Выбрать главу

Частка першая

Яны ішлі на шашу.

Дарогу нечакана перабег табун дзікоў. Спружынаю закруціўшы хвост, бокам, бліскаючы дробненькім, масляна-рудым, бы казельчык, вокам, першы перамахнуў сякач, услед пасыпаліся рабенькія, гнуткія, бы ўюны, парасяты; падштурхоўваючы іх пад азадкі і рохкаючы, перавалілася праз каляіны віслапузая, худая, як дошка, свіння, і на пясчаным гарбяку засталіся глыбокія канаўкі ад цяжкіх, набрынялых саскоў.

«Цыц!..» — Грышка аж папяросу выпусціў. Лісаветка спалохана і неяк па-дзявочы прытворна ўчапілася за яго руку. «Колькі іх!..» — сказала шэптам. Грышка прыслухоўваўся, як храбусцелі пад капытамі дзікоў сушняк, яловыя і сасновыя шышкі.

На шашы гулі-стагналі машыны. Стомлены гарачынёю, ціха стаяў абапал дарогі спелы, сівы ў камлях і бледна-зялёны ўверсе, сасоннік — увесь разам трохі вялы, як чалавек пасля хваробы. І неба над ім было як выцвілае, дзіўнае нейкае, светлаватае, аж празрыстае, радаснае, і той жа час са схаванай, быццам патаемна-глыбокаю журбою.

Людзі ў гэтай навакольнай акрасе не былі яркія, яны як бы раствараліся ў ёй. Грышка быў апрануты ў новы цёмны касцюм з цененькай жоўтаю прадольнаю ніткаю; на нагах яшчэ не старыя чаравікі, перад дарогаю начышчаныя, і на іх добра відаць пыл. Лісаветка, можа б, была ярчэйшая, калі б у апошнюю хвіліну не змяніла жоўтай блузкі, у якой не аказалася гузіка, на карычневую з матузкамі; туфлі, як і Грышкавы чаравікі, былі густа запудраны пылам.

Лісаветка глядзела ўперад, на шашу, а Грышка круціў галавою на бакі, акурат дапаў да грыбоў.

Не, яны, Лісаветка з Грышкам, не пасварыліся, і гаварыць пра што ім было не на адзін кош. Так яны хавалі сваё хваляванне.

Асфальт быў чорны, над ім кружыліся шэрыя сухія стракозы. Удалечыні, можа, пад самаю Дабранкаю, шаша збягалася на шыла, самы кончык якога патанаў у ліловай смузе. Парэнчы моста на фоне алешніку былі ярка-белыя, і здавалася, што гэта не мост цераз канаву, а сядзіць гіганцкая мятлушка-капусніца. Сонца пераваліла на правы бок шашы і сачылася, як пыл, скрозь худую ігліцу высокіх, суровых сосен.

Неўзабаве там, дзе шаша сыходзілася на шыла, зачарнела кропка — быццам на шыла гэтае нанізалі муху ці мураша, які ўсё яшчэ змагаўся за жыццё. Потым заблішчала белае ў тоненькім чырвоным вяночку, як мухамор: набліжаўся «Ікарус».

Грышка сядзеў на камені. Лісаветка стаяла, прыхінуўшыся плячом да абгарэлай знізу сасны. Грышка ўстаў, і яны ўзышлі з-пад лізерта на асфальт. Грышка прыпадняў картуз і зноў ёмка насадзіў яго на макаўку, акурат думаў, што «Ікарус», прамчаўшыся, узвіруе вецер і сарве картуз з галавы.

«Ікарус» і праўда пёр, бы і не думаў спыняцца. Во і мосцік застаўся ззаду, павіслі на парэнчах касмылі сіняга дыму. Але метраў за пяцьдзесят ад прыпынку ён раптам як падавіўся: кэрхнуў, стаў рэзка тармазіць — запахла паленаю гумаю. Грышкавы і Лісаветчыны вочы разбягаліся, шныпарылі па вокнах...

Аўтобус спыніўся тады, калі сэрцы ў абаіх ужо ледзь не апалі. Можа б, яны ў такім здранцвенні не змаглі і з месца скрануцца, калі б не былі бацькамі. Лісаветка мітнулася бегчы, а Грышка, прысядаючы, пайшоў хуткаю хадою. Дзверы ў аўтобусе расчыніліся, і з іх выскачыў Міша, загарэлы, аж смуглы, паставіў на пясчаную броўку шашы чамаданчык — маленькі, як дзве цагліны, з акутымі па ражках, бліскучымі, як чайная лыжка, каўпачкамі.

Лісаветка павісла ў Мішы на шыі: «Сыночак мой любенькі, даражэнькі!..» — ён стаяў, апусціўшы рукі, як бы даваў маці выліць з сябе ўсю ласку. Лісаветка цалавала Мішу ў твар, шыю, валасы за вухам і не адчувала, што шчокі ў сына калючыя, бы яловыя шышкі.

Грышка падышоў і неяк здалёку падаў сыну руку, адчуў: сынава рука касцістая і такая ж цвёрдая, як яго.

«Ну што, пойдзем?» — Міша махнуў чамаданчыкам. У другой руцэ ён трымаў вязаны светла-шэры джэмпер, і Лісаветка ўзяла яго і павесіла сабе на сугіб локця.

Міша ішоў апусціўшы галаву, спустошаныя кароткаю ды мітусліваю сустрэчаю, не знаходзілі слоў і Грышка з Лісаветкаю. Лісаветка ішла паперадзе, тады Міша, крыху ззаду тупаў Грышка. Міша быў коратка падстрыжаны, на шыі пасля брытвы бялелася скура, як надрэзаная на барвічку мясціна; кашуля на плячах напіналася, і пад ёю хадзіла гнуткае, мускулістае, натрэніраванае цела. Міша быў вышэйшы за маці галавы на паўтары.

«Як там Ленка? Даўно не пісала мне...» — сказаў Міша. «Калі-та? На тым тыдні, у чацвер, нам пісьмо было ад яе. Ну, піша, працуе, многа палучаюць. Жыве ў бараку, печачка ў пакоі...» — Лісаветка спяшалася нагаварыць як болей Мішу, акурат не хацела, каб ён шмат распытваў пра Ленку.

Між імі была тая няёмкасць, што зазвычай бывае між роднымі людзьмі, якія даўно не бачыліся і адзін з якіх правініўся, на сорам астатнім, але ад гэтага не стаў чужэйшы, а наўпярок, выклікаў яшчэ большую шкадобу.