Выбрать главу

- Дый я, бадай, з ім таксама, - хрыпата ад хвалявання сказаў боцман. - Трохі-трохі скупнёмся.

.Калі Дубаўца і Каню абвязалі прыплаўленым з карабля пяньковым канцом, Сцівен толькі з нечалавечым намаганнем адарваў ад троса іхнія зведзеныя, заледзянелыя пальцы. Лёд пакрываў іхнія галовы, лёд, які зліпся з мокрага снегу. Потым боцман стаў адцягваць міну далей, а Сцівен паплыў з двума нерухомымі да карабля. Падтрымліваючы над вадою іхнія галовы, хаця сам ужо нінавошта не спадзяваўся. Потым яны павіснулі на канцы за кармой. Потым дзесяткі рук падхапілі іх і выцягнулі на палубу.

І ўсе былі неймаверна здзіўлены, калі мічман на нейкае імгненне апрытомнеў і, спяшаючыся сказаць, пакуль зноў не накаціла бяспамяцтва, - магчыма, апошняе, - прахрыпеў:

- Каню. Каню ратуйце Ка-ню.

.Каня наглытаўся вады, і фельчару ў лазарэце давялося тры гадзіны вазіцца з ім, а мічман, калі яму ўлілі шклянку спірытусу, ачнуўся, але адразу ж зноў заснуў.

Ён не чуў, як за карму спусціліся на плоціку Красоўскі з мінёрам, не чуў, як іх усцягнулі на палубу, як карабель даў ход. Ён не чуў нават таго, як праз некалькі хвілін за кармой разрэзаў штармавую ноч тытанічна-магутны выбух. Выбух, які раздзёр нават гэты непраглядны снег. Ускінулася над базальтавымі валамі і да самага неба выцягнутае, калматае, падобнае на даурскую папаху воблака.

Ён не чуў гэтага. Ён спаў, і перад вачамі ягонымі плылі праявы, светлыя і незваротна страчаныя. Ён спаў і плакаў, плакаў, плакаў у сне .

Ачнуўся ён толькі наступным вечарам і некаторы час не мог прыпомніць, што адбылося. Дробна вібрыраваў корпус карабля - і ён зразумеў, што карабель. Слаба тхнула спірытусам -і ё н зразуме ў, што лазарэт.

Ва ўсёй істоце быў шчасны, вызвалены, адлучаны спакой. Як тады, калі яны ўрэшце вырваліся са страшнага вока тайфуна. Цішыня. Не трэба ні за чым ганяцца. І нічога не вернеш. І сам ты стаў іншы пасля вока тайфуна. Дый ці трэба не шта вяртаць?

"Дурнічка ты. Дурачка, - падумаў ён. - Ну, вось і на табе. Атрымай. Ці будзе ён трымаць так моцна, як. А, усё адно. Я ўсё ж адпомсціў табе. Н-на".

Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў на суседняй койцы Каню. Той шырока, ласкава ўсміхаўся, паглядаючы на яго. І раптам адвёў вочы на ілюмінатар, які лізала зялёная хваля, і сцепануўся.

- Ты аб чым? - спытаў мічман.

- Во каб гэта зноў. Ды зноў такое купанне. Бр-р.

- Не каркай, - сказаў Дубавец, каб схаваць збянтэжанасць. - А то ведаеш, як было? Плыве чалавек у шлюпцы - крушэнне было. Два дні без вады, пяць без ежы. І ўзмаліўся богу: "Пашлі ты мне хаця які карабель, любы, на які твая божая воля". І праўда - карабель. Той махаць. У апошні момант яго з лайнера заўважылі, паднялі. Той матросам: "Як назва лайнера, каб было мне за каго бога маліць?.. " А яму адказваюць: 'Тытанік". - Памаўчаў. - А наконт купання што? Загадаюць - і купацца палезеш.

- Не загадаюць.

- У тым і справа, што не загадаюць. Тады б яшчэ брыкацца можна было. Сказаць, што запаленне "всегдалишнего" нерва. Сам палезеш.

Зноў трэба было саромецца словаў і хавацца. Але ён, іншы цяпер, не мог забыць начной цеплыні на шчаках, з ім ніколі не было такога, і таму ён з залішняй разухабістасцю сказаў:

- Ты за мяне ні зараз, ні. ну, ніколі не перажывай, хлопец. Добра? Нічога такога не здарылася.

Каня не зразумеў, аб чым гэта ён. Аб начной купелі? Аб

міне?

- І тое праўда, - з засаромленай усмешкай сказаў мінёр. -Калісьці і я. Калісьці і ты мне. Дый чаго там асабліва перажываць. Апошняя, ці што? Іх тут яшчэ навалам.

Мічман зразумеў, што Каня кажа не пра тое, але хіба гэта мела значэнне.

- Ты малпу ў маёй каюце ведаеш? - спытаў ён. - Ты забяры яе, падары каму захочаш. Ну, ясна, не кажы, што ў мяне вісела. Не паложана так, могуць пакрыўдзіцца. Вазьмі і падары. Абавязкова.

І, прыміраючыся з непазбежнасцю, заплюшчыў вочы.

Былі ў мяне мядзведзі

Бацька мой быў ляснічы. І дзед быў ляснічы і прадзед. І ўсе мае дзядзькі з бацькавага боку былі ляснічыя, лесаводы або яшчэ нейкім чынам былі звязаны з лесам і з навукай аб лесе. Стварылася вялікая лясная дынастыя, і нават мой малы пляменнік толькі і трызніць, што аб дзедавай прафесіі.

З гэтай дынастыі адзін я, на гаротнае засмучэнне бацькі і дзеда, выявіўся вырадкам. Стаў мастаком-анімалістам. Тым, хто малюе звяроў.

Тата прымірыўся з гэтай здрадай толькі пасля таго, як, па доўгім роздуме, пераканаў сябе, што звяры - гэта таксама лес, што я аддаю перавагу замалёўкам у лесе, а не ў звярынцы. Ну, і яшчэ пасля таго - гэта, урэшце, справы не датычыцца, -калі работы мае да нябёс расхваліў славуты анімаліст Васіль Аляксеевіч Ватагін.