Выбрать главу

VIII

Фэлька, старэйшы хлопец, скора прысябраваўся да палякаў. Маючы паганую душу і каталіцкую веру, гэта было зрабіць лёгка. Тыя чалавечыя агрызкі, якія былі ў нас камендантамі, жандарамі (кандэкамі), тварылі ўсялякія брудныя справы, і ім былі патрэбны мясцовыя людзі, якія казалі, што ў каго можна адабраць.

Неўзабаве перад адыходам палякаў на Востраве быў абрабаваны Дубовік і краўцы, якія ў той час жылі ў яго. Увечары, калі яшчэ добра не сьцямнела, з лесу выйшла кучка людзей і пайшла пагонкаю да хаты. Здалёк не было відаць, хто яны такія, а калі тыя падышлі да дому, то ўцякаць было позна, а ўцякаць было канешне трэба, бо госьці былі ў масках, а ведама, якія людзі ходзяць увечары ў масках.

Бандыты скруцілі ўсіх, сьцягнулі ў хату, а самі пачалі гаспадарыць, ператрасаючы хату і складаючы ўсё дабро ў кучу. Каб гаспадары і краўцы гаварылі весялей дзе што ёсьць, ім пачалі падпякаць пяткі і калоць цела, а каб тыя не галасілі пры гэтай опэрацыі, ім заткнулі рот.

Аднак усё прадбачыць нельга і бандытам. Адна дзяўчына выскачыла з вакна, забегла да суседа і падняла гвалт. Народ замітусіўся, дарагія госьці сьпяшаючыся не маглі забраць усё, што хацелі.

У нас доўга і ўпарта казалі, што бандыты былі самахвалавіцкія жандары і сярод іх Фэлька. Бліжэйшым прыяцелем Фэлькі некалі быў Міхась Шалькановіч, віцкоўскі бальшавік. Яно раней, да прыходу палякаў, і Фэлька быў амаль бальшавік, але пасьля змьяніўся. Міхасю стаць палякам было нельга. Паступова між імі вырасла варожасьць. Зараз, з прыходам бальшавікоў, Міхась спрыяў, а Фэлька зьнік. На яго помсьціліся і нашы думалі, што ён сышоў з палякамі. Можа, Фэлька быў не такі.

Ужо ў першы ж дзень прыходу бальшавікоў грамада грычанцаў, сярод якіх быў і Міхась, стоячы на вуліцы, убачылі дзіва: па гасьцінцы ехала фурманка, а на возе сядзеў Фэлька. Фэлька быў адзеты чырвонаармейцам, у руках меў вінтоўку, на шапцы зьзяла чырвонаармейская зорка. На возе стаяла кадушка з маслам, ляжалі нейкія клумкі. Фэлька ўжо разжыўся зараз, як чырвонаармеец, наступаў на Варшаву. Гледзячы на натоўп, ён пасьмехваўся: вось які я!

Шмат было ў нас зьмен, але такога яшчэ ніхто ня бачыў. У людзей аж раты расчыніліся, але гэта на хвіліну. Дык ты, Фэлька, ужо бальшавік, а ўчора, ліха тваёй матары, быў палякам!Падзеі разгарнуліся хутка. Прыяцель Міхась кінуўся да плоту, вырваў добры кол і гакнуў Фэльку па галаве раз, другі, трэці. Грычанцы памаглі. Праз хвіліну Фэльку з рашчэпленаю галавою, без усякіх адзнакаў жыцьця выкінулі з фурманкі ў канаву, зброю і масла канфіскавалі.

Аднак праз некалькі часу Фэлька ажыў. Чыясь добрая душа прынесла яму вады. Фэлька выпіў і праскрыпеў, што будзе жыў. У гэты час ехаў па вуліцы коньнік і запытаў у грычанцаў, што гэта за хворы ў канаве. Яму сказалі. Гры­чанцы, не забіўшы адразу, лічылі, што чалавеку павязло, дык няхай ужо жыве. Міхась тымчасам некуды сышоў.

Пад’ехаўшы да Фэлькі, коньнік сказаў: “А ну падыміся”. Той стогнучы пачаў станавіцца ракам, у той час коньнік шабляю ўдарыў яго зьверху па шыі. Душа Фэлькі паляцела ў канаву. Маці забрала яго, закруціла ў коўдра і схавала не на могілках, але на канцах, за Станішэўскім.

У жыцьці пачынаецца новая эпоха. Бальшавіцкае войска коціцца на захад, на Варшаву. Чырвонаармейцы крычаць: “Даеш, пан, Варшаву!” Армія ідзе дзень і ноч, літаральна ідзе або едзе на фурманках. Чырвонаармейцы ўсе адзеты кеп­ска. Поўны набор абмундзіроўкі мае мала хто. Шмат ідзе басяком ці ў лапцях. Амаль усе без прадуктаў і жывуць тым, што корміць насельніцтва. Узброены разнастайна, нешта падобнае да чырвонае гвардыі 1918 г., але значна большай па колькасьці. Кожны атрад мае абоз з сялянскіх коней, але дадаткова яшчэ бяруць падводы, каб ісьці ўперад і ўперад. Старэйшыя хлопцы ізноў ідуць у армію, як у 1915 г. Дома застаемся з мужчын бацька і я. Цяпер я ўжо вырас, стаў амаль паўнацэнным работнікам. Мяне шанавалі ў сям’і. Як малодшаму мне было меньш работы, і нават араць я пачаў у 19 год, хоць брат Паўлік і другія хлопцы хадзілі за плугам у 11-12 год. Ідзе такі араты, і за плугам яго ня відаць.

Цяпер найбольшая гаспадарская работа - гэта ехаць у абоз. Штодня, а то і некалькі раз у дзень рыпяць весьнікі - ідзе чырвонаармеец з членам сельсавета. “Хазяін, давай падводу”. Ніколі яшчэ не было чаго-небудзь пахожага.

Тых, хто пайшоў у абоз у першыя дні, хто адразу вылез з лесу з коньмі, няма тыдзень, і два, і месяц. Трапіўшы амаль у першую лінію вайны, яны ішлі ды ішлі, пераплылі праз “раку Буху” - Буг і набліжаліся да Варшавы. Віцкоўцы ледзьве не ўзялі гэты панскі горад, але палякі неяк выцерабіліся.