Выбрать главу

Да абозу для арміі далучаецца яшчэ бяда: трэба ўрабляць панскія двары. Паны паўцякалі, двары кінулі, забраўшы ўсю жывёлу, папсаваўшы машыны. Сяляне думалі, што як у 1918 г. двары раздадуць ім, аднак выйшла інакш. Двары аб’явілі маёмасьцю дзяржавы і назвалі саўхозы, а паколькі там нічога з жывёлы не было, то ўрабляць зямлю давялося нам.

Першыя разы езьдзіў да адыходу ў армію Паўлік, а пасьля сеў на фурманку я, ды так і праезьдзіў да вясны 1921 г.

Першы раз мяне паслалі з другімі ў двор Русіновічы малаціць жыта. Дома свае работы было даволі, але нічога ня зробіш.

Прыехаўшы ў двор, мы першым чынам пайшлі ў сад і натрэсьлі сабе яблыкаў, а пасьля выпраглі коней і, лёгшы на траве, пачалі есьці яблыкі: ня так ужо і кепска адбываць паншчыну!

Аднак гэты кейф цягнуўся нядоўга. Прыйшло, лаючыся на ўвесь двор, нейкае начальства і загадала нам запрагаць коні ў малатарню. Мы запрэглі, пачалі паганяць, а былыя дваровыя парабкі рабілі ўсё іншае: падавалі ў цапы, адкідалі салому, адграбалі. Тады я першы раз убачыў, як робіць чалавек не на сябе. Ледзьве варочаючыся, адкідаючы з саломаю пэўно з палову жыта, парабкі рабілі як на сьмех. Каб так ішло ў нас, то бацька даўно б разагнаў усіх. “Работа ідзе, як мокрае гарыць”, - казалі ў нас пра такую работу.

Аднак, парабіўшы гадзіны тры, нешта намалацілі, другія пачалі архаваць. Адзін з начальнікаў, здаровы русы мужчына, год пад 30, калі з’арахавалі, насыпаў чатыры мяшкі жыта пудоў з дваццаць і адкінуў іх у бок.

Па абедзе, калі мы адпачылі, той самы начальнік, ідучы па дварэ, крыкнуў, паказваючы на маю сівую кабылу: “Чый конь? Запрагай!”

Жыта трэба было везьці ў Менск. Я запрог каня, і тымчасам да воза падыйшлі начальнік у палатняным балахоне і яшчэ нейкі другі вясёлы чарнявы хлопец. “Едзь у гумно”, - загадаў мне старэйшы. У гумне тыя чатыры мяшкі ўжо былі пад саломаю. Абодва начальнікі, саскочыўшы з воза, выцягнулі мяшкі, паклалі іх у маю драбінку і заклалі сенам так, каб не было відаць. Самі селі ззаду, а я, як фурман, мусіў ехаць у перадку.

“Ну, ну, весялей! - крыкнуў начальнік. - Ты думаеш, што ў Менск трэба заўтра”. Ён быў увесь час сярдзіты, гаварыў толькі начальніцкім тонам з усімі. Раўні яму на сьвеце не было. Хто ён такі, ня ведаю, але нянавісьць ёсьць яшчэ і цяпер.

Пад’ехаўшы да млына, прыяцелі выскачылі, забралі мяшкі і панесьлі ў млын. Праз паўгадзіны вынесьлі толькі два мяшкі, відаць, іншыя два былі застаўлены другім злодзеям, каб маўчалі.

Зараз наш шлях ляжаў проста ў Менск. У Менску заехалі ў двор на рагу Магазыннай і Сярпухоўскай. Мае начальнікі пайшлі ў хату, а я, выпрагшы каня, лёг у цяньку каля возу. Крыху зьеў, крыху задрамаў, надыходзіў вечар. Мае гаспадары тымчасам відаць праводзілі час някепска. З хаты, куды яны пайшлі, чуваць было гармоніка, песьні. Час ад часу з дзьвярэй выскоквала дзяўчына і бегла праз двор. Я дзіка абурыўся. Як гэта я ўзят на работу, каб абслугоўваць асабістыя патрэбы нейкага пройды, які крадзе дзяржаўнае дабро, п’е і гуляе. Конь зьеў усё сена, папаіць яго нельга, бо няма вядра, я сам зьеў усё і зараз галодны.

Я рашуча ўстаў і пайшоў да дзьвярэй. Дзьверы заткнены. Я пачаў бразгаць.

- Каго трэба?

- Паклікаць начальніка!

Праз хвіліну суровы начальнік быў перада мною. За тры крокі ад яго несла самагонам, твар быў ружовы, але вочы тыя ж камандныя і суровыя.

- Чаго табе трэба? - сурова крыкнуў ён.

- Дакуль я буду ў вас? - запытаў я. - Мяне бралі на дзень, а зараз вечар. Конь ня кормлены.

- Будзеш датуль, пакуль захачу. Сядзі і маўчы. - Начальнік павярнуўся і пайшоў назад.

Каб было што ў руках, я б стукнуў яго. Брама была замкнена. Выехаць нельга. Я пайшоў да Косьціка. Косьцік служыў у Менску і быў нейкаю невялікаю шышкаю.

Калі я вярнуўся з Косьцікам, то сілы былі прыблізна роўныя. Я ізноў загрукаў у дзьверы. Начальнік выляцеў, гатовы біцца, але ўбачыўшы Косьціка, крыху сьцішыўся.

- Чаму не пускаеце хлопца, дакуль ён будзе ў вас? - запытаў Косьцік.

- Якое вам дзела, хто вы такі, - завыў начальнік.