Выбрать главу

Грэхаў не паспеў нiчога зразумець, проста адчуў, быццам прорва адкрылася пад iм, захапiла дух, i тут жа ён апынуўся на цвёрдай зямлi, i няма прорвы, а сэрца яшчэ не паспела адрэагаваць, замерла, калi ўсё ўжо мiнула...

Ён нiкому пра гэта не сказаў. Нават Сташэўскаму. "Потым, - падумаў ён, на Станцыi. Калi можна будзе перавесцi гэта ў жарт".

6

А шаснаццатай гадзiне паводле ўнiверсальнага часу абяцаны Кротасам канал прамых безынерцыйных зносiн са Станцыяй не з'яўвiўся. Сувязi таксама не было, усе дыяпазоны, як i раней, былi скрозь забiты перашкодамi.

Увечары Сташэўскi загадаў пад'ехаць да карабля блiжэй i спынiцца паблiзу двайнога шэрагу часта натыканых "грыбоў". Нябачная адштурхоўваючая сцяна ўсё яшчэ была на месцы, рабiць не было чаго, заставалася толькi чакаць ночы, калi можна будзе наладзiць сувязь.

Барвовае свяцiла напалову ўлезла ў зыбкi гарызонт, залiваючы далiну, Горад, карабель, туманнае паветра струменямi пунсовых вясёлак. На свеце ненадоўга запанаваў рубiнавы колер, перакрэслены ценем карабля. Потым Цiна неяк адным рухам вухнула ўнiз, i настала вiшнёвая iмгла, якая хутка цямнела.

Грэхаў разгарнуў танк кармой да павiслага зоркалёта i цiхенька адпрацаваў заднiм ходам ушчыльную да празрыстай сiлавой сцяны, але перастараўся, i танк павярнуўся кругом i адступаў ужо ўгору па схiле варонкi.

- Не забаўляйся, - прабурчаў Сташэўскi, уключаючы прыёмнiк. Сувязь знайшлася амаль адразу, як толькi яны пераключылi антэну на гравiiндукцыйную рашотку.

- "Мастыф", чаму не адказваеце? "Мастыф", чаму не адказваеце? - загаварыў у кабiне Палiнiн голас, i ў аб'ёме перадачы з'явiўся яе мiлы зблажэлы твар. Убачыўшы iх, яна толькi ўздыхнула, знайшла вачыма Грэхава i, гледзячы на яго, сказала:

- Бачу вас, "Мастыф", чаму маўчыце?

- Усё нармальна, мышка, - сказаў Сташэўскi. - Давай нам начальства.

Палiна саступiла месца смугламу гарбаносаму чалавеку з блiзка пасаджанымi зырка-жоўтымi вачыма. Сташэўскi i Малчанаў з пашанай схiлiлi галовы, Грэхаў з пэўным спазненнем зрабiў тое ж.

Гэта быў Банглiн, старшыня Камiтэта Камунiкацый.

- Карабель усё яшчэ маўчыць? - спытаўся ён, хутка абмацаўшы iх сваiмi пранiзлiвымi вачыма.

- Маўчыць, - адказаў Сташэўскi, - прайсцi да яго не можам.

- Ведаю. Як паводзяць сябе "павуцiны"?

- Суправаджаюць кожны наш крок. Але ахоўнае поле дапамагае, хоць i не поўнасцю. "Цiкаўнiкi" больш небяспечныя.

- А "шэрыя прывiды"?

- "Прывiды" кантакту з намi не мелi, хоць я ў гэтым не ўпэўнены.

- Як гэта? Як вас разумець?

- Пры пераходзе праз Горад мы сустрэлiся з "цiкаўнiкам", i... словам, мне здалося, што вынес нас з Горада "шэры прывiд". Дакладней, не нас, а ўвесь танк.

- Гэта надзвычай цiкава, - ажывiўся Банглiн. - А не мог аўтамат запiсаць гэтую iнфармацыю на машынны iнфармблок?

- Не ведаю, не задумваўся. Iнфармблок мы адаслалi з зондам. - Банглiн спахмурнеў.

- Сапраўды... Бяда ў тым, што зонд не вярнуўся... Грэхаў пераглянуўся з Дыега. Настала кароткая цiшыня.

- Так. - Банглiн паморшчыўся i працягваў: - Ваш побыт на паверхнi лiчу немэтазгодным. Эксперымент з "вырэзваннем" карабля адкладваецца, мы атрымалi новую iнфармацыю ад суседзяў... На планеце не павiнна быць людзей. Рыхтуйцеся, праз дзесяць хвiлiн мы ўключым тунель i апусцiм па промнi iглакол. Усё зразумела?

- Як быццам усё...

Банглiн уважлiва паглядзеў на Сташэўскага i сцiснуў губы ў адну лiнiю.

- Добра. Чакаем вас тут.

Вiдэом апусцеў.

- Давай, - скамандаваў Сташэўскi, але Грэхаў ужо i без яго даў ход, i танк загрукацеў па каменных хвалях.

Слуп накiраванага выпраменьвання з'явiўся дакладна праз дзесяць хвiлiн, заўважны, як дрыжачы паток гарачага паветра, якi скрыўляе свячэнне Горада. Слуп не стаяў на месцы, хiстаўся, танцаваў. Цi то яго збiвала агульнае поле планеты, цi то было цяжка падтрымлiваць факусiроўку промня на такой адлегласцi... Гравiпад'ёмнiк на Тартары выкарыстоўвалi ўпершыню, i Грэхаў з трывогай падумаў, што нiхто не ведае, якой рэакцыi чакаць пры гэтым ад невядомых насельнiкаў Тартара.

Першы на аддалены нiзкi гул, што загучаў услед за з'яўленнем сiлавога тунеля, звярнуў увагу Малчанаў. Ён дакрануўся да пляча Сташэўскага, той з перасцярогай узняў руку, i ў гэты момант адбылося незразумелае: слой глебы, у якую ўпiраўся сiлавы промень пад'ёмнiка, раптам лопнуў з аглушальным грукатам, краi разлому задралiся ўгору, i з-пад глебы ўдарыла чорная бруя. Грэхаў, спахапiўшыся, памiргаў пражэктарам, але было позна. У вышынi загарэлася жоўтая зорка - лазерны пражэктар iглакола, са Станцыi пачалi ўжо спуск выратавальнага шлюпа.

Новая хваля грукату: яшчэ адна бруя шуганула ўгору i дасягнула карабля. У тым месцы нешта асляпляльна ўспыхнула, i iглакол стаў валiцца на Горад, пакiдаючы за сабой трасу гаснучых жоўтых агеньчыкаў. Праз некалькi хвiлiн пачуўся доўгi раскацiсты рык. - Чорнае вывяржэнне! - прашаптаў Дыега. Яны ўжо iмчалiся на поўнай хуткасцi, i за кармой узнялася паласа пылу. А з дзiўнага разлому раптам з лямантам плюнула яшчэ адна чорная бруя, шугаючы на незвычайную вышыню. На Станцыi здагадалiся выключыць канал пад'ёмнiка, i чорны слуп, якi толькi што рос, абарваўся i стаў падаць з неба велiзарнымi чорнымi пырскамi, адна з якiх, памерам з гару, цудам мiнула танк. "Павуцiн" з'явiлася незвычайна багата, яны мiтусiлiся ў паветры, не заўважаючы танка, але Грэхаву назiраць за тым, што адбывалася, не было калi, i ён не ўбачыў, чым скончылася жудасная сваёй магутнасцю i незразумеласцю з'ява.

Танк з ходу паглыбiўся ў першую з "вулiц" Горада, што iшла чорнай лававай ракой у глыбiню прывiднага, насычанага блакiтнаватым туманам свячэння масiву. Тут таксама раiлiся "павуцiны", большасць iх заляцела да месца падзення iглакола, астатнiя выстройвалiся ў адну вялiзную сетку, якая накрывала Горад згары. Чамусьцi позiрк Горада было лягчэй трываць, а можа, людзi адцягвалiся ад аналiзу сваiх адчуванняў. Ва ўсялякiм выпадку, мозг спраўляўся з уплывам пабочнага псiхатроннага выпраменьвання. Прыёмнiкi перасталi грымець, i ў ватнай з шэлестам цiшынi яны раптам пачулi... плач дзiцяцi! Гэта было дзiўна i пачварна! Адкуль у Горадзе магло ўзяцца дзiця?!