Выбрать главу

Паўлік, прышоўшы першы раз у адпачынак з салдат, зьдзіўлена казаў, што ёсьць салдаты, якія гавораць чыста па-кніжнаму: “окно”, “вода”, “корова”. Мы такіх яшчэ ня бачылі.

Я чытаю “Вечера на хуторе” і спаткаю там слова “ховзятся”, гэта значыцца коўзацца. Мяне злуе, чаму гэта аўтар піша ні па-простаму, ні па-руску, перакручвае простыя словы. Другія словы песьні зусім ужо нікуды: “ой місяц, місяцю”. Ну што гэта за “місяц”. Аднак гэта таксама мова простых людзей, бо Вакула ў Пецярбурзе дзівіцца, чаму запарожац зварачаецца да царыцы па-просту, калі можа гутарыць па-вучонаму. Пазьней, калі я чытаў “Женитьбу”, мяне цешыла, што лейтенант Жевакин мае погляды на рэчы якраз як віцкоўцы - ён расказвае, што ў францускай зямлі Сіцыліі ўсе, нават мужыкі, гутараць па-француску, а па-руску зусім ня ўмеюць. Во гэта дык мужыкі, мудрэй рускіх паноў, якія не заўсёды ведаюць францускую мову, не раўнуючы як наша шляхта польскую.

Кніг, пісаных па-простаму, на зямлі няма, але простыя вершы ўспрымаюцца як дзіва. Яны робяць такое ўражаньне, што звычайна чалавек, раз праслухаўшы такі верш, запамінае яго на ўсё жыцьцё. Так у нас часта дэклямуюць “панскае ігрышча”, горад і вёска ня ведаюць і ня чуюць зусім пра аўтара.

Першы раз я пачуў, як чытаюць беларускую кніжку, у дзяцінстве. Дзед па нейкаму выпадку запрасіў да сябе гасьцей, якіх набралася поўная хата. Была здаецца сёмуха. Калі я, учапіўшыся за маміну руку, увайшоў у новую хату дзеда, то ўбачыў хлопца, які ў сьвяточным адзеньні, у шапцы сядзеў каля вакна на лаве і чытаў кнігу. Каля яго стаяла яшчэ некалькі хлопцаў, якія час ад часу рагаталі. Гэты хлопец чытаў па-просту, утрыруючы словы. Ён вымаўляў словы “узноў, зыноў, паднюў”, што ў нас лічылася крайняю ступеньню простасьці. Хлопцы рагаталі з таго, што былі людзі яшчэ больш простыя, чым яны, пра якіх пішацца ў гэтай кнізе.

У 1913 г. мне трапіла кніга “Сказки и рассказы белорусов-полешуков” Сержпутоўскага. Я пробаваў чытаць яе, але скора кінуў. Ізноў было нешта простае, але перакручанае, несапраўднае.

Было зусім натуральна, што чалавек, які вучыцца, перастае гутарыць па-просту, пачынае па-руску. Руская мова - гэта навука, і хто ў школе не навучыўся гутарыць па-руску, то значыцца нічаму не навучыўся.

Што чалавек можа ўмець гаварыць па-руску, але ня будзе карыстацца гэтым дарам неба, здавалася немагчымым. Гэта быў бы просты дурань, які ня хоча вылезьці з мужыкоў у вучоныя.

VIII

Ад’яжджаючы першы раз у Самахвалавічы, маю загад ад мамы: “Глядзі, каб ты навучыўся там гаварыць хораша па-руску”. Успрыймаю гэты загад, стараюся з усіх сілаў, але ў Самахвалавічах гэта выходзіла кепска. У нас па-руску гаварылі толькі настаўнікі, ды на гэтай на мове напісаны кнігі, а мы ўсе ў школе і ўсе за школаю гаварылі па-просту.

У нашых чытанках такая мова, што прачытаўшы сказ ці ў апошні год верш, пачынаем рабіць пераклад, настаўнік дамагаецца ад нас, каб мы разумелі сэнс прачытанага.

“Горит восток зарёю новой, / А на равнине, по холмам”, - надрукована ў кніжцы. Пасьля запытаньняў выходзіць, што восток - гэта ўсход, а “заря” - зусім ня зорка, бо зорка - гэта “звезда”. Крыху падобна да чытаньня Эвангельля на славянскай мове, дзе славянскі тэкст перакладалі па-руску, а рускія словы яшчэ тлумачылі па-беларуску.

Нашы настаўнікі і поп глядзелі на беларускую і расейскую мову як і вяскоўцы, хто кепска ўладаў расейскаю моваю, той быў тупіца, які ня ўмее аўладаць навукаю. За беларускія словы з нас настаўнікі кпілі, дражнілі, звалі мужыкамі. Мы стараліся адказваць ім па-руску. Як у нас гэта выходзіла, сам ня ведаю, пэўна ня надта ўдала, хоць нейкія посьпехі, зразумела, былі.

Гэта ў Самахвалавічах, але ў Менску сталася больш складана. У Менску ўсе гавораць па-руску, усе былі паны. У кроў прасочвалася разуменьне, што гарадзскія лепш за вясковых: усякі гарадзкі вышэй за ўсякага вясковага.

“У Менску нават сын дворніка ці ізвозчыка будзе сьмяяцца з цябе, бо ты з вёскі”, - казала мне Ніна перад ад’ездам. І гэта сапраўды было так.

Наша “простая” мова, нашы рудыя боты, шытыя Фядосам, польты скрозь выклікалі кпіны. У год рэвалюцыі гэта зменьшылася, бо ў нас быў хлеб, а паны сядзелі галодныя, але дух застаўся.

Усякі, хто хацеў перайці ў стан паноў, а перайці хацелася ўсім, мусіў найперш гаварыць па-руску: гэта было важней, чым добры гарнітур. Абшарпаны чалавек, які мякка вымаўляў “р”, а “п” вымаўляў, як “д”, заўсёды мог разлічваць на посьпех. Усё сваё ганьбілася. Пра гэта пісалі кнігі, казалі разумныя і вучоныя кнігі, і самі “мужыкі” ўспрымалі гэта.