Выбрать главу

Тое, што зараз, гэта не тайфун, але на душы горш чым, бадай, падчас тайфуна. Змыла б тады за борт - і ўся табе ютрань. І добра было б. Так і пражыў бы, не ведаючы ўсяго гэтага".

...Хмары ўжо заснавалі ўсё неба і цяжарам сваім як быццам прыціскалі караблі да вады. А вада імчала, уздымалася, абурвалася на іх, гарматна біла ў барты, кідала, раўлівымі плынямі імчала па палубах, абкатвала мосцік, з размазху біла людзей, спрабавала цяжка і ўладна цягнуць іх з сабой, не давала выбіраць апошнія тралы.

Палуба хілілася, нібы хацела дапамагчы вадзе, скінуць ёй людзей проста ў рэдкія белыя зубы.

- Працаўнікі мора, - бурчаў мічман. - Якога яшчэ... Пакутнікі мора, вось гэта будзе вярней.

Старлей Сцівен, трымаючыся за тралбалку сінімі лапішчамі (ён не прызнаваў пальчатак) і ненатуральна шырока расставіўшы ногі, чарціў і чарціў і вецер, і мора, і выбарку трала, і тых, хто выбіраў:

- Што вы чартаўню нейкую робіце. Антонаў, чорт, не бачыш, змывае!!!

Хвалі, перакачваючыся цераз борт, сапраўды змывалі незамацаваныя дэталі, буйкі, канцы.

- Гады! Падлюгі! - грымеў Сцівен. - Засмецілі з гэтай ус... вайной мора, а ты тут ары. Дав-вай, хлопчыкі! Давай наваліся.

Ніхто не звяртаў увагі на чартыханні старлея. Гэта быў неабходны акампанемент да работы, і большасць здзівілася б, каб ён раптам спыніўся.

"Брыда тое, што я падумаў у тое імгненне", - сам сабе сказаў Дубавец.

Ён бачыў, як Каня (цёмная сасулька чуба падала з-пад мокрай шапкі на яго барвяны ад напругі лоб), увесь заглыбіўшыся ў тое, што рабіў, адным ударам кувалды выбіваў кліны разакоў так, што яны ляцелі на шкафут. Бездапаможна павіснуўшы на тралчастцы ("карова на плоце" - дасціпнічаў Сцівен), разак, перавярнуўшыся, сасклізваў па ёй. Яго хапалі рукі другога мінёра і кідалі са звонам у скрынку. За разакамі, здзёртыя на хаду, ляцелі буйкі. І ўсё гэта было як жудасная, адчайдушна-вясёлая, да надрыву пякельна цяжкая пад гэтымі валамі гульня. Слізгаючы па палубе, учапіўшыся ў вялікія буі і ланцугі, матросы цягнулі іх ад кармы, як чарада мурашак.

- Сідарэнка, ты што гэта мору кланяешся?!

- Гэта ён думае, што на катку.

- Куды цягнеш? У ёлупа й вочы не туды глядзяць.

- Сука ты, а не матрос.

- Моркву носам не капай, хлопцы!

Раздзёртыя ветрам галасы, потныя і мокрыя твары, надрыўны, гудлівы, як ліра, спеў лябёдкі, гмахі свінцова-цяжкай вады, ляск ланцугоў, што выцягвалі з клюза.

І мора нічога не магло зрабіць з імі.

Каня наводмаш біў кувадлай, крычаў нешта, выскаляючыся.

"Зубы прадае, - думаў Дубавец. - Цацкі яму. Не трэба, вядома, каб нешта з ім здарылася. Але хай бы ён пры ёй рэкнуў або зрабіў нешта такое, каб на дзверы паказала, каб ужо аніяк не выправіць".

Ён разумеў, што несправядлівы, і злаваўся таму яшчэ больш. І ўсё мацней і мацней тлела ў ім нянавісць.

...Тральшчык-напарнік пачаў разыходзіцца.

- Бэнц, хлопчыкі! - крыкнуў Сцівен. - Парадачак. Канец скора! Даматвай з гэтага чорта апошнія кішкі.

- Мо абрыў? - бадай што толькі з пачуцця супярэчання выказаў меркаванне Дубавец.

- А шут з ім, - сказаў старлей. - Да сябе выберам, і хай яго чарты. Выбарка не выбарка, а нібы гладдзю вышываем. Усё ў норме, нібы ў вышэйшай матэматыцы... Ну, як у цябе, Пятровіч, з тым візітам, што шэфы? Фіціль вялікі быў?

- А нічога, - буркнуў мічман. - Сяк-так адсекся ад начальства.

- Ну й добра, - сказаў Сцівен. - Вось яшчэ некалькі хвілін, і за кармой будзе чысценька.

Калі карабель застопарыў ход, мічман раптам адчуў на твары магільны, вільготна-льдзісты павеў. Узняў вочы, і відовішча, якое адкрылася ім, прымусіла яго сцепануцца. З норду, ад берага, устаўшы між морам і небам, імкнулася на іх белая, плотная - нідзе ані прасвету, - уся нібыта суцэльная сцяна.

- Снег! - крыкнуў Дубавец і кінуўся адцягваць з кармы буі. - Наваліся, малойцы! Наваліся, як на боршч навальваецеся!

Караблі, што ішлі паўночней, танулі і знікалі ў сцяне на вачах, адзін за адным, быццам яна жарліва глытала іх. З ненатуральнай, пачварнай хітрасцю. Знікалі ў нічым... Нібы навекі... Другі... Пяты... Шосты.

Потым белая сцяна прагным рыўцом спаймала "Тайфун" і пачала нібыта сціскаць і абвалакваць яго. Нос, мосцік, труба, мачта - усё знікла ў белым шаленстве бурану. Свет ператварыўся ў першатворны хаос, нібы нічога не было да гэтага і нічога не будзе пасля. За нейкія дзесяць метраў ужо нічога нельга было заўважыць.