Выбрать главу

* * *

— Як ты ўжо, напэўна, ведаеш,— сказаў я, перадаючы Івану Пятровічу чарговыя спісаныя аркушы паперы,— першы гліняны посуд на нашых землях з'явіўся ў самым пачатку новага каменнага веку, каля шасці тысячагоддзяў назад. Праз увесь неаліт амаль адзіным тыпам начыння ў нашых продкаў быў вастрадонны, часам акругладонны, гаршчок — як у цяперашніх турыстаў. У бронзавым жа веку посуд стаў больш разнастайны i рознапамерны — пласкадонныя гаршкі, міскі, кубкі, жбаны-гладышы, вушастыя кубкі, слоікі, шматвухія амфары, былі нават друшлякі-цадзілкі. I ўсё гэта ўпрыгожвалася арнаментамі. Але калі ў папярэдні час узор, як правіла, пакрываў усе сценкі вырабу, то зараз ён наносіўся пераважна ўверсе. У канцы эпохі арнаменты на посудзе паступова выходзяць «з моды»: яны бяднеюць, а то i зусім знікаюць. Гэта не значыць, што людзі перасталі любіць прыгожыя аздобленыя рэчы. Проста пачалі арнаментаваць нешта новае, напрыклад вопратку.

— Не зусім ты мяне пераканаў наконт заняпаду арнаментаў на гаршках, але, можа, яно было i так. А зараз скажы, як археолагі тлумачаць, што ў бронзавым веку посуд такі розны? Можа, гэта звязана з шырокім распаўсюджаннем земляробства i жывёлагадоўлі? Да лясной i рачной здабычы дабавілася тое, што чалавек гадаваў i вырошчваў у хлеве, загоне ці на полі. Значыць, ежа стала больш разнастайнай, трэба было яе па-рознаму гатаваць, ды i спажываць — таксама. Тое ж малако лепш піць з вушастага кубачка, чым сёрбаць з вялікай пасудзіны. Да таго ж, з кубачка — больш гігіенічна.

— Слушнае разважанне! — адзначыў я.— Даўно кажу, што табе пара кінуць здзекавацца з паддоследных сабак i заняцца самай цікавай навукай — археалогіяй.

— Ну не кажы — цікавая кожная навука, калі яна падабаецца, калі па душы.

ПАД ЗНАКАМ КАМЕННАЙ СЯКЕРЫ

Двое мужчын у чоўне-даўбёнцы пераплывалі раку. Веславаў з кармы загарэлы мацак гадоў каля дваццаці пяці. Каля берага ён заграбаў стоячы, а на плыні апусціўся на калені, бо тут ix хісткая душагубка магла i перакуліцца. Гроб размашыста i моцна. Вузкае вясло легка ўваходзіла ў ваду, пакідаючы вірлівы след.

— Лягчэй грабі,— супыняў маладзейшага стары ў заношанай кашулі, які прымасціўся ў носе чоўна.— Зломіш вясло i панясе даўбёнку.

Каля другога берага мужчыны павярнулі човен насупраць плыні. Тут было плытка, таму можна было вяслом адштурхоўвацца ад пясчанага дна. Хоць i паволі, кароткімі рыўкамі, але сунуліся наперад, мінаючы рэдкаваты лазняк на поплаве.

Праз нейкі час скіраваліся ў каламутную прытоку i сталі прабівацца ёю да гліністага абрыву, што галеў уперадзе.

Маладзейшы раптам перастаў веславаць i знерухомеў.

— Зірніце на вывараць,— прашаптаў ён старому.

Уперадзе ix ледзь не поперак рэчкі ляжала ў вадзе сукаватая хвоя, якая, мусіць, упала недзе з берага i была прынесена сюды веснавою паводкай. На дрэве прыладкаваўся згорблены мядзведзь i час ад часу заўзята біў лапаю па вадзе — лавіў рыбу.

Мядзведзь так захапіўся справай, што не заўважаў людзей. А тыя меркавалі, што рабіць далей. Трэба было неяк спудзіць звера з прытокі, але ж у ix была толькі адна дзіда i крамянёвыя нажы за поясам. Пакуль радзіліся, чацвераногі рыбак прыкмеціў няпрошаных гасцей, прыўзняўся на камлі i пагрозліва зароў.

— Гаспадар,— пакланіўся стары мядзведзю,— сыдзі ўбок i прапусці нас. Мы тваёй рыбы не зачэпім — у нас свая патрэба, якая цябе не датычыць.

Звер, пачуўшы голас, прыціх, быццам прыслухоўваючыся, але потым зароў яшчэ мацней.

Тады i людзі ў чоўне закрычалі, замахалі рукамі, пачалі кідаць камяні, якія хоць i не даляталі да касалапага, але пырскаў рабілі шмат. Нарэшце мядзведзь не вытрымаў гэтага ляманту, скокнуў на бераг i валюхавата падаўся ў пушчу.

Каля абрыву мужчыны выцягнулі даўбёнку на бераг i пачалі аглядаць камяні, якіх тут было, як насыпана. Некаторыя падымалі i неслі ў човен. Бралі адмысловыя — зеленаватага або шэра-крапчастага колеру. Такіх траплялася не шмат, але праз нейкі час набралася амаль два дзесяткі.

— Мусіць, i ўсё тут,— махнуў рукою старэйшы.— Пасля наступнай паводкі можа зноў намые.