Выбрать главу

Янка Купала. А можа, і ў адзін дзень абодвух…

Уладзіслава Францаўна (узрываецца, амаль крычыць). Абодвух?! Вы ўжо падрыхтаваліся?! Абодва?! Разам?! У адзін дзень?! Ягняткі безабаронныя…

Урываецца Ганна — сястра Купалы. З плачам і лямантам кідаецца да яго.

Ганна. Яначка, бяда! Няшчасце, родненькі! Не ўратуеш — загінем! (Галосіць, як па нябожчыку.)

На шум з’яўляецца Бянігна Іванаўна.

А матулечка мая родненькая! (Абдымае.) А сястрыцы мае міленькія! А за якія грахі на нас такая напасць-горачка навалілася! А што ж гэта людцы з людцамі робяць?!

Уладзіслава Францаўна (крычыць). Ганна, змоўкні!!!

Ганна ачомваецца. Купала туліць яе да сябе.

Янка Купала. Што здарылася, Анця? Па парадку. Спакойна.

Ганна (ціха плача). Раскулачылі… раскудлачылі… раскралі… абрабавалі… Вяроўкі, каб засіліцца, не пакінулі!

Бянігна Іванаўна. Толкам, Ганулька, толкам! Каго? Дзе? Хто раскудлачыў?

Ганна. Усіх нашых раскудлачылі! I нас, і Аўлачынскіх, і Раманоўскіх. З наганамі, са спісамі з’явіліся — кулакі, маўляў, рандатары, не месца вам сярод пралетараў… На падводы разам з іншымі і на станцыю. Пад канвоем…

Бянігна Іванаўна (хрысціцца). Божа літасцівы…

Уладзіслава Францаўна (не знаходзіць сабе месца, і ў роспачы, і ў злосці). Ай, злыдні! Ай, гіцлі! Ай, сабакі шалёныя! Гэта сёстры Купалавы — багацейкі?! Гэта швагры Купалавы — не пралетары?! Родзічаў народнага паэта кулачаць?! Я ж вам за гэта!.. Вы ж у мяне за гэта!.. Ну, я вам яшчэ дамся ў знакі! Вы мяне запомніце! Вы цёцю Уладзю не забудзеце!

Янка Купала. Ахалонь, Уладзя! Супакойся! Тут з наскоку не возьмеш!

Уладзіслава Францаўна. Не вазьму?! Гэта я — не вазьму?! І не перапыняй мяне! …Ганна, дзе яны?!

Ганна. Хто?..

Уладзіслава Францаўна. Ну, а хто яшчэ? Швагры, сёстры! I каго там яшчэ кулачылі ў Акопах?! У Ляўшове?!

Ганна. Яся і Юльяна арыштавалі яшчэ да гэтага. А Маньку і Лёлю з дзецьмі ў Барысаў павезлі. У Котлас нібыта адправяць потым. Ні адзежы, ні ежы. У чым стаялі, у тым і пахапалі.

Уладзіслава Францаўна (абураецца). I вы, недарэкі, не маглі сказаць хапунам шалудзівым, што сёстры Янкі Купалы?!

Ганна. А што ім Купала?! I хіба мы не казалі. Толькі пасмяяліся. За яго, маўляў, за самога скора возьмуцца…

Бянігна Іванаўна апускаецца на калені і ціха моліцца.

Уладзіслава Францаўна (зноў узрываецца). А каб жа вас за кішкі ўзяло! А каб жа ўзяло ды не адпусціла! Сволачы! Бандзюгі! Рабаўнікі!.. (Камандуе.) Ганна, збірайся! Якубка, шукай шафёра! Дзе машына? Янка — да Чарвякова! Да Галадзеда! Еду я! I машыну папярок рэек пастаўлю, і сама лягу!.. Ці я не жонка Купалы! (Выбягае.)

Ганна (праз слёзы). I доктара твайго, Яначка, Гораля, ухапілі…

Янка Купала. А яго за што? Ні кала ж ні двара свайго ў чалавека…

Ганна. Грамафон у яго быў. Адсюль — буржуй, сплуататар, інтэлігенцыя.

Уладзіслава Францаўна вяртаецца.

Уладзіслава Францаўна. Ганна, за мной!

Выходзяць.

Якуб Колас (у поўнай роспачы). Яначка, братачка, што ж гэта ў нас робіцца?..

Янка Купала. Мы з табою, бадай, ведаем, што робіцца…

Якуб Колас. Тады мушу пайсці пакаянне перапісваць. (Праз вялікую паўзу.) Не судзі мяне, Янка, строга… Я чуў, як яны там дапытваюць. Не давядзі божа агаварыць каго, як біць будуць ці яшчэ што…

Янка Купала. Бог табе суддзя, дружа. Бог табе суддзя… Хоць я і не спяшаўся б…

Якуб Колас ціха ідзе да парога, зачыняе за сабой дзверы.

Янка Купала (схамянуўшыся). Якуб! (Крычыць.) Вярніся, Якуб! (Бяжыць да дзвярэй).

Якуб Колас вяртаецца, Купала разлівае віно ў келіхі.

На ўсякі выпадак, дружа… На ўсякі выпадак…

Бяруць келіхі. Хочуць чокнуцца, але перадумваюць.

Якуб Колас (вінавата). Я пакуль не развітваюся, хоць і жыць пасля гэтага бязглуздага пакаяння наўрад ці здолею…

Янка Купала. Няхай нам дасць Бог сустрэчу на гэтым свеце…

Якуб Колас. Няхай… (Ставіць на столік келіх, выходзіць.)

Бянігна Іванаўна моліцца.

Янка Купала (сціскае галаву рукамі). Цікавыя людзі мы — беларусы!.. Якое бы ліха навокал нас і з намі ні рабілася, якіх бы мы ні перажывалі нягод і крыўд — мы гэтага як бы не бачым, а калі і бачым, то ліха церпім ды чакаем, што вось нехта прыйдзе і гэта нашае ліха пабярэ з сабою. I праўда, вечна хто-небудзь і як-небудзь, а прыходзіў і намі апекаваўся, хоць нашага ліха і не забіраў.