На саркафагу святога Севярына — у другім саборы, побач — несмяротная ўсмешка маленькага Хрыста. У камені вытрымала, перамагла стагоддзі. Усмешка не бога — усмешка дзіцяці. Як сімвал чалавечнасці, чысціні i надзеі.
Яшчэ адна, толькі што выпадкова пачутая, фраза:
«Гэта старое, як само чалавецтва...»
Можна сказаць i так:
«Трэба быць наіўным, каб думаць, што так не можна, не трэба, што так калі-небудзь не будзе».
Я належу, хачу належаць да такіх наіўных. Хэмінгуэй пісаў, што калі чалавецтва пачне, нарэшце, раострэльваць падпальшчыкаў вайны, ён гатовы выконваць гэты святы прысуд... Тут я, вядома, думаю пра актыўнасць у барацьбе за дабро.
Зноў Берлін, зноў атэль «Бераліна».
...Пакуль яго не пачнуць выхоўваць ды прымацоўваць да нейкай бацькаўшчыны, да нейкай закансерваванай веры — ён усюды прыгожы. Быў, ёсць i будзе.
Так думаў я ўчора, седзячы ў навумбургскай «баўэрнштубе», стылізаваным пад сялянскую хату рэстаране з нечакана вясёлай назвай — «Ягнячы хвосцік». Думаў, гледзячы на двух чысценькіх хлапчукоў, што сядзелі з дарослымі за суседнім сталом i нібыта слухалі, а больш дык сумавалі.
Дарэчы, «ягнячым хвосцікам» там, у маляўнічай, сонечнай Цюрынгіі, вясковыя «муцці», матулі, з пяшчотнай кплівасцю называюць сваіх малых любімчыкаў: «О du, mein Lämmerschwänzchen!» [6]
Перад абедам былі тры саборы — два ў Эрфурце i адзін у Навумбурзе. Яшчэ тры сведчанні вялікай культуры дойлідаў i мастакоў старой Германii, культуры, не бачыўшы якое, цяжка ўявіць яе суровую i часамі ледзь не пяшчотную прыгажосць.
Калі пра пяшчотнасць, дык чаго варты толькі навумбургскія Ута i Рэгенільдзіс, празаічна гаворачы — дзве красуні ў камені, увасобленыя невядомым скульптарам XIII стагоддзя, дзве жанчыны, што i цяпер зачароўваюць. Першая сваёй строгай красой, а другая — «дачка польскага караля Баляслава Харобрага, адна жанчына, якая тут усміхаецца», — сваёй усмешкай, што ажывіла, абяссмерціла i камень.
Яшчэ пра пяшчотнасць.
Той самы скульптар, які — «відаць, па веры сваёй» — пажадаў застацца невядомым, у тым самым камені-ракушачніку, нібы дзявочымі рукамі карункі ды каруначкі, замілавана вывязаў лістоту дубу, клёну, ляшчэўніку... I лістота гэтая ледзь што не шуміць, ледзь не зелянеецца на тонкіх, стрункіх калонах, жыва напамінаючы тую, што за сценамі сабора.
А што да суровасці... можа лепш — строгасці, у велічнай красе трох учарашніх i іншых святыняў, якія мы бачылі, дык мне найбольш, відаць, запомніцца магутная, пашарэлая ад стагоддзяў званіца эрфурцкага сабора. На яе мы, як быццам у самае неба, уздымаліся то простымі, то пакручастымі сходамі, час ад часу выглядаючы на свет праз вокны, то шырэйшыя, то вузкія, як байніцы. Бачылі пад сабой, нібы з самалёта, у дзіцячым здзіўленні, чырвоныя чарапічныя дахі, шэрыя сцены i зеляніну старажытнага горада, а пад саборам, пад тарою, на якой ён узвышаецца,— маляўнічы кірмаш на плошчы, дзе на сталах i ў вазочках капуста, букеты морквы i чырвань чарэшні...
I да абеду, i пасля, да берлінскага вечара, была дарога — бясконцыя змены летняй красы, то палявой, то лясной, што не стамляе ніколі.
Хмарны ўчарашні дзень мы пачалі пазнавата. Глядзелі: «Пэргамон-музэум», з велічным Пергамскім алтаром i «Свяшчэннай дарогай Вавілона», i «Нацыянальную галерэю», з якое запомняцца: Менцаль (чытаў пра яго падлеткам, у часопісе з рэпрадукцыямі малюнкаў i карцін) ; Крэмар, стваральнік Бухенвальдскага мемарыяльнага комплексу; Тома, з яго партрэтам сястры Агаты, абаяльнай, простай дзяўчыны; вядомы ўжо Барлах i некалькі іншых, прозвішчы якіх не запомніліся, але ад пейзажаў, партрэтаў i жанравых палотнаў асталося светлае ўражанне. Напрыклад, «Дзяўчынка ў пярэднім пакоі», відаць, прыведзеная ў багаты дом на службу, каля якое я, здаецца, упершыню так моцна, па-бацькоўску адчуў, што гэта азначае — аддаваць сваё дзіця ў чужую сям'ю, на паняверку.
Было б куды бяднейшае ўражанне ад Берліна, каб мы не заглянулі ў гэтыя суровыя, калі не сказаць — панурыя, i велічныя гмахі на «Востраве музеяў».
Хоць i думаецца, што знаёмства з ГДР выйшла ў нас крыху аднабокае, пейзажна-гістарычнае, плюс трохі літаратуры i адзін калгас...
Нічога не зробіш — мы госці. На першы раз дзякуй i за гэта.