьціха гутарылі, што ўночы трэба ўцякаць далей, у маліньнік ці на Казеяў груд, дзе большы лес, абкружаны балотамі, незнаёмы чалавек там лёгка можа заблудзіцца. Мяне адаслалі дамоў і на другую ноч ужо трэба было несьці торбу ў Казееў груд.

Быў у графа Чапскага лёкай Казей. Служыў ён графу чэсна: падаваў талеркі на стол, даглядаў вялікага пана. Раз ён не дагадзіў пану, той кінуў паданую яму талерку проста ў зубы лёкаю і выбіў яму два пярэднія зубы. За гэта і за другія ўчынкі, што перацярпеў Казей, дараваў яму граф хутар у дзьве валокі зямлі з невялікім, але гожым ляском, хутар на зайздрасьць усёй шляхце і не шляхце. Каля самага лесу цякла рэчка, тая ж, што і ў Віцкаўшчыне, але тут ужо рачулка з бягучаю вадою, з чыстым пясчаным дном. Хутар стаіць на ўзгорку, на грудзе, з таго часу і завецца Казеяў груд.

Сыходзіліся даўней на Казеяў груд людзі на Яна з усяго краю. Зьбіралася можа тысяча народу. Нядаўна яшчэ перад нашым жыцьцём быў Ян паганскім сьвятам, усенародным, усебеларускім. Людзі кідалі работу з поўдня перад Янам, ішлі грамадою, адзетыя ў сьвяточнае, несьлі гарэлку і ежу, да ранку на грудзе ішла гулянка. Палілі вогнішча, сьпявалі дзяўчаты купальскія песьні, весяліліся, жаніліся. Да нашага часу дажыў Казеяў груд як месца гуляньня, але зараз сабраўся народ не на гуляньне.

Я дарогу да груда ня ведаў, трэба было іці з суседам і ўночы. Калі стала цішэй, а на дварэ было зусім цёмна, накіраваліся мы на груд. Прайшлі Дуброву, абмінулі Рубілкі, пайшлі сьцежкаю. Ноч, чорная цёплая чэрвеньская ноч раптам асьвяцілася. Адразу стала відно: недалёка ад нас у баку загарэўся хутар, пачуўся енк, некалькі стрэлаў адзін за другім прарэзалі цішу. Жудасна слухаць уночы енкі. Каля асьветленага долу замітусіліся фігуры. Мы скочылі ў канаву і пабеглі скарэй.

Да Казеява груда іці трэба было ўмеючы: скрозь балоты, топкія сенажаці. Прайці аднаму пехатою можна, але конь адразу ўрузьне. Іці трэба адною дарогаю, з бакоў яе балота.

На грудзе як кірмаш. Месца ўбаку ад гасьцінцаў і ўсіх важных дарог. Туды ідуць толькі сьцежкі ды сьцежкі. Палякаў там не было відаць. Сюды паехалі хавацца сотні людзей з коньмі. Скрозь на рэчцы ў лазьніку, у алешніку прывязаны коні, іх тут сотні ці тысячы. На поплаве каровы, ляжыць скарб. Семсот год назад па нашай мясцовасьці ішлі татары на Койданава. Пэўна, мабыць, было тое ж, што і ў 1920 годзе.

Я доўга не сядзеў на грудзе. Трэба было дамоў. Ранічкаю пабег ізноў дамоў, дзе сядзелі, не сплючы ўжо каторую ноч, сёстры, а ўвечары прынесьлі вестку, што Казеяў груд разгромлены.

Палякам даказалі, што ў алешніку хаваюцца людзі з коньмі. Атрад палякаў рушыў туды праз поплава. Іх убачылі, паднялася паніка. Сеўшы на коней, кінуліся ўцякаць. Палякі пачалі страляць. Было нешта падобнае да вайны, толькі адзін бок быў узброены, а другі спадзяваўся толькі на свае ногі. Уцяклі не ўсе.

Частка коней засталася: іх, як вайсковую здабычу, забралі палякі. Скрозь валяліся кажухі, буркі, торбы, кінутыя, калі садзіліся на коней. Палякі падабралі лепшае.