Выбрать главу

Пасьля ўсяго гэтага ў нас праняслася чутка, што старыя настаўнікі адменены і ў школу назначаны новыя настаўнікі - беларусы, якія будуць вучыць нас па-просту, што зараз завецца па-беларуску. Вучэньне і простая мова ў нашым разуменьні наогул былі такія розьніцы, якія ніяк не сумяшчаліся ў нашай галаве. Ніколі мы наогул ня чулі, што ёсьць такія школы і што можна вучыцца па-просту. Першая мэта навукі - навучыцца гутарыць па-руску, калі ж будзем гутарыць па-просту, то сэнс вучэньня траціцца.

Мы абсалютна ня былі прывязаны да сваіх настаўнікаў. Адзін з іх, які выкладаў расейскую мову і тэорыю літаратуры, галіўся пэўна разы два ў год, калі рудая барада прымала пагражальныя памеры. Мундзір на ім, падзёрты пад пахаю, паказваў вялікі кавалак бруднае кашулі, калі ён падымаў руку. Сваю дысцыпліну ён выкладаў надзвычайна нудна і ў дадатак зваўся Корнилий Евтихиевич. Прычын любіць яго ў нас не было ані.

Другія настаўнікі, можа і не такія шэрыя, ані ня цікавіліся намі. Арганічнай сувязі з настаўнікамі не было ніякае. Асабліва праціўны быў настаўнік, які выкладаў гімнастыку. Галава ў яго была голая, уся ў гузах. Камандуючы направа, налева, ён расказваў розныя патрыятычныя ўчынкі з рускае гісторыі, у большасьці тыя, якія мы і самі чыталі ў сваіх падручніках. Ніколі не мінаў ён выпадку, каб пакпіць над вёскаю ці абарваць нас, калі хто-небудзь казаў слова па-просту. Мы мусілі быць удзячнымі, што з нас робяць людзей, але бесперапынныя кпіны над вёскаю абражалі, выклікалі варожасьць.

VIII

Перад самым прыходам у клясу настаўніка-беларуса на дошцы з’явіўся надпіс “долой новых учителей”. Пісаў Расуновіч, той самы, што першы замяўкаў на першай польскай лекцыі. Ён быў з бежанцаў, некалькі год жыў у Расіі і хоць адносіўся да той Расіі, дзе ён жыў, зусім зьняважліва, але па-руску гаварыў чыста і зараз у нас быў першы пратэстант і проці пальшчызны і проці беларускасьці. Мы ўсе падтрымлівалі яго. За пальшчызну было некалькі нашых “палякаў”, за беларусаў не было ніводнага.

Празьвінеў званок, усе селі на месцы, чакаючы новага, невядомага настаўніка- беларуса, і ў клясу ўвайшоў малады высокі русы настаўнік. Кляса напружылася, чакаючы, што будзе, а настаўнік на дзіва ўсім нам загаварыў зусім проста і па-просту.

Я прыблізна чакаў, што ён будзе вымаўляць, як той хлопец некалі ў дзеда “узноў, зыноў, паднюў”, але настаўнік гаварыў так, як гаварылі ў нас, і ў гэтым было дзіва. Настаўнік, чалавек вучоны, мусіў гаварыць толькі па-руску, бо інакш ён быў “просты”, нявучоны, а тут загаварыў па-просту чалавек, які ўмее гаварыць і па-руску, але не гаворыць, бо лічыць, што “простая” нашая мова ня горшая, чым руская ці польская.

На вялікае наша зьдзіўленьне настаўнік кажа, што ён не адзін такі, што такіх шмат, што на простай мове друкуюцца кнігі, газэты. Для ўсіх нас гэта было Амэрыка. На першы раз настаўнік надта не закідаў нас новымі ідэямі. Выклаўшы асноўнае, што гаварыць “па-просту” зусім ня брыдка, ён рэшту часу гутарыў з намі пра вясковае жыцьцё, пры гэтым не глуміўся з вёскі, не сьмяяўся з простых людзей, мужыкоў, але даводзіў, што яны лепш за іншых. Гэта таксама Амэрыка. Гэта першы раз за ўсё жыцьцё наша не высьмейвалі, ня зьдзекаваліся, ня кпілі, але спачувалі, разумелі. Чалавек ведаў вёску і ведаў, якія струны зачапіць у нас. Гэта было іншае, чым польская мова, чым усе іншыя. Гэта была рэвалюцыя.

Кляса сьцішылася. Ніхто ня пробаваў галёкаць, але шмат было ахвотнікаў запытацца, паспрабаваць пасьмяяцца з настаўніка, зрэзаць яго. Настаўнік адказваў спакойна, не злуючы, нібы разумеючы, чаму так пытаюць хлопцы. Празьвінеў званок, і настаўнік выйшаў.

Група была ўзрушана, але на першы раз, здаецца, не знайшлося ніводнага прыхільніка. Недзе глыбока ў нас былі зачэплены струны, але кожны яшчэ баяўся паказаць сябе прыхільнікам гэтай новай рэлігіі. Старыя багі былі моцныя. Наш сьветапогляд трэба было перарабляць да шчэнту, і школа пакрысе гэта рабіла.

Старыя настаўнікі ня ўсе былі зьменены, але зараз яны ўжо сьцерліся, пра іх існаваньне проста забыліся. Цяпер нас цікавілі толькі новыя, што скажуць, як трэба нам трымацца, што пытаць у іх. Варожасьць, зразумела, за першыя дні ня зьнікла.

На другі дзень мы знаёміліся яшчэ з новым настаўнікам. На лекцыю геаграфіі заміж прывычнага нам высокага, рыжавусага настаўніка вайшоў новы чалавек з худым энергічным тварам. Апрануты ён быў у шынель, але гэты шынель быў абрэзаны каля самага хлясьціка, таму з яго выйшла нешта падобнае да жакеткі, штаны з шынельнага сукна і салдацкія боты. Ад такога адзеньня настаўнік шмат траціў у нашых вачах. Мы паважалі больш добра, прыгожа адзетых настаўнікаў і спаткалі яго заявамі, што ня хочам вучыцца па-беларуску, бо тут прыводзілася ўся тая аргумэнтацыя, пра якую ўжо пісаў. Настаўнік слухаў зусім спакойна на­ват рэзкія выкрыкі і адказаў так, што крыкушам стала сорамна. І гэты настаўнік казаў, што брыдка ня гутарыць па-просту, але брыдка сьмяяцца з гэтага проста­та, брыдка сьмяяцца з свайго, а далей катэгарычным тонам сказаў, што спрэчкі скончаны і зараз ідзе лекцыя. Ізноў кляса скарылася, сьціхла і пачала слухаць цікавую лекцыю настаўніка. Гэты ўмеў гаварыць.