Выбрать главу

На хвіліну навісла маўчанне.

- Ат, - сказаў Румельскі, - абы ваша галава не балела. Я ведаю спосаб, як зрабіць, каб у лес пайшоў. Толькі ўжо як возьмеце, то годзік трэба патрымаць, пакуль у сілу не ўваб'ецца. На правах, значыцца, пестуна. Не таго, вядома, Пестуна, што старызнікам у гарадку працуе, а звярынага, што маці дапамагае новы вымет выхоўваць. Сяголетніх. А то малое кожны п акрыўдзіць.

- Добра ўжо, - згадзіўся бацька. - А Піліповічу скажы, што як яшчэ такое з маткаю зробіць - я яму...

Румельскі, папіўшы чаю, пайшоў, а бацька сказаў Марку прыказку, той безнадзейны беларускі варыянт прыслоўя, што "будзе і на нашай вуліцы свята", якім суцяшае сябе наш чалавек, калі нічога, да пары, не можа зрабіць з моцным ворагам.

- Хрысціць хіба ў таго Піліповіча не пайду? Не ведаў ён. Закону ж няма, то што я яму магу зрабіць? Хіба сказаць, што вось "будзе і на нашай вуліцы мядзведзь... - не пушчу глядзець".

- Відовішча і сапраўды... цікавае, - пакпіў дзед Марка. -Вось бы народу збеглася. Дзіва! А Піліповіча турнуць. Прасіўся б, плакаў: "Пусціце зірнуць".

- То ж бо, - безнадзейна сказаў бацька.

Я чуў апошнія іхнія сказы, адшвэндаўшыся гадзіны тры па лесе і летучы на лыжах з узгорка да ганка нашае хаты.

- Сяргею Антонавічу прывітанне, - сказаў Марка з заўсёднай сваёй іроніяй.

- Хадзі, Сярожа, сюды, - сказаў бацька.

Ён трымаў у руках аблезлую зайчыную шапку і паказваў мне нешта жывое, што ляжала ў ёй.

- Шчанюк! - ахнуў я.

Шчанюк быў велічынёй з рукавічку, маленькі-маленькі, светлы. І вочкі былі ці то сінія, ці то проста з блакітнай каламуццю, як то бывае ў шчанюкоў. А дурныя ж, дурныя!

- Якой пароды? - спытаў я.

- Мядзведжай пароды, - адказаў бацька. - Гэта медзведзянятка.

- Такі малы? Смяешся, так?

Я шмат разоў бачыў мядзведзяў і не паверыў яму.

- Э-ех, Сяргейка, розуму ў цябе, - сказаў Марка. - А яшчэ лесавік. Мядзведзі ж узімку не ядуць. Вось мядзведзіха такіх і нараджае. Малака ім з напарстак трэба, і яны ўсю зіму амаль не растуць. Іначай высмакталі б ушчэнт. Здохла б матка з голаду. Затое ўжо вясной, як выйдуць на лясны хлеб, пачынаюць як на дражджах перці. Гэта ж не людзі прыдумалі, а натура. Тыя б неадменна прыдумалі нейкае глупства, дый яшчэ горшае, чым у Маркавічах, бо маркавічане хаця са сваёй дурнасцю за вёску не лезуць. А яна му-удрая!

Тады я яшчэ не ведаў анекдотаў пра нібыта фенаменальную дурасць жыхароў вёскі Маркавічы, беларускага Пашахоння, але першы ўрок аб мудрасці прыроды завучыў цвёрда і назаўсёды.

Мядзведзіка занеслі ў хату, і там маці, узяўшы яго на рукі, пачала мачаць палец у цёплае малако і даваць яму злізваць. Язычок у таго быў шэры і толькі ледзь-ледзь у ружовае. А пасля Марка вярнуўся з гарадка, з пакупак, і прывёз аранжавую, як апельсін, спрынцоўку, і тады справа ўвогуле пайшла на лад.

Мабыць, з той прычыны, што было ўдосталь покарму, мядзведзік не стаў чакаць вясны, каб пачаць расці. Распірала яго, сапраўды, як на дражджах. Хутка мы пачалі даваць яму ўжо і крышаныя яйкі, і мёд, разбоўтаны ў вадзе. У гэтых выпадках ён асабліва чыста вылізваў сподак.

Спаў ён у маім мезанінным закутку на старым кажусе, пасцеленым ля грубкі, але часамі ўначы пачынаў так жаласна енчыць і квіліць, сумуючы па чымсьці, што я браў яго да сябе ў ложак, пад коўдру, хаця рабіць гэта мне забаранялі. Трапіўшы туды, ён адразу супакойваўся і пачынаў цмокаць языком усё саладзей і саладзей, аж пакуль не засынаў, а тады ўжо толькі соп. А я баяўся толькі прыспаць яго, ненарокам наваліўшыся ў сне. Занадта ўжо ён быў малы.

Раніцаю бацька, каб не лезці па сходах, грукаў кіем у столь, і я хутка адносіў медзведзяня на месца... Часцей за ўсё ён і не прачынаўся пры гэтым.

А я, пасля ўсіх гэтых ненавісных умыванняў і парэчкавых чаёў, ставаў на лыжы і ішоў пяць кіламетраў у свой трэці клас. І заўсёды шкадаваў, што мядзведзь застаецца дома адзін. Узяць яго з сабой я, аднак, не наважваўся, інстынктыўна адчуваючы, што прысутнасць мядзведзя ў класе асаблівага захаплення ў настаўнікаў не выкліча.

Бурык рос, і ў маім пакоі зніклі аконныя занавескі, бо ён меў звычай кяряскяттття на іх і гяйдяттття. І знікла сурвэтка са стала, бо ён двойчы сцягваў яе разям з чарніліцай і сшыткамі. Сшыткі ён акуратна дзёр на часткі, седзячы, як чалавек, на падлозе, беручы карэньчык у рот, а астатняе давяршаючы лапамі. І мне давялося хавяць сшыткі, і чарніліцу, і туфлі, што, між іншым, мела вялікае выхаваўчае значэнне. За год ён так прывучыў мяне не раскідваць рэчы, што жонкі і дагэтуль ставяць у прыклад мужам, маім сябрам, маю акуратнасць. У гэтым выпадку праклёны сяброў, па-мойму, павінны падаць не на маю галаву, а на галаву бедалагі Бурыка.