Выбрать главу

Рэдкі вечар быў такі, каб у хаце не было на гэту тэму дыскусіі. Нават было спэцыяльнае месца для дыскусій. Скончыўшы работу, у хату прыходзіў бацька, садзіўся на лаву за стол і круцячы папяросу даўжынёю з поўмэтра, гіранічна паглядаў на мяне. Я ведаў, што калі толькі я прыду ў хату, то спрэчкі не мінуць. Гэта злавала, нэрвавала, але я ішоў і чакаў.

“Ну, што ж наш беларус сягоньня скажа?” - пачынаў бой бацька, закурыўшы папяросу і выпускаючы з-пад вусоў дым.

Я адразу чырванеў. Каб гэта ня быў бацька, то ён бы меў адразу сварку, але тут, стрымліваючыся, я пачынаў даказваць, крычаў, пераскокваў з тэмы на тэму. З мяне дзівілася і кпіла ўся сям’я. Ніна, самая мірная, угаворвала маўчаць, бо размовы часта пераходзілі ў сваркі, а ў нас гэтага не павіньна б быць. Гэта не памагала, ды скора і Ніна перайшла ў новую веру. На мяне ледзьве не прыходзілі глядзець сваякі, пайшла пагалоска, што вось ёсьць такі хлопец, які ўмеючы ня хоча гаварыць па-руску і кажа, што ў нас усе павінны гаварыць па-просту.

Чытаньне кніг аб Беларусі адначасна выклікала цікавасьць да беларускае этнаграфіі, і паколькі старасьветчыны ў Віцкаўшчыне было мала, то прышлося зьвярнуцца з просьбаю да бацькоў, каб яны расказалі, што ведаюць аб мінулым жыцьці. Мама расказвала меньш, але бацька вельмі ахвотна ўспамінаў мінулае, а я прагна слухаў. У мяне заміж цікавасьці да гісторыі і геаграфіі наогул расла цікавасьць да гісторыі Беларусі. Захацелася даведацца, як жылі ў нас даўней, але новыя грозныя падзеі закруціліся ізноў і спынілі гэта імкненьне на доўгі час.

VIII

Віцкоўцы чакалі ў свой час палякаў, як збавеньня і рады ім былі бязьмежна, рады былі яшчэ некалькі часу пасьля прыходу, але чым далей, тым больш гэта радасьць пачынае гаснуць. Новыя прыяцелі аказаліся не такімі ўжо дабрадзеямі. Яно ведама вайна ёсьць вайна. Гэта разумелі нават і вяскоўцы. Ня ўсё ж прадаць хлеб, сала, сыры па дарагой цане, а купляць усё іншае па таннай. На вайне даводзіцца несьці і страты. Гэта няўхільна. Усякая ўлада, што была тут, брала, брала, мала саромячыся і мала зважаючы на лямант, сьлёзы. Брала царская армія, бралі немцы, бралі бальшавікі. У віцкоўцаў бальшавікі бралі найбольш. Вёска, якая сваім дабрабытам выдаецца сярод усіх ваколічных вёсак, ведама, не магла не прыцягваць увагу ўсіх, каму трэба было што-небудзь узяць.

У хатах гарэла лучына, а каб не застацца без сьвятла, людзі запальвалі кавалак торфу ці вяроўкі, якая пакрысе і курыла. Калі трэба было здабыць агонь, то гэты торф раздувалі ў полымя. Чалавек едзе ў поле араць, на возе ляжыць цагліна сухога торфу, разносячы пах гарэлага торфу - калі трэба будзе закурыць, то прыкурваюць ад гэтае цагліны. З гэтым торфам ідуць на сенакос. Ператрасаліся старыя куфры, адкуль выцягвалі дзядоўскія красала, шукалі ў полі крэмень і высякалі агонь. Палатно фарбавалі ў бочках з жалезам.

Людзі варачаліся на стагодзьдзі назад.

На бальшавікоў найбольш крыўда была за тое, што яны толькі бралі, а ўзамен нічога не давалі. Зразумела, не ўзамен таго, што бралі. Падатак, кантрыбуцыя - гэта другое дзела. Гэта бярэцца дзяржаваю на сваю карысьць, без усялякага эквіваленту, але крыўда была на тое, што і на рэшту вольных сродкаў купіць было нельга. Найперш таму, што няма дзе купіць - няма солі, газы, мануфак­туры, абутку, запалак, наогул німа нічога, а па-другое, што і нельга. Была эпоха вайсковага камунізму, купляць-прадаваць было нельга. Усё рабілася с паталка, усё было забаронена.

Цяпер, калі прышлі палякі, зьявілася шмат тавару, праўда, ня ўсё, што трэба, але галоўнае было. Палякі прынесьлі з сабою грошы “касьцюшкі” - папяровыя грошы, на якіх быў партрэт Тадэуша Касьцюшкі. “Касьцюшкі” былі мала мацнейшыя за бальшавіцкія грошы, і цана іх няўхільна падала. Апроч “касьцюшак” былі яшчэ грошы, і якіх тады толькі не было грошай - і нямецкія маркі, і керанкі, і царскія, і думскія, і нават час ад часу амэрыканскія даляры. На ўсе гэтыя грошы быў асобы курс і на ўсім гэтым нажываліся спэкулянты ў Менску. У Менску была чорная біржа, дзе спэкулянтам грошы цяклі ў кішэню ракою.

Дык першае, што трэба было ад новае ўлады - даць тавараў, дазволіць гандаль, яна дала. Другое - трэба было ўпарадкаваць падаткі. Пры бальшавіках падаткі браліся на вока - колькі валасная дума захоча, столькі пакладуць. Чалавек ніколі ня быў упэўнены, колькі і чаго ў яго возьмуць - у суседа, скажам, які можа до­бра пачаставаць, маглі зусім нічога ня браць, а ў другога забяруць усё. Ад такіх парадкаў на сьцяну мог палезьці ня толькі вясковец.