Выбрать главу

Дзіўна, ён, Дубавец, ён жа быў амаль спакойны, пакуль ведаў, што побач з ёй нікога няма. Ён прымірыўся б нават з яе замужжам, што з ёю муж, калі б толькі не ведаць яго. Але вышэй усякага цярпення было думаць, што яе кахаюць і, магчыма, кахае яна, што гэты чалавек увесь час побач, што не ўцячэш ад яго, не схаваешся, што з ім трэба гаварыць, хай сабе толькі на службовыя тэмы.

"Ідзе на шлюпцы. Прыгожыя, эканомныя, дакладныя рухі рук. Чаму я быў амаль спакойны да гэтай раніцы? Спадзяваўся? Не, проста суцяшаўся - нічыя. Свінства!"

Дубавец ненавідзеў сябе за гэтае вартае жалю суцяшэнне, за ідыёцкую рэўнасць, за ўсё. І аднак не мог думаць іначай, бо ніколі не думаў, што гэта так цяжка.

"Пісакі пісалі: "сэрца баліць". Брахня. Нічога такога ніколі не было на свеце ні ў яго, мічмана Дубаўца, і ні ў кога іншага. Пабрахенькі!"

І вось зараз ён адчуваў такі неадольны, фізічны боль у сэрцы, што яму здавалася: ён памірае.

...Калі ўзарвалі другую міну, аднекуль з глыбінь, з таго, што нават думкай не назавеш, усплыло цёмнае...

"Мабыць, не балела б так, мабыць, было б лягчэй, каб Каня схібіў".

Ён адразу ж, нават не асэнсаваўшы ясней, жахнуўся гэтаму, пачварнаму, што ў адну хвіліну перакрэслівала і бездакорнасць ягонай працы, і жыццё. Да фізічнага болю недзе з левага боку грудзей прыбавілася яшчэ і пякучая пагарда да сябе. І гэты боль, гэтая пагарда нібы далі яму зразумець, што ён ненавідзіць мінёра так, як яшчэ ніколі і нікога ў жыцці.

"Чаму ж яго? Чаму менавіта яго? Чаму не кагосьці іншага, з якім яны не асуджаны быць на адным караблі?"

Ён думаў, што каб яна пакахала кагось сталага, мужнага, вопытнага , тады ўсё было б іначай. Ён не мог не думаць, што мінёр на год старэйшы за яе і гэта добра, але ён глушыў гэтую думку.

"Маладзён, шчанюк, салага зялёная. Што ў ім, халера яго забірай, можна было ўбачыць? Фарбамі мажа? Умее мянціць наконт ар-рэола вакол агнёў? Пэцкаль. Прыпёрлі б цябе, як нас у шхерах у сорак трэцім - тросся б, як сабачы хвост, бабзно!"

Ён знаходзіў для яго самыя жорсткія, грубыя, знішчальна-крыўдныя словы. І сам жа чырванеў, быццам гэта яму, Дубаўцу, кідалі іх у твар.

"Добра, няхай я малпа на твар. Ты паводзінамі - малпа".

А ў сэрца нібы рыўкамі ўваходзіла тонкая, востая ігла.

Размыты, ці то шэры, ці то сонечны, нерэальны дагараў над морам дзень. Няпэўны, нібы зусім бясшкодны. І, адначасова, сама гэтая няпэўнасць нечым насцерагала, прымушала з трывогаю чакаць чагосьці ўстойлівага, каб ужо добра ці дрэнна, але нешта было.

Мічман меў рацыю ў сваім прадчуванні: вецер падвячоркам рэзка пасвяжэў, а пасля стаў "дужа свежым". Гэта яшчэ не быў шторм, але тое, што адбывалася вакол, было на грані яго. Хвалі кіпелі, віравалі, узблісквалі пад зусім ужо нізкім, трывожным сонцам, усплёсквалі белымі грывамі. Грабяні іхнія, па меры таго як паміралі сонечныя праменні, бы нейкім злым чарадзействам ператвараліся ў цяжкое волава і свінец. Злавесныя валы каціліся з-за далягляду і былі цёмныя і нават на выгляд цяжкія, як базальт.

...Апошні, ледзь не праз ваду ўжо, пробліск сонца быў пранізліва-трагічны і журботны.

Амаль такое ж страшнае сонца мічман бачыў год восем назад, калі ўраганны вецер кінуў іх у самае "вока тайфуна", напаўжывых, закатаваных утрапёным шаленствам стыхіі. Шмат гадзін з верхавіны ў бяздонне між тытанічных валоў. І ведаеш, што гэта вар'яцтва на многія дзесяткі міль вакол цябе, і раптам -роўнядзь вады, а вакол, па коле, бягуць шматтонныя вадзяныя волаты. І скачок у гэтую цішыню, і раптам поўная ціша, і вакол, як сцены, круцяцца непраглядныя смярчы, а над галавой, у маленькім, як пятачок, прасвеце, гнеўнае сонца. Студня, з якой ужо няма выхаду. "Вока тайфуна", сэрца яго. Быццам з дна чорнай прорвы глядзіш, быццам няма табе іншай дарогі, акрамя дарогі да неба.

Мічман здзівіўся, прыдумаўшы такія прыгожыя і хвалюючыя словы, але тут жа зразумеў. што нават калі б здолеў выказаць іх, то нікому не змог бы сказаць, і Жэні Арсенцевай таксама. Здолеў бы, як Каня, можа, усё было б іначай. І несправядлівасць гэтага зноў балюча ўдарыла яго па сэрцы.

"Вока тайфуна". Як яны вырваліся тады з яго - вядома было толькі богу, здзёртым іхнім пазногцям, пабітым на яблык целам, зламаным рэбрам дваіх матросаў і яго, згубленым шлюпкам і якару, памятым бартам карабля.

"Восем год назад, яны тады, адурэлыя і аслепленыя, напаўмёртвыя, напаўзвар'яцелыя, вырваўшыся са страшнага, як смерць, утрапення, не паверылі ласкаваму сонцу, спакою, цішыні. І ён не ведаў, што наперадзе была Жэня. І гэты дзень.

Восем... Тады гэты мандаліннік на ягоную, Дубаўца, пагібель толькі рос недзе. Хадзіў у нейкі там шосты клас. Вучыў у геаграфіях пра тайфуны і ані д'бла не ведаў аб тым, што тады адны толькі рыбалоўныя японскія судны гінулі дзесяткамі, што ў Брыстольскім заліве тайфун, як цацкі, перакуліў нашы сейнеры і ўратаваўся толькі адзін чалавек... Дый яна пра ўсё гэта ведала не лепей за яго.