* * *
У 1963 годзе радзівонішкаўскія таварышы, як расказваў мне пасля адзін з іх, разгубіліся трохі былі, што кандыдатам у дэпутаты ім прапанавалі мяне, беспартыйнага. Пасля вырашылі, што гэта спецыяльна сёй-той, па рашэнні зверху, лічыцца беспартыйным, паколькі трэба ж нам блок. На гэтым і супакоіліся.
А яно ж застаецца загадкай, да якое даследчыкі не дакранаюцца,— чаму былі беспартыйнымі Горкі, Маякоўскі, Ціханаў, цяпер — Ляонаў?..
Калісьці Мележ зрабіў агаворку — не памятаю ўжо, пра каго гаворачы, выказаў недаўменне на грані падазрэння: а чаму ён беспартыйны? На гэта я,— відаць, як яму здалося, рэзка,— сказаў: ці не зашмат набярэцца іх, падазроных,— мільёнаў на дзвесце?..
А тут жа такія ўсенародныя, на вачах усёй краіны, шчырыя патрыёты, класікі і — чаму?..
* * *
Гвозди б делать из этих людей:
Крепче б не было в мире гвоздей.
Ніколі не падабалася гэта. А сёння, калі сказаў Д. на праходцы, што чытаю Ціханава, «у прыкуску» — то паэзію, то прозу, ён адразу ўспомніў гэтыя радкі, працытаваў іх і ўздыхнуў:
— Чаго толькі з людзей не рабілі — і вінцікі, і гвоздзі!..
* * *
У нас няцяжка быць сціплым. Як мне тут, у беларускім санаторыі, дзе «інтэрнацыяналізм» даведзены ўжо да такога ўзроўню, што нікому зусім нецікава і невядома, што ты там нейкі пісьменнік. Ці было б так у іншай краіне, у іншай рэспубліцы? У гэтым справа, а не ў тым, што гэта я — пісьменнік. Хіба што абрэша хто-небудзь, як той намеснік нейкага міністра пасля Друскенікаў: «Маленький, плюгавый и вечно пьяный»... Слова роднага не пачуеш. Дый сам карыстаешся ім толькі ў гутарцы з жонкай ды знаёмымі журналістамі.
* * *
Шкада, што Танк і Куляшоў не здзейснілі свайго колішняга намеру — удвух перакласці «Пана Тадэвуша». Там яны добра дапаўнялі б адзін аднаго,— да Максімавай блізкасці да арыгінала і «jędrności» [53] ягонай мовы вельмі прыдавалася б Аркадзева паэтычная культура.
* * *
Першая экспазіцыя музея Вялікай Айчыннай вайны ўжо на пачатку 1946 года патрабавала крытыкі. З «Вожыка» мы пайшлі туды з мастаком Анатолем Волкавым. Я вырашыў нашу крытыку падаць у нібы запісах у кнізе водгукаў і пажаданняў. Была там вялікая карціна, крыкліва яркі жывапіс: немец з акрываўленым кінжалам стаіць над згвалтаванай ім і зарэзанай красуняй. І ўсё ў гэтай, па задуме, трагедыі сыходзілася на гэтай раскошна, дэманстратыўна голай жанчыне. А поблізу стаяла ступа-урна з недагаркамі трасцянецкіх чалавечых касцей. Гэта здалося мне прафанацыяй. «Запіс» быў зроблены ад імя афіцэра-франтавіка, у якога на акупаванай тэрыторыі загінула сям'я. Ён абураўся гэтай карцінай і пытаўся: хто мог дазволіць, каб яна тут вісела?..
Крапіва быў запрошаны ў Галоўліт і вярнуўся адтуль з загадам запіс той зняць... Шукаў я і не знайшоў таго нумара «Вожыка», і не памятаю ўжо, ці запіс той быў поўнасцю зняты, ці папраўлены. Галоўная бяда, найбольшы страх быў у пытанні: «хто мог дазволіць?» Бо не дазволіў яе, а вельмі ж упадабаў не хто-небудзь іншы, а сам... Цанава!.. Во загрымеў бы Іван!.. Вось ад чаго я быў выратаваны ім, Крапівою.
Напісаў Кандрату Кандратавічу віншаванне з Новым годам, бо ўжо часамі і сам адчуваю набліжэнне старэчай самотнасці, прадчуваю значэнне добрага чалавечага слова іменна тады.
* * *
Семдзесят год. Сам пра сябе: «Поэт, написавший тридцать книг стихов, не может написать плохую прозу!..» А яе ў выдавецтве бракуюць. Прычым — з поўным правам. Ён жа, апраўдваючы свае «ваенныя» апавяданні: «Чтобы знать вкус куриного супа, не обязательно самому в том супе вариться». І не варыўся.
* * *
У лістападзе 1957-га, калі мы позна ноччу ішлі ад Бранеўскага да Кручкоўскага, Леан спыніўся на лесвіцы, каля дзвярэй Сланімскага, і, незвычайна для яго саліднасці, сказаў мне прыцішана:
— Ту мешка Антось, курва го маць. А перад гэтым, удзень, прымаючы нашу дэлегацыю,— Навічэнку, Кірсанава і мяне,— у саюзе літаратараў, той Антось гнуўся крукам і, прамаўляючы з прывітальным словам, гаварыў, што «ў Польшчы не знойдзеш чалавека, якому не падабаўся б сацыялізм...».
* * *
«Глядзіце на траву» — задума ад здарэння ў акупацыю. Пляменніцы Лідзе было шэсць гадоў. Нездаровілася, сядзела ды пазірала ў акно. На гурбе снегу ў агародзе сядзеў і трохі пагаўкваў наш малады сабака. Паліцай спыніўся і застрэліў яго. І Лідачка заплакала. Ціха, асцярожна. Час такі.
Паштальёнка прынесла спачувальную тэлеграму і ўшанавала нябожчыка, ціха пастаяўшы каля вушака адчыненых з калідора дзвярэй.