Выбрать главу

Калі ж праз лес цячэ рэчка, то хараство лесу падвойваецца. Невялікая рака - ня Волга, але наша маленькая рака, якую часам ня цяжка пераскочыць і няма прыгажэйшай у нас ракі, як Сьвіслач у лесе. Чыстая вада цячэ па пясчаным дне міма зялёных дубоў, прыбраная ўнізе лазою, арэшнікам. Уночы яна блішчыць срэбрам пад месяцам, удзень вабіць пакупацца. Уночы над ракою крычыць філін ці сава, дзікі голас здаецца прыемны. Ёсьць нейкая гармонія ціхага цёмнага лесу, ціхай малой ракі і гэтага далёкага крыку драпежніка. Не забываюцца дзіцячыя і юнацкія паходы ў лес.

У лесе можна жыць аднаму і так, як жыве Ваня. Стаіць сярод вялікага лесу дом, прад домам бэз, ружы, арэлі, за домам сад. У канцы сада рэчка, а далей на дзясяткі, сотні кіламетраў лес. Ніколі б я не выходзіў з лесу. Ваня расказвае, што старыя лесьнікі, якія ўсё жыцьцё пражылі ў лесе і звольненыя з работы, скора паміраюць - нуда па лесе заядае іх. Так і павіньна быць. Вырваць чалавека з лесу - гэта значыць адарваць яго ад зямлі. Чалавек у паветры жыць ня можа. Але зараз сьвет зьмяніўся.

Дзень я іду вучыцца на лясьнічага, ды мне пакуль толькі 13 год. Лес застаўся мілы сэрцу на ўсё жыцьцё, аднак у гэтым годзе адбываюцца падзеі, якія ставяць мяне зусім на іншыя рэйкі. У мяне адбываецца рэвалюцыя, я ўспрыймаю маё новае вучэньне і адразу захапляюся ім увесь. Мяне расьпірае ад новых ідэй, хочацца, каб усе думалі і рабілі тое ж, што і я. Рэвалюцыя гэта нацыянальная.

Гэта даўняе, нявырашанае пытаньне. Час ад часу яно ўсплывала, трывожыла, выклікала думкі, але заставалася нявырашаным. Былі непаразуменьні, няўвязкі ў поглядах, але ўсе навокал казалі, што гэта так, і я ўспрыймаў, што гэта сапраўды так.

Мы - рускія, ёсьць яшчэ палякі, жыды, цыганы, татары. Гэта тыя, што мы бачым; апрача таго недзе жывуць немцы, французы, ангельцы, аўстрыйцы. Немцаў і аўстрыйцаў бачылі пад час вайны, іншых - не. Мы - рускія праваслаўнай веры, ходзім маліцца ў царкву, палякі польскае ці каталіцкае веры моляцца ў касьцёле. Каля Рубілак ёсьць малы старэнькі “касьцёлік”, куды зьяжджаецца маліцца шляхта на свае польскія сьвяты. Нашы хадзілі маліцца ў касьцёл, палякі бывалі ў цэркві. Розьніцы вялікай няма. Хіба тое, што палякі - гэта пераважна шляхта, “шэршні”, але ёсьць сярод іх простыя. Кажуць, недалёка ад нас ёсьць Юнцаўшчына, Кложава, дзе палякі жывуць не на хутары ці ў засьценку, як звычайна, а ў вёсцы, зусім як простыя людзі. Палякі мусяць гаварыць па-польску, але нашы палякі слабыя наконт гэтага.

Мы рускія, але гаварыць хораша, па-руску ня ўмеем. Мы гаворым па-просту. Гаварыць хораша па-руску ўмее той, хто вучыўся. Руская мова - гэта навука, мастацтва, якім трэба аўладаць. Саматугам гэта даецца кепска. Прыкладам можа быць Мікалайка Тамковіч.

Нашы палякі таксама гутараць па-просту. Па-польску ідзе размова толькі ў сьвяты, калі шляхта зьяжджаецца на сваіх жоўтых і зялёных брычках да царквы ці касьцёлу на фэст, але і то такія далікатнасьці трымаюцца да таго часу, пакуль не падап’юць, а пасьля ізноў ідзе па-просту. Калі ў 1915 г. у нас зьявіліся палякі- бежанцы, то нашы палякі селі, паколькі ніхто з іх ня мог гаварыць з палякам. У Менску шляхты няма. Там палякі рабочыя ў большасьці чыгуначныя. Гэта палякі мудрэйшыя, чым наша шляхта. Як людзі гарадзкія, яны ўмеюць гаварыць і па­руску, але ў большасьці карыстаюцца простаю моваю, бо па-польску або зусім ня ўмеюць гутарыць, або гавораць ня лепш, чым наша шляхта. Віцкаўскія погляды прыблізна такія: вясковы чалавек, радзіўшыся і жывучы ў вёсцы, зразумела ўмее гаварыць толькі па-просту. Раз у 1919 г. я чуў, як нашы дарослыя людзі дзівіліся, што маленькая дзевачка аднаго менскага грамадзяніна гаворыць па-руску. “Такая малая, а як хораша гаворыць”: значыцца прыроджанаю натуральнаю моваю кожнага чалавека была мова простая, а ўжо пасьля, з ростам, калі чалавек удасканальваўся, ён вучыўся гаварыць ці па-руску (“хораша”), ці па-польску (“далікатна”).

Што ёсьць сяляне, простыя мужыкі, якія гавораць без усякае навукі па-руску, пэўна ня ведалі. Увесь сьвет здаваўся такі, як Віцкаўшчына, Рубілкі, Шкіндзяроўка. Кнігі, зразумела, пішуцца толькі па-руску ці па-польску. Жыды маюць свае кнігі. Што кніг, пісаных па-простаму, няма - гэта зусім натуральна. Чалавек, які чытае кнігу, той вучыцца. Раз вучыцца, то значыцца ня хоча быць простым. Самая ідэя, што кнігі могуць быць надрукаваны па-просту, здавалася дзікаю.

Аднак між моваю, на якой пісана кніга, і моваю людзей, што гутараць па-руску, ёсьць розніца: у кнізе пішацца “корова”, а гавораць усе - і простыя, і ня простыя - "карова”. Пішацца “вода”, а ўсе гавораць “вада”. У расейскай граматыцы пісана, што калі гук “о” чуваць нявыразна, то трэба зьмяніць склон, але як ні зьмяняй склон “карова”, усё роўна будзе адно.