Выбрать главу

І так дзень за днём. Прыходзілі настаўнікі, сьцьвярджаючы старую тэзу, што простая мова ня горшая за рускую і штодня высоўваючы новыя і новыя тэзы.

Настаўнікі казалі, што нас шмат - дзесяць міліёнаў, мы цэлы асобны народ. Наша тэрыторыя большая, чым тэрыторыя Польшчы, Літвы, Бельгіі, Швейцарыі, у нас вялікая, слаўная гісторыя. І ўсё гэта было страчана, калі народ зрокся свае мовы. Уласна зрокся не народ, але паны. І тая акалічнасьць, што ў нас некалі былі вялікія паны, якія гутарылі па-беларуску, робіць вялізнае ўражаньне. Цяпер у нас паноў, якія б гаварылі па-беларуску, няма ці ёсьць толькі адзінкі і ўсё нанава павінны рабіць людзі, якія выйшлі з мужыкоў. Гэтыя ідэі падаваліся не сыстэматычна, урывачна. Частка іх забылася і пасьля, у 1922-24 гг. была адноўлена.

Праз тыдзень у нас яшчэ навіна - беларускія кнігі. Далей, калі мне траплялі ў рукі беларускія кнігі, то яны разглядаліся амаль як кур’ёз. Чытаць было цяжкавата. Самае незразумелае і цяжкое было “дз”. Усё як трэба, кніга напісана так, як у нас гавораць, але ў нас кажуць ня дзеці, ня дзякуй - гук “дз” ня рэзкі і патрэбен для яго быў асобны значок, каб унікнуць непаразуменьняў. Ну, але гэта была невялікая бяда, і мы скора з ею асвойталіся. Дзіўна было і тое, што ў кнізе гаворыцца пра людзей і пра падзеі такія ж, якія бываюць у нас, у Віцкаўшчыне, у Грычыне. Дагэтуль колькі і чаго я ні перачытваў, скрозь апісвалася чужое, а тут Віцкаўшчына, і зразумела, што такая кніга не магла ня выклікаць цікавасьці.

Першаю кнігаю, якая трапіла да нас у школе, была “Родныя зьявы” Гушчы- Коласа. Гэта была наша хрэстаматыя. Мы чыталі яе, разьбіралі творы, адначасна разьбіраючы ўсё жыцьцё вёскі. Працэнтаў на восемдзесят школа была з вясковых, гутарылі ўсе на тую ж тэму пра простую і ня простую мову, і тыдні праз два-тры большасьць школы выразна перайшла на бок новых настаўнікаў. Школа на вачах рабілася ня толькі па назьве, але і па духу беларускай.

Мы, яшчэ дзеці, усмоктвалі новую веру, убіралі яе прагна, кідаючыся на літаратуру, якая хоць чым-небудзь кратала наш край. Мы ўспомнілі крыўды, якія кожны з нас перанёс у горадзе за тое, што ён з простых, а цяпер выходзіць, што гэта простае ня горшае за панскае, што мы народ, што мы тут, а не хто, не паны палякі гаспадары. Гэта ўсё было ў дзіцячым разуменьні. Шмат, ведама, было незразумелага, наіўнага, але самае важнае было закладзена. З школы тут пачалі бегаць у рэдакцыю па беларускую газэту, некалькі хлопцаў з старэйшага клясу пайшлі ў беларускае войска. Яны прыходзілі ў школу, апранутыя ў вайсковае, як і польскія жаўнеры, толькі заміж белага арла на шапках у іх была “пагоня” - рыцар на кані.

Чытаючы словы Багдановіча:

Бейце ў сэрца іх, бейце мячамі,

Не давайце чужынцамі быць,

Няхай знаюць, як сэрца начамі

Аб радзімай старонцы баліць

- загараліся і самі. Хацелася несьці сваю новую рэлігію, тлумачыць яе людзям. Я не разумеў, чаму людзі не ўспрыймаюць гэтага так сама, як і я, чаму яны сьмяюцца і кпяць з беларускага. Мяне гэта злавала да сьлёз. Я гатоў быў з усімі сварыцца, біцца, калі хто абражаў.

Найперш, ведама, пра гэту зьмену паведаміў дома, калі прыехаў туды на сьвята. Дома, як і належала быць, спаткалі ўсё гэта скэптычна. Гледзячы на мае гады, я не павінен быў яшчэ наогул высоўвацца, а тут яшчэ з такімі поглядамі. Аднак у гэтым пункце я не саступаў ані. Уся дысцыпліна згінула. Я, прыехаўшы, сказаў, што гаварыць па-руску ня буду, а буду толькі па-беларуску, а па-беларуску - гэта значыць па-просту, карацей, так, як гавораць дома. Гэта было парушэньне правіл. Усе, хто вучыўся, павінен быў забыцца, вытруціць простую мову, а тут хлапчук адурэўшы хоча ўжо здабыты скарб выкінуць. На мяне пачалі сварыцца, я ўпёрся. Тады пачалі дыскутаваць, але я, наслухаўшыся настаўніка і начытаўшыся кніг, адчуваў сябе мацней, чым оппоненты, а найчасьцейшым оппонентам быў бацька.