Выбрать главу

За паласой цягнуўся дзiўны празрыста-шкляны лес... не, не лес - сцяна льду, рассечаная частымi трэшчынамi i шырокiмi праходамi, сцяна ўзгорыстага льду, што сачыўся цяжкiм шэра-срабрыстым свячэннем. Найбольш моцнае свячэнне iшло ад падмурка сцяны, вышэй яно паступова слабела, i верх сцяны ўжо ледзь свяцiўся, быццам зацягнуты шыза-чорным попелам. Праходы ў сцяне, падобныя на цяснiны, былi не вузейшыя за вулiцы зямных гарадоў, i ўсе яны здавалiся пакрытыя вiльготнай блiскучай чарнечай, якую здалёку можна было прыняць за бяздонныя каналы з чорнай стаячай вадой.

Гулкая, насцярожаная цiшыня панавала ў Горадзе, вадаючы гратэскнаму "ледзяному" масiву няўлоўную празрыстасць эфемернага жыцця.

Грэхаў мiжволi замёр, захоплены, бадай, самай незвычайнай з усiх карцiн, бачаных iм раней на планетах iншых сонцаў... З задумлiвасцi яго вывеў Малчанаў, якi працiснуўся памiж крэслам i пультам паходнага вылiчальнiка.

- Ну што, паехалi? - пытальным тонам сказаў Сташэўскi.

Танк перасек адкрытую прастору да блакiтнаватай сцяны Горада. Зараз жа некалькi "павуцiн" нырнулi да iх з неба, быццам узнiклi з пустэчы.

Спачатку ў Грэхава з'явiлася дзiўнае i агiднае адчуванне, быццам на руках у яго па пяць мезенцаў. Потым ён адчуў погляд. У спiну цi, хутчэй, адусюль, з усiх бакоў на яго глядзеў нехта, у каго быў мiльён нябачных вачэй; нехта, валодаючы бязмернай магутнасцю; нарэшце, нехта невыказна, да жахлiвасцi чужы, чыя раўнадушнасць, грозная i выразная, затапiла ўсю прастору вакол... I яшчэ ён адчуў, што iх прысутнасць тут непатрэбна i непажадана гэтаму нябачнаму гаспадару Горада.

- Зашпiлiце рамянi, - рашуча сказаў Грэхаў. Марудзiць было нельга, i на размовы не заставалася часу.

На карме i на носе танка з рокатам высунулiся ажурныя вежкi эфектараў. На iмгненне ўвесь купал вежавага экрана зацягнула вясёлкавай плёнкай - i вось ужо пяцiсоттонная машына ледзь кранаецца гусенiцамi глебы, асноўную вагу танка прыняла на сябе, падтрымлiваючы яго, сiлавая падушка. Штурвал паслухмяна ўвайшоў у паз, "Мастыф" мякка набраў хуткасць i апынуўся ў Горадзе.

На першым павароце па незразумелай прычыне выйшаў са строю аўтамат магнiтных рытмаў, Грэхаў вылаяўся скрозь зубы, але танк ужо iмчаўся па гладкай струменiстай чарнечы "вулiцы", i рэактар працаваў на фарсажнай мяжы, i даводзiлася манiпулiраваць эфектарамi, замяняючы аўтамат, каб танк меў дастатковую абарону i ў той жа час дастатковае падтрымлiваючае поле; i жахлiва выў гамарадыёметр, што ўлавiў ачаг радыяцыi, якi невядома адкуль узяўся; i яшчэ нейкiя пабочныя гукi драбiлiся ў агульнай гукавой кашы, i ўсё гэта перабiваў лiпкi ўсеабдымны позiрк Горада, i таму часамi здавалася, што танк плыве ў страшнай бязважкай цiшынi, а наперадзе разяўляецца пякельная прорва i тады ўжо наогул даводзiлася спадзявацца на чуццё ды iнстынкты, яны адзiныя захоўвалi хуткасць чалавечых рэакцый.

Свячэнне серабрыста-празрыстых жыл i фiгур па баках дарогi злiлося ў туманную паласу, над якой вузкай звiлiстай стужкай цякла лiлаватая рака пасвятлелага купала неба...

Дваццаць кiламетраў, больш за тры чвэрцi дыяметра Горада, танк прайшоў на адной звiнячай ноце за чатырнаццаць хвiлiн, Грэхаў ужо лiчыў сябе героем, але раптам з-за чарговага павароту паказаўся адзiнокi "цiкаўнiк", якi падганяла выгнутая конусам "павуцiна", не святлiвы, чорны, падобны на лятучую труну. Паварочваць не было куды, тармазiць позна, i Грэхаў паспеў толькi да мяжы павялiчыць напружанне ахоўнага поля. Ён чакаў цяжкага ўдару i феерверку абломкаў, але нiчога такога не адбылося. Пры сутыкненнi ахоўнага поля з "цiкаўнiкам" на яго месцы раптам узнялося iскрыстае жоўтае полымя, разануўшы па вачах. Танк кiнула ўнiз i ўгору, i абвальны грукат выбуху дагнаў iх ужо на павароце. Азiрацца не было калi, Грэхаў толькi перакасiў плечы, утрымлiваючы машыну на восi дарогi, калi яе штурхнула паветраная хваля.

- Хутчэй! - унушальна сказаў ззаду Малчанаў, i потым Грэхаву здалося, што ён аглух.

"Павуцiна" над iмi ўспыхнула асляпляльным белым напалам, поле падтрымкi танка тут жа села, перакiнутае на абарону, танк на поўнай хуткасцi тыцнуўся ў чорную масу дарогi i зарыўся ў яе ледзь не па лабавую браню...

Грэхаў адчуў сябе складзеным з вострых вуглоў, што перашкаджалi адзiн аднаму. Хтосьцi лез у яго, рассоўваючы вуглы, i яны скрыпелi i вiшчалi, як металiчныя. Гэта ўразiла яго так, што ён не надта здзiвiўся, выявiўшы ў сабе здольнасць адчуваць светлавую гаму. Зялёныя агнi пульта, напрыклад, здалiся шаўкавiстыя i мяккiя, чырвоны аварыйны сiгнал быў шурпаты i пругкi, як шкура акулы, а срабрыстае свячэнне Горада здавалася рыхлае, сырое i патыхала гнiллю...

I вось Горад заварушыўся. Вялiзныя "ледзяныя" фiгуры яго "будынкаў" задрыжалi, няўлоўна павольна скажаючы былыя абрысы, i сталi як бы наблiжацца, павялiчвацца ў памерах.

Нечае гулкае сэрца аддавалася ўвушшу кананадай, i скрозь шалёны гул Грэхаў пачуў раскацiсты шэпт... Усё знiкла: гукi, адчуваннi, думкi, застаўся шэпт, громападобны раскацiсты шэпт...

* * *

Ён павольна ўсплываў з дна акiяна, усплываў, як падводная лодка, прадзiмаючы цыстэрны. Потым вылез на мулкi бераг i "вылiў ваду з вушэй". Iмгненна вярнулася здольнасць чуць, бачыць i адчуваць на дотык. Адчуваць сябе на дотык чамусьцi было балюча, асаблiва нос i левую руку. Баючыся горшага, Грэхаў скасавурыўся ўнiз, заўважыў кроў на пальцах абедзвюх рук, прыўзняў iх. Правая была цэлая, а цераз далонь левай праходзiў iрваны неглыбокi шрам. Нос пасiнеў i распух, вiдаць, у гэтай экспедыцыi ўсе ўдары ён прымаў на сябе. Тут Грэхаў убачыў штурвал з адламаным рогам i ўсё зразумеў. Як жа гэта ён ухiтрыўся?..

Сташэўскi прыводзiў да прытомнасцi Малчанава, але той проста самлеў. Дыега Вiрт ляжаў у крэсле бледны, але спакойны.

- А цяпер уявi, што ты пралятаў бы тут на хуткалёце, - прабурчаў Сташэўскi, скоса глянуўшы на Дыега. Той пацiснуў плячыма i змоўчаў.