Выбрать главу

Старлей Сцівен, трымаючыся за тралбалку сінімі лапішчамі (ён не прызнаваў пальчатак) і ненатуральна шырока расставіўшы ногі, чарціў і чарціў і вецер, і мора, і выбарку трала, і тых, хто выбіраў:

— Што вы чартаўню нейкую робіце. Антонаў, чорт, не бачыш, змывае!!!

Хвалі, перакочваючыся цераз борт, сапраўды змывалі незамацаваныя дэталі, буйкі, канцы...

— Гады! Падлюгі! — грымеў Сцівен.— Засмецілі з гэтай вайной мора, а ты тут ары. Дав-вай, хлопчыкі! Давай наваліся.

Ніхто не звяртаў увагі на чартыханні старлея. Гэта быў неабходны акампанемент да работы, і большасць здзівілася б, каб ён раптам спыніўся.

«Брыда тое, што я падумаў у тое імгненне»,— сам сабе сказаў Дубавец.

Ён бачыў, як Каня (цёмная пасма чуба падала з-пад мокрай шапкі на яго барвяны ад натугі лоб), увесь заглыбіўшыся ў тое, што рабіў, адным ударам кувалды выбіваў кліны разакоў так, што яны ляцелі на шкафут. Бездапаможна павіснуўшы на тралчастцы («карова на плоце» — дасціпнічаў Сцівен), разак перавярнуўся і слізгаў па ёй. Яго хапалі рукі другога мінёра і кідалі са звонам у скрынку. За разакамі, здзёртыя на хаду, ляцелі буйкі. I ўсё гэта было як жудасная, адчайна-вясёлая, да надрыву цяжкая пад гэтымі валамі, гульня. Слізгаючы па палубе, учапіўшыся ў вялікія буі і ланцугі, матросы цягнулі іх ад кармы, як чарада мурашак.

— Сідарэнка, ты што гэта мору кланяешся?!

— Гэта ён думае, што на коўзанцы.

— Куды цягнеш? У ёлупа й вочы не туды глядзяць.

— Моркву носам не капай, хлопцы!

Раздзёртыя ветрам гласы, потныя і мокрыя твары, надрыўны, гудлівы, як ліра, спеў лябёдкі, гмахі свінцова-цяжкай вады, ляск ланцугоў, што выцягвалі з клюза.

I мора нічога не магло зрабіць з імі.

Каня надводмаш біў кувалдай, крычаў нешта, выскаляючыся.

«Зубы прадае,— думаў Дубавец.— Гульня яму. Не трэба, вядома, каб нешта з ім здарылася. Але хай бы ён сказаў або зрабіў нешта такое, каб на дзверы паказалі, каб ужо аніяк не выправіць».

Ён разумеў, што несправядлівы да Кані, і злаваўся яшчэ больш. I ўсё мацней і мацней тлела ў ім нянавісць.

...Тральшчык-напарнік пачаў разыходзіцца...

— Бэнц, хлопчыкі! — крыкнуў Сцівен.— Парадачак. Канец скора! Даматвай з гэтага чорта апошнія кішкі.

— Мо абрыў? — бадай што толькі можа знарок выказаў меркаванне Дубавец.

— А чорт з ім,— сказаў старлей.— Да сябе выберам, і хай яго чарты. Выбарка не выбарка, а нібы гладдзю вышываем. Усё ў норме, нібы ў вышэйшай матэматыцы... Ну, як у цябе, Пятровіч, з тым візітам, што шэфы? Фіціль вялікі быў?

— А нічога,— буркнуў мічман.— Сяк-так адсекся ад начальства.

— Ну й добра,— сказаў Сцівен.— Вось яшчэ некалькі хвілін, і за кармой будзе чысценька.

Калі карабель застопарыў ход, мічман раптам адчуў на твары магільны, вільготна-ільдзісты павеў. Узняў вочы, і відовішча, якое адкрылася ім, прымусіла яго сцепануцца. 3 норда, ад берага, устаўшы між морам і небам, імкнулася на іх белая, шчыльная — нідзе ані прасвету — уся нібыта суцэльная сцяна.

— Снег! — крыкнуў Дубавец і кінуўся дацягваць з кармы буі.— Наваліся, малойцы! Наваліся, як на боршч навальваецеся!

Караблі, што ішлі паўночней, знікалі ў сцяне на вачах, адзін за адным, быццам яна жарліва глытала іх. 3 ненатуральнай, пачварнай хуткасцю. Знікалі ў нічым... Нібы навекі... Другі... Пяты... Шосты.

Потым белая сцяна пасунулася на «Тайфун» і пачала нібыта сціскаць і абвалокваць яго. Нос, мосцік, труба, матча — усё знікла ў белым шаленстве бурану. За нейкія дзесяць метраў ужо нічога нельга было згледзець.

I тут з кармы разануў усіх па вушах адчайны крык Кані:

— Міна!!!

Грукат ног па палубе выбухнуў у адказ на гэты крык, але першага нібы ветрам перанесла да тралбалкі старлея. Дубавец убачыў ягоны малады, прыгожы твар, які дзіка, жаласна і грэбліва перакрывіўся, калі Сцівен націснуў нагою на аварыйную педаль. Лябёдка, заскрыгатаўшы, стала.

3лосць, амаль адчай, гнеў былі на ягоным твары. А старлей усё ціснуў.

«Нібы нешта брыдкае нагой душыць,— недарэчна падумаў мічман.— А Каня аболтус. Стаіць, язык высалапіўшы, як, скажы, марскога змея ўбачыў».

...Амаль ля самай кармы скакаў на хвалях вялізны, чорнага колеру шар. Быццам ваду тараніў, быццам забаўляўся, быццам заляцаўся да карабля: ірванецца бліжэй — і адстане, кінецца да яго — і адскочыць.

Шар густа, амаль да бясформеннасці аброс крышталічнымі калоніямі мідзій і яшчэ нейкай дрэнню. I, чакаючы ўдару, пагрозліва і здзекліва тырчэлі на корпусе міны свінцовыя, вострыя на выгляд каўпакі.

— Як чорт з блізкага пекла рогі паказвае,— сказаў Сцівен і, нават з некаторым непаразуменнем, быццам у гэтым была віна матросаў, спытаў: «Што ж вы гэта, хлопцы, такое чартаўё мне прыцягнулі?»

Збянтэжанасць панавала, аднак, нядоўга. Сцівен збялеў, і ў цяжкай цішыні ягоны голас, які раптам сеў, выдушыў:

— Травіць! Давай ход! За кармою — міна!

Не было ў гэтую хвіліну на палубе чалавека, які не падумаў бы, што нельга чакаць, пакуль дадуць ход, што хвалі кідаюць і карабель, і ягоную смерць, што вось-вось адзіны ўдар, і карабель — не, цяпер ужо караблік,— нахіліцца, пачне рваць бортам хвалі і, як распоратая, іржавая бляшанка з-пад кансерваў, пойдзе на дно. I выбух выкіне гэтых людзей, толькі што жывых і вясёлых. Выкіне, як сардзін з бляшанкі, у ледзяную ваду, дзе ўжо ніхто не знойдзе іх у снежнай кашы. Бо нават «SOS» падаць не паспееш, бо ніхто не спахопіцца раней чым за гадзіну-дзве, а пасля нельга будзе адшукаць у буране. Бо нават той, хто пратрымаецца, ухапіўшыся за нешта, проста замерзне.

Старлей скідваў рэглан, блытаўся ў ім і ніяк не мог сцягнуць рукавы.

— Адпорнік! — і ўсе не пазналі ягонага здзічэлага голасу.

I тут мічман са здзіўленнем пачуў ненавісны голас Кані:

— Дазвольце ў ваду.

Сцівен маўчаў. У ледзяной вадзе скакалі зеленаватыя камякі снегу, збіваючыся ва ўсё большыя і большыя. Крутая хваля кацілася з белай імглы... Але ж людзі, але ж караблік!

Твар ягоны скрывіўся. Ён сам схапіў адпорны крук і пачаў асцярожна адводзіць ім міну ад барта.

— Дабро,— ён не глядзеў у вочы.— Дабро.

I адразу ж глуха бухнула ў ваду.

Мічман не пазнаваў старлея. Звычайна такое маладое і нястрымна лёгкаважнае аблічча зараз быццам падсохла і скамянела... Але ён не пазнаваў і Кані ў адчайным ягоным учынку, у гэтым кідку ў невядомае, магчыма, у смерць. На парозе такога шчасця, халера яго бяры?

«Жыцця б ты не ведаў, шчанюк паршывы...

...а яна там як?.. што будзе рабіць?..

...плакаць будзе...»

Ён, які ніколі не лаяўся ўголас, мацюкаўся зараз сам сабе, але ногі ўжо самі сабою неслі яго да кармы.

На хвіліну стала нават радасна. Усё вырашалася без яго, але ён павінен быў бачыць гэта сам, яшчэ і таму... Не, не таму, а таму, што адказваў за мінёра перад позіркам усіх людзей... і яшчэ перад адным, таму, што ён раптам успомніў словы Кані: ...«у мяне адразу сутаргі», і словы іншых: «...на колькі яго хопіць», і ўсё, што ён заўсёды чуў пра сябе.

«Чаго ж яго панесла да вадзяніка? Забыў, напэўна. Ну і прападай, галава дурная».

Мічман зараз ненавідзеў мінёра яшчэ і за гэты ўчынак, і за тое, што павінны будуць з-за таго ўчынку рабіць іншыя. Зусім без ахвоты.

— Дубавец! Выратавальныя кругі! — Сцівен казаў гэта праз зубы, абы не закрычаць.— Дубавец, куды!?

Але Дубавец ужо не чуў яго. Ледзь прыкмеціўшы сярод імглы чорны паплавок галавы мінёра, ён, сам сабою, зусім не жадаючы гэтага, скокнуў з другога борта, скокнуў нехлямяжай, бо была на ім цяжкая вопратка, «ластаўкай».

Каля міны мільгалі ўжо цяпер два «плыўцы», выратавальны круг, сталёвы канец, што цягнуўся з карабля.

А пасля ўсё гэта растаяла, схавалася ў белым хаосе: загрукаталі машыны, і вада ад вінтоў адкінула міну і людзей, што кешкаліся ля яе.

«А раптам падрэжа міну,— у Сцівена сціснула горла. — Дзе іх тады шукаць?» Ён ледзь выціснуў тэлефаністу, што трымаў сувязь з мосцікам:

— Застопарыць ход... Травіць адцяжку... Даць слабіну! — яму пакутна хацелася вылаяцца, даць сабе волю.— Маць тваю... дабром успомню, даруйце, хлопчыкі... Чорт Дубавец, доўбня чортавая... Стоп травіць!

Бурун за кармой карабля, які рухаўся цяпер па інерцыі, знік. У мёртвай цішыні асабліва гучнымі здаваліся ўдары валоў і злавесны, звонкі спеў сталёвай адцяжкі, што адбягала за карму, адзінай ніці, якая звязвала цяпер людзей за бартом з жыццём, а карабель — са смерцю.

— Сігнал падаюць,— шэптам сказаў старшына Красоўскі, быццам занадта моцны голас мог перарваць нітку жыцця.— Адцяжка торгаецца.

— Выбіраць,— таксама шэптам сказаў старлей.— Выбіраць, хлопчыкі. Выбіраць, чорцікі. Яны ж там замерзнуць могуць.

— Спыніцца сэрца — і ўсё,— пацвердзіў старшына.

Хапаючыся адной рукой за леер, накідваючы другую адцяжку на плечы, спатыкаючыся, слізгаючыся, падаючы на палубу, якую ўвесь час абмывала хваля, матросы беглі на шкафут... Нібы проста выбіралі буй.

Праходзілі гадзіны, суткі...

Калі мінёр пагрузіўся ў ваду, яму здалося, што ў ягоны жывот нехта плюхнуў расплаўленым свінцом. Абпякло рукі, шыю, твар. Галаву сцялі нейкія вялізныя ціскі.

Пасля ён убачыў міну, што ляцела на грабяні хвалі. Велізарны рагаты шар падаў зверху, навальваўся, як пачварнае чорнае сонца. Анатоль нырнуў пад хвалю і, ліхаманкава працуючы нагамі і рукамі, ірвануўся ўбок.

Хваля прамчалася над ім з гарматным грукатам. Скакалі ў вадзе зеленаватыя хлапякі снегу. Злева ён убачыў карму, што навісала над ім, справа — міну, а побач з ёй — галаву мічмана. Учапіўшыся ў рым, мічман цягнуў сталёвы шар убок. Ён прырос да міны, як мідзія, і хвалі кідалі яго разам з ёй. Мічман быў без кіцеля, у адной сарочцы.

3 таго часу, як Каня скокнуў у ваду, прайшло хіба дзве хвіліны.

...Анатоля адносіла. Ён зрабіў некалькі шалёных рыўкоў і вынырнуў ля мічмана, але ў гэты момант запрацавалі машыны. Вада ад вінтоў перакуліла Каню і адкінула яго ад чорнага шара. Яна пенілася вакол, круціла, несла... На імгненне ўбачыў, як мічман стараўся завесці канец за міну... і тут мінёра зноў з грукатам накрыла хваля. Ён ледзь паспеў учапіцца за адцяжку, што бліскавічна бегла перад вачыма. У рот лінула ледзяная, да нудоты рэзка-салоная вада, і ён пачаў ірваць на сабе адцяжку, каб хутчэй глытнуць паветра.

Жыватворнае, яно ўварвалася ў лёгкія і, быццам разам з ім, уварваўся ў глухія ад грукату вушы, крык. Крычаў Дубавец:

— 3 рук вырвеш, чорт, канёк марскі! Мацаваць памагай! Мацаваць!

Ён крычаў гэта так настойліва і злосна, што Каня зразумеў, стаў мацаваць канец за рым. Мічман трымаў трос і міну, і іх, разам, нібы ў смяротных абдымках, кідала з грабяня ў правал.

Даўно ўжо нічога не было відаць. У свеце засталося толькі іх трох. Касая, сляпучая снежная імгла закрыла ўсё. Валы хваль білі іх, неслі, напаўняючы громам вушы, адрывалі, грукаліся зверху шматтонным цяжарам на іхнія распластаныя целы.

Кожны такі ўдар мог адарваць іх ад міны, укрыць снегавой заслонай, і тады знайсці іх не магла б ужо ніводная сіла ў свеце.

Можна было, вядома, кінуць яе, і па адцяжцы дабрацца да карабля, да цяпла і святла, да людзей. Але міну магло падсячы. Яна магла, калі яе кінуць, пайсці ў імглу. Яна, смерць, магла месяцамі і гадамі маўкліва калыхацца, імчаць па слядах караблёў, магла воляю выпадку выйсці на фарватар. Усё гэта імгненна праляцела ў галаве мічмана.

...Белыя-белыя пасажырскія караблі. Смяюцца дзеці, старыя пакурваюць у шэзлонгах, лындае і дурэе на палубе моладзь. Ласкавае мора, сіняе-сіняе неба, чайкі пікіруюць за кінутымі кавалкамі хлеба... I раптам — удар!!!. I раптам, да неба, смяротны слуп вады. I ўсё разламана напалам... I праз некаторы час толькі заклякоча паверхня мора, калі схаваецца пад ёю нос карабля. Каўтаючы ўсё... усё. I не будзе каму ўжо ні заляцацца, ні смяяцца, ні пакурваць.

— Мацуй,— захлынаўся мічман.— Мацуй канец!

Адною рукою ён памагаў яму. Пальцы не згіналіся. I ўсё ж ім удалося надзейна завесці за міну трос.

«Каб падсекла, і зараз,— Дубаўцова думка замірала,— заставалася б адно...

...сіняе-сіняе мора... смяюцца дзеці... хвалі нясуць ім насустрач... плывучую... удар... кіпіць на гэтым месцы мора... можа над Ёю... няма каму смяяцца...

...заставалася б адно... ударыць па адным з ражкоў... і тады плыве сабе і плыве белы параход... Жыццё куплена жыццём... а над імі ўстане слуп вады... і ўсё вырашыцца само сабою».

Мічман усім застылым целам адчуваў гэтае апошняе заспакаенне. А пасля ён глянуў Каню на твар і дзіка спалохаўся. На твары ў таго быў нейкі невядомы боль і пакута.

— Толя... што? — захрыпеў мічман.— Што?

— Уаб-буа-уаб,— адказаў той, захлынаючыся.

Дубавец ледзь паспеў схапіць яго за абледзянелыя слізкія валасы — на ягонай галаве таксама была ледзяная шапка — выцягнуць на паверхню і прывязаць рамянём за трос. I ўсё адно мінёр так знясілеў, што то выплываў, то зноў хаваўся пад вадою.

I раптоўна мічман спалохаўся, смяротна спалохаўся, што ён не ўратуе гэтага чалавека. Толькі тут ён успомніў пра выратавальны круг, надзеты ў яго на нагу (паспеў-такі прыхапіць, то ж бо нешта так замінала). Ён зняў яго, накінуў на матроса зверху, а пасля падняў Каню за каўнер і прасунуў круг яму пад рукі.

Мінёр бязвольна матляўся побач з Дубаўцом. Яго трэба было трымаць адной рукой, каб не падламаліся плечы, каб цела не саслізнула праз круг, на дно.

I раптам бямерная, «ідыёцкая», як падумаў ён сам, пяшчота авалодала мічманам. Ён разумеў, што калі мінёр... зараз... замерзне або патоне, ён ніколі не даруе сабе гэтага. I тады лепей яму, мічману, таксама пайсці туды ж, услед за гэтым паршывым мінёрам, які раскалашмаціў яму... удрузг.... чорт пабяры. ...якога менавіта таму трэба было...

Ён прыцягнуў да сябе абмяклае цела, адчуў слабую цеплыню і заторгаў трос, а пасля, абхапіўшы мінёра левай рукой, пачаў падцягвацца па гэтым тросе, з усёй сілы працуючы нагамі.